Бабарыка заявіў, што сабраў у ініцыятыўную групу звыш 7000 чалавек, Цапкала — 555

Віктар Бабарыка (зьлева) і Валерый Цапкала

Былы кіраўнік Белгазпрамбанку Віктар Бабарыка заявіў 15 траўня, што сабраў у ініцыятыўную групу для вылучэньня сябе кандыдатам у прэзыдэнты звыш 7 тысяч чалавек і працягвае збор людзей.

Віктар Бабарыка заклікаў людзей працягваць далучацца да ініцыятыўнай групы — час яшчэ ёсьць, бо Цэнтральная выбарчая камісія прымае заявы да канца працоўнага дня 15 траўня.

У групу Бабарыкі пакуль запісалася менш чалавек, чым у дзейнага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі — у таго звыш 11 тысяч. У сьпісе ініцыятыўнай групы Валерыя Цапкалы, як сказаў Свабодзе адзін з тых, хто суправаджаў яго пры падачы заяўкі, 555 чалавек. У старшыні ЛДПБ Алега Гайдукевіча група ўжо зарэгістраваная, у яго больш за 4 тысячы сяброў.

Але і 7 тысяч Бабарыкі — вельмі шмат па беларускіх мерках. Столькі апазыцыйныя кандыдаты яшчэ не зьбіралі, і гэта нават больш, чым было ў Лукашэнкі ў 2006 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

20 гадоў на адной пасадзе, мае падзяку ад Лукашэнкі. Хто такі банкір Віктар Бабарыка, які ідзе ў прэзыдэнты

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Шукаў неўміручасьці, вячэраў з Дэ Ніра і ганіў міністраў. Нечаканыя факты пра Цапкалу, які ідзе ў прэзыдэнты

На выбарах 2015 году ў ініцыятыўную групу Тацяны Караткевіч увайшлі 1993 чалавекі, у групу Сяргея Гайдукевіча — 2484 (трох выключылі), у групу Мікалая Ўлаховіча — 1426, у групу Лукашэнкі — 10 577 чалавек.

Таксама тады былі апазыцыйныя кандыдаты, якія ня трапілі ў бюлетэнь, бо, паводле ЦВК, не сабралі 100 тысяч подпісаў: у групе Сяргея Калякіна — 1511 (аднаго выключылі), у групе Анатоля Лябедзькі было 977 чалавек, у групе Віктара Цярэшчанкі — 946.

У 2010 годзе самая вялікая ініцыятыўная група была ў Сяргея Гайдукевіча — 10 443 чалавекі (але ён сам зьняў сваю кандыдатуру), а ў Аляксандра Лукашэнкі было 8403. Уладзімер Някляеў тады сабраў у ініцыятыўную групу 3271 чалавека, Андрэй Саньнікаў — 2001, а астатнія зарэгістраваныя кандыдаты мелі ад 1299 да 1698 чалавек у ініцыятыўных групах.

У 2006 годзе Лукашэнка меў у ініцыятыўнай групе 6212 чалавек, Гайдукевіч — 3073, Аляксандар Мілінкевіч — 5135, Аляксандар Казулін — 3347.

У 2001 годзе Лукашэнка меў 3830, Гайдукевіч — 2134, Уладзімер Ганчарык — 4054, Сямён Домаш — 3697, а найбольшую групу з 6069 чальцамі меў Віктар Цярэшчанка, якога не зарэгістравалі кандыдатам.

Статыстыкі пра памер ініцыятыўных групаў у 1994 годзе ў адкрытым доступе не знайшлося, але вядома, што тады група Лукашэнкі была меншай, чым у 2001 годзе. І меншай, чым цяпер заяўляе Бабарыка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Такіх у спойлеры не бяруць». Чаму на выбары пайшлі Бабарыка і Цапкала