«Да канца месяца выйдзем на зьніжэньне»,— ужо трэці за два дні афіцыйны прагноз пра COVID-19 у Беларусі

Ірына Глінская, архіўнае фота

Намесьніца галоўнага доктара Беларускага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Ірына Глінская 5 траўня ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» агучыла прагноз аб пашырэньні каранавірусу ў краіне. Гэта трэці новы прагноз беларускіх афіцыйных асобаў за два дні, сёмы з пачатку эпідэміі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Мяркуем, што недзе празь месяц, магчыма, нават да канца гэтага месяца мы ўсё ж такі выйдзем на ўстойлівае зьніжэньне захворваньня, і тады ўжо можна будзе казаць пра нейкія наступныя прагнозы», — сказала Глінская пра эпідэмію COVID-19.

Такі прагноз, растлумачыла яна, сфармаваны спэцыялістамі на падставе шматлікіх фактараў, у тым ліку сацыяльных. Прагноз, заявіла яна, быў зроблены ўжо раней і «практычна ў поўнай меры спраўджваецца».

Яна дадала, што беларусы «ў выходныя дні рэкамэндацыі Міністэрства аховы здароўя аб сацыяльным дыстанцыяваньні насельніцтва ўсё ж такі ня так дакладна выконваюць, як у працоўныя дні». Пры тым статыстыка расейскай кампаніі «Яндэкс» сьведчыць аб адваротным: на выходных людзей на вуліцах беларускіх гарадоў істотна менш, чым у будныя дні.

Акрамя таго, Глінская завочна «паправіла» ранейшае выказваньне Аляксандра Лукашэнкі: той нібыта казаў, што Беларусь на другім месцы ў тэстах на душу насельніцтва ня ў сьвеце, а сярод краінаў СНД. Арыгінальная цытата Лукашэнкі захавалася ў шэрагу дзяржаўных СМІ, у тым ліку ў «Беларусь сегодня» і «Звяздзе».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларусь сапраўды на другім месцы ў сьвеце па тэстах на COVID-19 на душу насельніцтва, як сказаў Лукашэнка?

Чатыры прагнозы, якія ўжо ня спраўдзіліся

31 сакавіка, калі ў Беларусі зафіксавалі 152 інфікаваных і прызналі толькі адну сьмерць хворага на COVID-19, Лукашэнка заявіў, што «мы цяпер на піку». З таго часу колькасьць інфікаваных вырасла ў 110 разоў.

9 красавіка міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік казаў, на пік захворваньня каранавірусам Беларусь выйдзе ў канцы красавіка ці ў пачатку траўня. Але на пачатку траўня колькасьць «актыўных выпадкаў» хваробы працягвае расьці — новыя выяўленыя выпадкі штодзень перавышаюць колькасьць выпісаных і памерлых.

14 красавіка намесьніца міністра аховы здароўя Алены Богдан на падставе лічбаў за тры дні прыйшла да высновы, што распаўсюд вірусу не паскараецца: фіксавалі 340-360 новых выпадкаў на дзень. Яна казала, што такая сытуацыя працягнецца яшчэ «каля двух-трох тыдняў». Ужо за наступны дзень выявілі 447 новых выпадкаў, цяпер за дзень фіксуюць удвая больш.

19 красавіка галоўны дзяржаўны санітарны доктар Беларусі Натальля Жукава казала, што «ёсьць перадумовы думаць, што захваральнасьць павінна зьніжацца ў наступныя тры-чатыры тыдні». Праз два тыдні пасьля той заявы колькасьць выяўленых выпадкаў на дзень вагаецца на ўзроўні 817–973 на дзень, не дэманструючы тэндэнцыі да зьніжэньня. Але карэлюе з колькасьцю зробленых тэстаў: у апошнія 10 дзён 9–13% тэстаў на COVID-19 даюць станоўчы вынік, адсотак не мяняецца істотна — чым больш робяць тэстаў, тым большая абсалютная колькасьць новых выпадкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Звольненаму пасьля інтэрвію кіраўніку віцебскага шпіталя прапанавалі новую працу

Яшчэ два новыя прагнозы

1 траўня загадчык аддзяленьня Менскай абласной лякарні, эпідэміёляг Віктар Сушчэвіч сказаў, што пік эпідэміі прыпадзе на 20-я дні траўня і далей пойдзе на спад. Праз два дні ён дапоўніў прагноз у эфіры БТ: «затым павінна наступіць зьніжэньне прыкладна да сярэдзіны чэрвеня», «канкрэтная дата, калі мы забудзем гэты жахлівы сон — 14 жніўня».​

5 траўня Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Дай Бог, каб нам прайсьці гэты пэрыяд так, як мы спрагназавалі. Мы цяпер залезьлі наверх. Трошкі ўпалі. І дай Бог, каб было так, мы спакойна празь месяц скончым гэтую эпапэю». Паводле яго, ранейшыя прагнозы спраўджваюцца «зь дзіўнай дакладнасьцю».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Караеў: На каранавірус захварэлі каля 500 міліцыянтаў