Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія масы паўсталі ў Беларусі? Аналіз


Ланцуг Салідарнасьці ў Віцебску, 19 чэрвеня 2020
Ланцуг Салідарнасьці ў Віцебску, 19 чэрвеня 2020

Ці праўда, што цяперашні беларускі пратэст — гэта паўстаньне «крэатыўнай клясы»? Ці паразумеюцца прыхільнікі Бабарыкі і Ціханоўскага? Ці пераможа эстэтыка гораду эстэтыку вёскі?

Над гэтымі тэмамі ў «Праскім акцэнце» разважаюць блогер Сяргей Лаўрыненка, дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Пётра Рудкоўскі і аглядальнікі Свабоды Сяргей Навумчык і Юры Дракахруст.

Сьцісла

Сяргей Лаўрыненка:

  • Я нязгодны з азначэньнем паняцьця «крэатыўная кляса» як нечага адзінага. Лічыцца, што гэта — людзі, якія працуюць у пэўных сфэрах, дызайнэры, фатографы, праграмісты і гэтак далей. А ўся гэтая гісторыя цяпер у Беларусі пачалася, наадварот, зь нізоў, зь Ціханоўскага, ягоных прыхільнікаў. А гэта і рэгіёны.
  • Пратэст нашмат шырэйшы, чым сталічная багемная публіка. Магчыма, такое ўражаньне ёсьць, калі выйшла сталічная моладзь, якая адгукнулася, напрыклад, на закрыцьцё symbal.by. Але ня толькі яны пратэстуюць, сацыяльная база пратэстаў значна шырэйшая.

Юры Дракахруст:

  • Украінскія сацыёлягі паглядзелі сацыяльную дэмаграфію «Нябеснай сотні» — людзей, якія загінулі на Майдане. І гэта былі не «крэаклы». Гэта аўтамэханікі, супрацоўнікі сельгаспрадпрыемстваў, выхадцы з малых гарадоў, у асноўным з заходняй Украіны, але ня толькі. Гэта зусім ня тыя людзі, якія выходзілі на Балотную ў Маскве ў 2011 годзе.

Пётра Рудкоўскі:

  • Ціханоўскі — гэта пратэставае насельніцтва, да якога пасьля падтрымкі Севярынца і Пазьняка далучыліся і нацыянальна арыентаваныя грамадзяне, для якіх нацыянальныя каштоўнасьці, нацыянальная ідэнтычнасьць — важныя, і якія інтэрпрэтуюць эпоху Лукашэнкі як зьнішчэньне беларускасьці. Але ў сувязі са зьяўленьнем Бабарыкі і часткова таксама Цапкалы актывізаваліся таксама іншыя слаі грамадзтва. Гэта сярэдні бізнэс, гэта айцішнікі, шмат хто таксама з уладных структураў. Пэўная надзея на зьмену культуры кіраваньня, пэўнага тыпу мэнэджмэнту — яна абудзіла многіх, хто раней ня меў асаблівага жаданьня пратэставаць.
  • У Беларусі карыстальнікаў фэйсбуку — мільён. Вядома, сацыяльныя сеткі маюць сваю спэцыфіку, свой альгарытм, якія спрыяюць стварэньню «аднадумскіх» групаў. Гэта дае магчымасьць вельмі хуткай, вельмі імклівай камунікацыі, яны валодаюць пэўным мабілізацыйным патэнцыялам.

Сяргей Навумчык:

  • Калі мы кажам пра цяперашні час, дык абудзіў тыя масы, якія да гэтага «палітычна спалі», канечне, Ціханоўскі. Але з арыштам Ціханоўскага многія ягоныя прыхільнікі перайшлі да Бабарыкі, прычым ён мае ў іх, я б сказаў, абсалютны рэйтынг даверу. Сьведчаньне — за адзін дзень у ініцыятыўную групу па рэфэрэндуме запісаліся каля 10 тысяч чалавек, пры тым, што 99% зь іх ня маюць ніякага паняцьця, што ён канкрэтна прапаноўвае гэтым рэфэрэндумам. Гэта сьведчыць пра вялікі аўтарытэт у носьбітаў пратэставых настрояў. А вось што далей будзе з гэтымі настроямі — цяжка прагназаваць.
  • У Віцебску людзей абурылі словы Лукашэнкі, на мяжы абразы, на адрас першай афіцыйнай ахвяры каранавірусу — актора Віктара Дашкевіча. Падаецца, што шмат якіх прыхільнікаў Лукашэнкі адвярнула ад яго такое стаўленьне да праблемы, калі людзі паміраюць, калі шпіталі перапоўненыя, і ўсе пра гэта ведаюць — а ён жартуе і кажа «псыхоз».


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG