Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гонка за вакцынай ад каранавірусу: галоўныя кандыдаты


Ілюстрацыйнае фота

Навукоўцы засяродзілі ўвагу на трох падыходах да распрацоўкі вакцыны, кожны зь якіх мае свае перавагі і недахопы.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

У гонцы за вакцынай, якая мае пакласьці канец глябальнай пандэміі COVID-19, восем удзельнікаў вырваліся наперад.

Восем кандыдатных вакцынаў выпрабоўваюцца на людзях у клініках Кітаю, ЗША, Вялікай Брытаніі і Нямеччыны. Апроч іх, яшчэ сама меней 94 знаходзяцца на розных стадыях распрацоўкі.

Адміністрацыя Дональда Трампа хоча мець у наяўнасьці мільёны дозаў да канца году, але экспэрты папярэджваюць, што беспрэцэдэнтная хуткасьць, магчыма, будзе дасягнутая за кошт ігнараваньня належных захадаў бясьпекі, і няма гарантыі, што якая-небудзь з кандыдатных вакцынаў акажацца эфэктыўнай.

«Мяне турбуе, што мы не даведаемся адказаў на ключавыя пытаньні, якія тычацца бясьпекі і эфэктыўнасьці, калі плянуем атрымаць вакцыну гэтак хутка», — кажа Пол Офіт, дырэктар адукацыйнага цэнтру па вакцынах у дзіцячым шпіталі Філядэльфіі.

Восем кандыдатных вакцынаў дзеляцца на тры катэгорыі.

1. Першую катэгорыю можна назваць клясычным мэтадам: іньекцыя забітай вэрсіі вірусу для мабілізацыі імуннай сыстэмы пацыента. Тры незалежныя групы кітайскіх дасьледчыкаў тэстуюць інактываваныя вакцыны.

2. Другі мэтад выкарыстоўвае адзін вірус для барацьбы зь іншым.

Незалежна ад таго, якое захворваньне ён выклікае — COVID-19, ліхаманку Эбола ці звычайную прастуду, сам па сабе вірус — гэта толькі абалонка, якая зьмяшчае інструкцыі па стварэньні новых копіяў гэтага вірусу.

Як тыя, хто перанесьлі каранавірус, могуць уратаваць іншых
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:59 0:00

У гэтай новай стратэгіі распрацоўкі вакцынаў навукоўцы выдаляюць інструкцыі з аднаго вірусу і падмяняюць іх інструкцыямі па стварэньні толькі часткі каранавірусу.

Увядзеньне мадыфікаванага вірусу не выклікае хваробы. Вірус заражае некаторыя клеткі пацыента, але замест копій небясьпечнага вірусу гэтыя клеткі вырабляюць толькі тую самую частку каранавірусу. Імунная сыстэма пацыента рэагуе на бялок каранавірусу і можа спраўляцца зь няпрошаным госьцем пазьней.

Гэты падыход выкарыстоўваюць дзьве групы навукоўцаў з Кітаю і Вялікай Брытаніі.

3. Трэцяя стратэгія выключае пасярэдніка. Замест таго каб дастаўляць інструкцыі празь вірус, дасьледчыкі ўводзяць генэтычны код элемэнта каранавірусу наўпрост пацыенту ў выглядзе ДНК або РНК.

Дзьве групы працуюць над стварэньнем РНК-вакцынаў, яшчэ адна спрабуе распрацаваць ДНК-вакцыну.

Новыя мэтады больш хуткія і гнуткія, кажа кіраўнік аддзелу распрацоўкі вакцынаў біялягічнай абароны ў Нацыянальным інстытуце алергіі і інфэкцыйных захворваньняў (ЗША) Кімбэрлі Тэйлар.

«Яны вельмі добрыя для пандэмічных плятформаў, таму што звычайна ствараюцца па прынцыпе „ўключай і працуй“. Іх можна вельмі хутка вырабіць і хутка даставіць у клінікі», — тлумачыць яна.

У кожнай тэхналёгіі ёсьць свае плюсы і мінусы.

«Мы ня будзем класьці ўсе яйкі ў адзін кошык, — кажа намесьнік дырэктара Вакцыннага цэнтру ўнівэрсытэту Эмары Ўолтар Орэнстайн. — Розныя групы глядзяць, што будзе працаваць, а што, магчыма, ня будзе».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG