Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Псіхо3%». Кіроўцу аштрафавалі за налепкі на аўтамабілі і за непадпарадкаваньне


Першамайскі суд Менску пакараў штрафам кіроўцу Андрэя Ляўшыцкага за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі на 10 базавых, і на 2 базавых — за налепкі на аўтамабілі: герб «Пагоня» і «Псіхо3%». Яго машыну паставілі на штрафстаянку. Кіроўцу суткі пратрымалі ў пастарунку.

Андрэй Ляўшыцкі
Андрэй Ляўшыцкі

«З маёй дзяўчынай і яе дзіцем мы выяжджалі ўчора з парку Чалюскінцаў прыкладна а 17-й гадзіне і накіроўваліся ў бок МКАД. У раёне Нацыянальнай бібліятэкі прыстроіўся экіпаж ДАІ, уключыў мігалкі і папрасіў прыціснуцца да абочыны. Мы спыніліся.

Пасьля праверкі дакумэнтаў выпісалі пратакол за дзіцячае сядзеньне, віну прызнаю, бо сядзеньня не было. Далей папрасілі падняць капот, каб праверыць нумар. У гэты момант мае пасажыры пайшлі ў прыбіральню без гаманца і ключоў ад хаты.

Супрацоўнік сказаў, што ён падазрае, што адзін нумар несапраўдны і трэба праехаць у пастарунак. Ён спытаў: будзем ехаць на эвакуатары ці паеду сам? Я сказаў, што паеду сам, але пачакаем дзяўчыну зь дзіцем.

Супрацоўнік спачатку пагадзіўся. Праз 10 хвілін (мы стаялі каля „Дана Мола“) ён пачаў агрэсіўна казаць, што я павінен сесьці ў аўто і паехаць зь імі, што чакаць яны нікога ня будуць. Я сеў у машыну, да мяне сеў супрацоўнік, падбегла дзяўчына зь дзіцем, і мы праехалі ў аддзяленьне.

Мне сказалі напісаць тлумачальную і паабяцалі вызваліць, неаднаразова прапаноўвалі адвезьці на службовай машыне маіх спадарожнікаў дахаты. Я сказаў, што яны мяне пачакаюць», — сказаў Андрэй.

У выніку аўтамабіль Андрэя завезьлі на штрафстаянку на задні двор, апячаталі. Ніякіх дакумэнтаў пра тое, што забралі машыну, не далі.

«Потым мяне запрасілі ў пастарунак і там сказалі прыбраць тэлефон і рэчы, і што я затрыманы. Адвакату патэлефанаваць мне не дазволілі. У выніку напісалі ў пратаколе, які мне паказалі толькі на наступны дзень, што я нібыта адмовіўся на сваёй машыне праехаць за імі».

Андрэя пакінулі ў пастарунку, а раніцай прыехаў іншы экіпаж ДАІ з паведамленьнем, што ён павінен выдаліць налепкі цягам 15 дзён — маўляў, ніякіх налепак на машыне быць не павінна.

«Прапанавалі мне адразу налепкі прыбраць. Я сказаў, што не магу гэта зрабіць, бо машыну ў мяне забралі, і яны паехалі».

Андрэй сказаў карэспандэнту Свабоды, што налепкамі на аўтамабілі хацеў «падтрымаць іншых».

Сёньня ўвечары справу Андрэя разгледзеў Першамайскі суд, яго аштрафавалі і прыкладна а 18-й гадзіне адпусьцілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG