Цэнтравыбаркам Беларусі на пасяджэньні 8 траўня зацьвердзіў каляндарны плян прэзыдэнцкіх выбараў, паведамляе агенцтва «Інтэрфакс-Захад».
Паводле старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай,
- 15 траўня — апошні тэрмін падачы дакумэнтаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп кандыдатаў (іх павінны разгледзець у 5-дзённы тэрмін).
- 21 траўня — 19 чэрвеня ўключна — збор подпісаў у падтрымку кандыдатаў.
Да 18 траўня мясцовыя выканаўчыя органы вызначаць месцы, дзе можна будзе праводзіць збор подпісаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Хто яшчэ хоча быць прэзыдэнтам Беларусі. Сьпіс«Абавязкова ў ходзе збору подпісаў павінны выконвацца рэкамэндацыі Міністэрства аховы здароўя. Гэта ўжо правіла, якое ўвайшло ў пастанову ЦВК», — дадала Ярмошына.
Паводле яе, калі эпідэміялягічная сытуацыя ня зьменіцца і Мінздароўя не адменіць свае рэкамэндацыі, «дык калі зьбіральнікі подпісаў будуць бяз масак, пальчатак, гэта будзе падставай для вынясеньня папярэджаньня ініцыятыўнай групе і потым гэта можа стаць падставай у адмове рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты». Таксама зьбіральнікі подпісаў абавязаныя будуць выконваць рэкамэндацыі па выкананьні мераў дыстанцыяваньня, адзначыла старшыня ЦВК у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь 1».
У сувязі з пандэміяй студэнтам, паводле Ярмошынай, дадуць магчымасьць прагаласаваць па месцы іх сталага пражываньня, «там, дзе яны будуць знаходзіцца ў бацькоў». Тым, хто будзе ў час выбараў на лецішчах, дадуць магчымасьць прагаласаваць у сельсаветах, сельскіх участковых выбарчых камісіях, пры гэтым выкрасьліўшы іх са сьпісаў па пастаянным месцы жыхарства, дадала старшыня ЦВК.
Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі адбудуцца 9 жніўня.