Ад 600 да 5000 рублёў паабяцалі беларускім мэдыкам, якія захварэюць на COVID-19

«Фонд дапамогі створаны пры Беларускім прафсаюзе работнікаў аховы здароўя і ўсе галіновыя прафсаюзы салідарна пералічваюць у яго грашовыя сродкі».

Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі стварыла фонд дапамогі мэдыкам і паабяцала пералічваць грошы працаўнікам мэдычнай галіны, якія заразіліся новым каранавірусам.

«Фонд дапамогі створаны пры Беларускім прафсаюзе работнікаў аховы здароўя і ўсе галіновыя прафсаюзы салідарна пералічваюць у яго грашовыя сродкі. Прэзыдэнт Беларусі падтрымаў гэтую ініцыятыву», — паведамляе ФПБ.

Матэрыяльную дапамогу супрацоўнікам мэдычнай галіны абяцаюць даваць па прадстаўленьні ліста непрацаздольнасьці (бальнічнага). Выплочваць абяцаюць ад 600 да 5000 рублёў «у залежнасьці ад цяжкасьці захворваньня».

Акрамя таго, як піша ФПБ, ва ўсіх прафсаюзных арганізацыях краіны створаныя «касы ўзаемадапамогі», у якія структуры прафсаюзаў пераводзяць грошы з «няпершаступеневых выдаткаў», ад якіх адмовіліся. З гэтых касаў абяцаюць даваць дапамогу тым, хто аказаўся ў «цяжкім матэрыяльным становішчы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларуская мэдыцына ў лічбах. Адной карцінкай