«Шантажаваць дзецьмі – гэта нізка і подла! — кажа Сьвятлана Ціханоўская. — Мне сказалі падумаць: можа, вам варта перастаць здаваць подпісы».
Патэнцыйная кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская 16 чэрвеня прыслала Свабодзе відэазварот, у якім заявіла аб пагрозах, якія ёй паступаюць у сувязі з удзелам у выбарах.
Абноўлена: агулам па Гомлі Ціханоўская падала каля 8 тысяч подпісаў у 5 выбарчых камісій, паведамілі Свабодзе сябры ініцыятыўнай групы.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
«Я знаходжуся ў Гомлі, я прыехала сюды, каб пачаць здаваць подпісы, сабраныя ў маю падтрымку, і на парозе адной з адміністрацый мне паступіў званок з пагрозамі на мой адрас і на адрас маіх дзяцей з умовай таго, што я не павінна працягваць гэтую паездку, — кажа яна. — Перада мною стаіць выбар: дзеці ці далейшая барацьба. Думаю, мой выбар будзе відавочны. Прашу вас з разуменьнем паставіцца да любога майго рашэньня. Хачу сказаць, што калі б Сяргей быў на волі, ён бы сказаў вам не здавацца».
Цяпер, кажа Ціханоўская, яна вагаецца, якое прыняць рашэньне, бо «дзеці даражэйшыя за ўсё». Подпісы яна пакуль не здавала.
Патэнцыйная кандыдатка кажа, што калі зразумее, што пагрозы маюць падставы, то зробіць выбар на карысьць дзяцей, а не палітычнай барацьбы. Цяпер дзеці Ціханоўскіх у Менску з маці Сьвятланы.
Абноўлена, 15.32: Ціханоўская заявіла, што будзе працягваць кампанію, нягледзячы на пагрозы. У падтрымку Ціханоўскай выказалася жонка іншага патэнцыйнага кандыдата — Валера Цапкалы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Толькі так я магу дапамагчы мужу». Ціханоўская заявіла, што будзе працягваць кампанію, нягледзячы на пагрозыГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Гаворка пра жыцьцё дзяцей і жанчын». Жонка Цапкалы падтрымала Ціханоўскую, якой пагражалі невядомыя. ВІДЭАГомель быў першым горадам, дзе Ціханоўская спрабавала здаць подпісы. Нумар, зь якога тэлефанавалі, быў з украінскім кодам.
Днём раней Ціханоўская сказала Свабодзе, што за яе вылучэньне кандыдаткай у прэзыдэнты сабралі 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Спыніцца на гэтым этапе — здрадзіць і Сяргею, і людзям, якія паверылі яму», — Сьвятлана ЦіханоўскаяУ той дзень у Берасьці затрымалі ейнага прэс-сакратара Алякандра Кабанава. Раней арыштавалі ейнага мужа і кіраўніка ініцыятыўнай групы Сяргея Ціханоўскага, а таксама шэраг чальцоў ініцыятыўнай групы, пачалі крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
Пра збор 100 тысяч подпісаў, неабходных для вылучэньня кандыдата, заяўлялі таксама штабы Аляксандра Лукашэнкі, Віктара Бабарыкі, Валера Цапкалы, Ганны Канапацкай. Штаб Натальлі Кісель заявіў, што сабраў 108 тысяч подпісаў, але кандыдатка зьнялася з выбараў пасьля скандалу з прызнаньнем парушэньняў падчас збору подпісаў.