Беларусы падчас пандэміі сталі менш езьдзіць грамадзкім транспартам, хадзіць у кіно і рэстарацыі, — Google

Сэрвіс Google Maps працягвае публікаваць дэталёвы аналіз паводзінаў карыстальнікаў падчас пандэміі каранавірусу. Новая справаздача (PDF) ёсьць і пра Беларусь.

Паводле Google, па стане на 5 красавіка беларусы, калі параўноўваць са «звычайнымі паводзінамі», сталі:

  • на 30% менш хадзіць у рэстарацыі, кавярні, забаўляльныя цэнтры, музэі, кінатэатры і бібліятэкі;
  • на 4% менш хадзіць у крамы, на кірмашы і ў аптэкі;
  • на 19% больш хадзіць у паркі і сквэры;
  • на 25% менш карыстацца грамадзкім транспартам;
  • на 9% менш знаходзіцца на працоўных месцах;
  • на 3% больш знаходзіцца дома.

Тыдзень таму ў аналягічнай справаздачы не было такога прыкметнага падзеньня наведвальнасьці забаўляльных установаў (тады — толькі на 14%) і карыстаньня грамадзкім транспартам (тады — на 7%), затое быў істотны рост (на 41%) наведваньня паркаў і нават невялікі рост паходаў на працу (на 3%).

Зьвесткі тычацца ня кожнага чалавека ў сьвеце — толькі тых, хто карыстаецца сэрвісамі Google на смартфонах і не адключае гісторыі лякацыі.

Зьвесткі ананімныя. Іх публікуюць, каб дапамагчы ўладам ацаніць эфэктыўнасьць карантынаў і «сацыяльнага дыстанцыяваньня» (да заклікаў «заставацца дома» далучалася і Мінздароўя Беларусі, хоць карантыну ў краіне не абвяшчалі).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Каранік растлумачыў, чаму ў Беларусі не прынялі стратэгію стрымліваньня каранавірусу