29 чэрвеня прайшло паседжаньне Савецкай раённай камісіі горада Гомля па выбарах прэзыдэнта.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
На ім прысутнічаў доўгатэрміновы назіральнік ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Леанід Судаленка. Камісія знайшла высокі адсотак несапраўдных подпісаў за Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу. У выніку ўсе здадзеныя подпісы — а гэта 4870 за Бабарыку і 1956 за Цапкалу прызналі несапраўднымі.
Леанід Судаленка расказаў Свабодзе, што самы вялікі працэнт несапраўдных подпісаў па выніку асноўнай і дадатковай праверкі выяўлены ў Віктара Бабарыкі — 23,28%. Спачатку тэрытарыяльная камісія правярала 15% подпісаў. Калі знаходзіла там неадпаведнасьці, на праверку бралі іншыя подпісы.
У выніку камісія прыняла рашэньне не залічваць Віктару Бабарыку ўсе здадзеныя 4870 подпісаў. У Валера Цапкалы па выніку дзьвюх праверак несапраўднымі прызналі 16,53%. За гэта камісія не залічыла ўсе 1956 подпісаў, якія здалі сябры яго ініцыятыўнай групы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Хлопца не прапусьцілі ў выбарчую камісію, ён запісаў відэазварот да Ярмошынай«Чыстымі» аказаліся ўсе 45 подпісаў, якія здалі ў камісію сябры ініцыятыўнай групы Ганны Канапацкай. Былі прызнаныя несапраўднымі некаторыя подпісы за Аляксандра Лукашэнку, Сяргея Чэрачня, але адсотак несапраўдных подпісаў за іх — каля 4-5% — дазволіў камісіі не праводзіць дадатковай праверкі, і здадзеныя подпісы за іх прызналі сапраўднымі. Толькі ў дачыненьні подпісаў за Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу праводзіліся дадатковыя праверкі", — зазначыў Леанід Судаленка.
Савецкі раён Гомля зьяўляецца адным з самых буйных, тут пражывае 180 тысяч чалавек.
На праверку ў Савецкім раёне Гомля здалі подпісы за Аляксандра Лукашэнку — 29 496, Віктара Бабарыку — 4 870 подпісаў, Валера Цапкалу — 1 956 подпісаў, Сьвятлану Ціханоўскую — 1 261 подпіс, Сяргея Чэрачня — 1 203 подпісы, Андрэя Дзьмітрыева — 879 подпісаў, Ганну Канапацкую — 45 подпісаў.
Паседжаньні для прызнаньня подпісаў адбываюцца і ў іншых тэрытарыяльных камісіях.