На прыкладзе Бярозаўскага раёну Берасьцейшчыны ўдзельнікі кампаніі назіраньня «Праваабаронцы за свабодныя выбары»расказалі, як не дапускаюць апазыцыйных вылучэнцаў у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі.
20 траўня завяршылася фармаваньне тэрытарыяльных камісій на выбарах прэзыдэнта Беларусі 9 жніўня 2020 году. Камісіі супольна фармавалі райсаветы і райвыканкамы на падставе прапаноў ад партый і грамадзкіх арганізацый.
Сумесным рашэньнем прэзыдыюму Бярозаўскага раённага Савету дэпутатаў і Бярозаўскага райвыканкаму ад 20 траўня была створаная Бярозаўская раённая камісія па выбарах прэзыдэнта Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Праз каранавірус выбарчыя камісіі будуць фармаваць без назіральнікаў. ЦВК прыняла рашэньне аб скарзеЯк і ў іншых раёнах, у мэтах «прафіляктыкі распаўсюду каранавіруснай інфэкцыі» паседжаньне праводзілася без прадстаўнікоў партый, грамадзкіх аб’яднаньняў, працоўных калектываў, грамадзянаў. З трансьляцыі ў запісе самога паседжаньня (агулам каля 25 хвілінаў) было відаць, што толькі адзін удзельнік быў у масцы.
На максымальна магчымы склад з 13 сябраў камісіі тут прэтэндавалі 17 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Пытаньняў больш, чым адказаў». Як будуць назіраць за беларускімі выбарамі падчас пандэмііУ выніку незалежныя вылучэнцы ў камісію ня трапілі, хоць некаторыя зь іх шмат гадоў займаюцца выбарамі і ведаюць законы.
Так, сябра партыі БНФ Анатоль Сахаруша раней ужо меў досьвед працы ва ўчастковых камісіях, а ў 2010 годзе быў даверанай асобай кандыдата Рыгора Кастусёва. Пэнсіянэрка Тамара Шчапёткіна назірала ў камісіях рознага ўзроўню і ў нават у складзе міжнародных місій. Але іх досьвед стаў незапатрабаваным.
Такім чынам, у параўнаньні з 2015 годам склад Бярозаўскай раённай камісіі па выбарах прэзыдэнта абнавіўся на чатыры асобы. Усе яны прадстаўляюць дзяржаўныя структуры і арганізацыі.