Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямеччына пачынае тэставаць вакцыны ад COVID-19 на добраахвотніках


У Нямеччыне пачынаюць тэставаць на добраахвотніках вакцыну супраць каранавірусу. Такое рашэньне прыняў Інстытут Паўля Эрліха — інстытут вакцынаў і біямэдычных лекавых прэпаратаў.

Стваральнік вакцыны — кампанія BioNTech з Майнцу. На першай стадыі дасьледаваньня ў тэставаньні возьмуць удзел прыкладна 200 добраахвотнікаў.

Пэрспэктыўныя прэпараты спачатку павінныя паказаць сваю эфэктыўнасьць у клеткавых культурах, потым на жывёлах і толькі потым дапускаюцца клінічныя дасьледаваньні на людзях. Гэтыя дасьледаваньні ў сваю чаргу складаюцца яшчэ з трох этапаў. Нямецкая вакцына рыхтуецца прайсьці першы зь іх — праверку на бясьпеку. Фактычнае дасьледаваньне эфэктыўнасьці робіцца на заключным і найбольш маштабным трэцім этапе.

Спэцыялісты першапачаткова ацэньвалі распрацоўку BioNTech як досыць пэрспэктыўную. Прэпарат ствараецца сумесна з фармацэўтычнай карпарацыяй Pfizer. У кампаній ужо ёсьць удалы сумесны вопыт распрацоўкі прышчэпкі ад грыпу.

Нямецкая вакцына належыць да катэгорыі мРНК-вакцын. Гэта тып прэпаратаў, якія фактычна складаюцца з участкаў генэтычнага коду вірусаў. Трапляючы ў арганізм, яны правакуюць вытворчасьць вірусных бялкоў сіламі саміх чалавечых клетак. Бялкі ў сваю чаргу выклікаюць імунны адказ. Такія вакцыны адносна танныя і могуць вырабляцца хутка і ў вялікіх колькасьцях, што вельмі важна ва ўмовах пандэміі. Аднак яшчэ ніводная мРНК-вакцына ў сьвеце пакуль не атрымала афіцыйнага допуску ў клінічную практыку.

Раней вясной Сусьветная арганізацыя здароўя заявіла, што ўсяго ў сьвеце распрацоўваецца каля 20 вакцын. Тады ж стала вядома, што першыя выпрабаваньні на людзях пачаліся ў ЗША і Кітаі. Расея заяўляла аб тэставаньні шасьці вакцын. Аднак, на думку спэцыялістаў, для масавага ўжываньня вакцына ад каранавірусу будзе гатовая не раней за пачатак 2021 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG