Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі аштрафавалі мясцовую жыхарку, якая на вуліцы размаўляла зь людзьмі пра палітыку


Сьвятлана Нарскіна ў судзе

29 чэрвеня суд Чыгуначнага раёну Гомля аштрафаваў Сьвятлану Нарскіну на 20 базавых велічыняў. Яе прызналі вінаватай у закліках да «несанкцыянаванага мерапрыемства». Сьвятлана на вуліцы размаўляла зь незнаёмымі людзьмі пра палітыку.

Што адбылося

Вэрсія Сьвятланы

14 чэрвеня яна напампавала з інтэрнэту інфармацыі пра палітычную сытуацыю ў Беларусі. Надрукавала «шпаргалкі» і «пайшла ў народ». «Мэта мая была вельмі простая — даведацца меркаваньне пра розныя праблемы ў Беларусі не ад людзей, якіх паказваюць у СМІ, ці якія выходзяць на мітынгі, зборы подпісаў, а ад простых людзей. Я чалавек камунікабэльны. Інфармацыю з інтэрнэту выкарыстоўвала як шпаргалку, каб пачаць размову зь незнаёмым чалавекам», — тлумачыла на судзе Сьвятлана Нарскіна.

Людзі, якія надвячоркам адпачывалі на пляцоўцы каля абласной бібліятэкі, рэагавалі на яе прыязна. «Ніхто не адмовіўся паразмаўляць. Адзін чалавек, здаецца, сьпяшаўся некуды, таму папрасіў у мяне тую паперчыну, якую я трымала ў руках, каб пачытаць. Калі ласка! Я яму дала паперку і сказала, што гэта ўсё ён можа прачытаць у сацыяльных сетках», — кажа жыхарка Гомля.

Вэрсія міліцыі

Міліцыя сфатаграфавала Сьвятлану, якая хадзіла на пляцоўцы каля бібліятэкі і размаўляла з людзьмі, і склала пратакол паводле часткі 1 артыкулу 23.34 КаАП — «заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве». На шпаргалцы, якую міліцыя назвала ўлёткай, было напісана: «Прыходзь на мірныя сустрэчы! Будзем будаваць нашу будучыню разам!». Прычым у паперцы не былі пазначаны ані месца, ані час — куды прыходзіць «будаваць будучыню».

У рапарце супрацоўнікі міліцыі напісалі, што Сьвятлана Нарскіна «шляхам раздачы ўлётак публічна заклікала грамадзян да правядзеньня масавых мерапрыемстваў з парушэньнем устаноўленага парадку іх арганізацыі і правядзеньня».

Як у судзе абаранялася Сьвятлана

Падтрымаць жыхарку Гомля ў суд прыйшлі каля дваццаці чалавек. Паседжаньне праводзіў судзьдзя Яўген Шаршнёў.

Сьвятлана дала тлумачэньні: чаму яна лічыць сябе невінаватай:

  • У матэрыялах справы няма аніякіх доказаў, якія менавіта і дзе масавыя мерапрыемствы Сьвятлана зьбіралася праводзіць
  • На падставе чаго зроблена выснова, што «масавыя мерапрыемствы» плянавалася правесьці менавіта з «парушэньнем парадку іх правядзеньня»
  • «Я запрашала людзей не на масавыя мерапрыемствы, а на асабістыя сустрэчы для знаёмства і абмеркаваньня шырокага кола пытаньняў» у фармаце „Клюбу знаёмстваў“»
  • «Я ўжо сустракаюся зь людзьмі па вечарах, калі мы абмяркоўваем розныя праблемы, і нас пакуль не прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці за ўдзел у гэтых сустрэчах, якія супрацоўнікі міліцыі не кваліфікавалі як „масавае мерапрыемства“, якое патрабуе ўзгадненьня з органамі выканаўчай улады».
  • Запрашэньне да гутаркі іншых асоб не зьяўляецца заклікам да масавых несанкцыянаваных мерапрыемстваў. «Чаму тады не прызнаюць мітынгам ці пікетам выезд на пікнік, прагулку ў парку — бо ва ўсіх гэтых выпадках людзі загадзя дамаўляюцца пра час, месца, і абмяркоўваюць розныя праблемы?».
  • У справе няма ані доказаў, ані сьведак правапарушэньня, апроч словаў міліцыянтаў

Сьвятлана Нарскіна прасіла не прыцягваць яе да адказнасьці, таму што ў яе дзеяньнях няма складу правапарушэньня.

Судзьдзя Яўген Шаршнёў
Судзьдзя Яўген Шаршнёў

Судзьдзя задаў абвінавачанай шэраг пытаньняў.

— Што вы рабілі на плошчы?

— Знайшла кантэнт у інтэрнэце, які блізкі маім думкам, захацела паразмаўляць з людзьмі

— Мэта вашых стасункаў зь людзьмі?

— Хацела даведацца іх меркаваньне па розных праблемах

— Якія пытаньні вы задавалі людзям?

— У мяне дзіця прызыўнога ўзросту. Мяне хвалюе, што яго забяруць у войска, і што ў нас закон дае толькі адну адтэрміноўку. Хвалюе, што ідзе дэбілізацыя моладзі. Мне цікава — што пра гэта думаюць людзі. Мяне цікавяць выбары, і засмучае, што ў людзей часам такая апатычная пазыцыя. Але я размаўляла з людзьмі на тыя тэмы, якія цікавыя ім, а не мне.

— Ці раздавалі вы нешта выпадковым мінакам?

— Я зрабіла шпаргалку для сябе, у некалькіх экзэмплярах, і калі чалавек сьпяшаўся і прасіў у мяне даць яе пачытаць — я давала. Ну як часам хворыя просяць на вуліцы дапамогу і даюць табе паперку.... Я таксама так можна сказаць — прасіла ў людзей дапамогі, ратаваць маю краіну.

— Ну пачытае чалавек... А далей якія дзеяньні?

— Нічога... У асноўным людзі скардзіліся, што мы нейкія апатычныя, што трэба нам быць больш жывейшымі, прыводзілі ў прыклад Армэнію, Грузію, Украіну... Людзям было цікава са мной размаўляць.

— Вы неяк акумулявалі адказы людзей?

— Не. Мы проста размаўлялі!

— Колькі часу вы стасаваліся з людзьмі?

— Ой, час прабег вельмі хутка.

— Ці прасілі вы афіцыйны запыт пра правядзеньне масавага мерапрыемства? (Сьмех у залі)

— А Божа мой! Я ня ведала, што дзеля прабуджэньня цікавасьці ў людзей трэба прыбягаць да нейкіх партызанскіх мэтадаў! Я люблю сваю Радзіму, і мне не ўсе роўна — якія працэсы адбываюцца ў ёй, і што рабіць неабыякавым людзям? Людзям з іншай душэўнай арганізацыяй, як мне? Нам што — няма месца на нашай зямлі? З нас што — рыхтуюць падпольшчыкаў, каб мы ўвесь час мусілі вышукваць нейкія магчымасьці, каб пагутарыць паміж сабой? У мяне ёсьць такая душэўная патрэба — паразмаўляць з людзьмі!

Судзьдзя прызнаў яе вінаватай у «закліках» і пакараў штраф. Заля крычала «Ганьба!»

ГЭТАЯ ПУБЛІКАЦЫЯ ПАДРЫХТАВАНА З ВЫКАРЫСТАНЬНЕМ ІНФАРМАЦЫІ БЕЛАПАН

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG