Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус перадаецца і празь сьлёзы, вірус вынюхваюць сабакі — навіны мэдыцыны


Сабак могуць выкарыстоўваць у барацьбе супраць каранавірусу; перадача небясьпечнай інфэкцыі празь сьлёзы магчымая на працягу трох тыдняў — навіны мэдыцыны.

Вялікабрытанія прыступіла да клінічных выпрабаваньняў вакцыны ад COVID-19

Навукоўцы з Інстытуту Джэнэра Оксфардскага ўнівэрсытэту прыступілі да клінічных выпрабаваньняў новай вакцыны, прызначанай для абароны ад каранавіруснай інфэкцыі COVID-19.

У дасьледаваньні ўдзельнічаюць 510 добраахвотнікаў ва ўзросьце ад 18 да 55 гадоў зь некалькіх гарадоў Вялікабрытаніі. Адной палове ўдзельнікаў увядуць вакцыну супраць COVID-19, другой — вакцыну супраць мэнінгіту. Чакаецца, што на вызначэньне эфэктыўнасьці вакцыны пойдуць месяцы, паколькі спатрэбяцца больш маштабныя дасьледаваньні, а таксама неабходнасьць кантраляваць імунную рэакцыю ўдзельнікаў.

Вакцына пад назвай ChAdOx1 nCoV-19 уяўляе сабой склад з хімічна інактываваных часьцінак віруса.

Яе распрацоўка доўжылася тры месяцы пры актыўнай падтрымкі ўраду Вялікабрытаніі. У рамках дасьледаваньня правядуць ацэнку розных доз экспэрыментальнай вакцыны на бясьпеку і яе здольнасьць індукаваць імунны адказ ва ўдзельнікаў. Гэта першы з шматлікіх этапаў у працэсе клінічных выпрабаваньняў для ацэнкі патэнцыйнай карысьці вакцыны.

Брытанскія навукоўцы запэўніваюць, што сабакі ведаюць як пахне COVID-19

Сабакі валодаюць моцным нюхам і могуць выяўляць найменшыя хімічныя і гарманальныя зьмены ў арганізьме чалавека. Навукоўцы даказалі, што адмыслова падрыхтаваныя сабакі могуць папярэдзіць хворых з цукровым дыябэтам пра пагрозу гіпаглікеміі, выявіць рак, хваробу Паркінсана і нават малярыю.

Ангельскія кінолягі запусьцілі праект, мэта якога — высьветліць, ці здольныя сабакі-дэтэктары «пранюхаць» вірус на чалавеку. Супрацоўнікі брытанскай дабрачыннай арганізацыі Medical Detection Dogs запэўніваюць, што дзякуючы інтэнсіўным трэніроўкам на працягу паўтара месяца шэсьць сабак пароды лябрадор, кокер-спаніэль і лябрадудль могуць быць навучаныя выяўляць людзей з COVID-19, у тым ліку і бессымптомных носьбітаў.

Такія сабакі маглі б забясьпечыць неінвазійны, партатыўны і хуткі тэст для выяўленьня носьбітаў новага вірусу і былі б асабліва карысныя ў месцах масавага збору людзей. Такі новы дыягнастычны інструмэнт можа адыграць жыцьцёва важную ролю ў прадухіленьні пашырэньня пандэміі ў будучыні.

Вірус SARS-COV-2 перадаецца празь сьлёзы

Сьлізістая абалонка вока можа стаць ня толькі месцам пранікненьня вірусу, але і крыніцай заражэньня. Дасьледаваньне пра гэта апублікаванае ў часопісе Annals of Internal Medicine.

Выкарыстоўваючы лябараторныя тэсты, дасьледчыкі пацьвердзілі, што РНК SARS-CoV-2 выяўлялася ў мазках з каньюктывы вока на працягу трох тыдняў. Больш за тое, у досьледных узорах вірус быў рэклікаваны і, такім чынам, мог быць жыцьцяздольным.

«Мы выявілі, што ў сьлёзнай вадкасьці ад пацыентаў, інфікаваных SARS-CoV-2, можа знаходзіцца небясьпечны вірус і, такім чынам, сьлёзы могуць быць патэнцыйнай крыніцай інфэкцыі», — пішуць аўтары. Іх высновы падкрэсьліваюць важнасьць кантрольных захадаў, такіх як недапушчэньне дотыку да носа, рота і вачэй і частае мыцьцё рук.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG