Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў 19 сакавіка зьвярнуўся з прамовай да народу з нагоды сьвята Наўруз і ў сувязі з каранавірусом і ня выключыў, што ў краіне бліжэйшым часам можа быць абвешчана надзвычайнае становішча.
На дадзены момант у Азэрбайджане выяўлена 44 хворых на каранавірус, адзін зь іх памёр. Аднак рэжым надзвычайнага становішча пакуль не абвешчаны, як і няма ў краіне абмежаваньняў на перамяшчэньне: зачыненая толькі мяжа з Іранам.
Аліеў, тым ня менш, дапусьціў, што гэта можа быць зроблена, у тым ліку з палітычных матываў.
«Каб не дапусьціць распаўсюджваньня дадзенага захворваньня, нароўні з усімі дзяржаўнымі захадамі, у першую чаргу і грамадзяне павінны быць адказнымі. Загадзя хачу папярэдзіць усіх: будуць прыняты жорсткія захады, паколькі гэта — нацыянальны пытаньне, здароўе нашага народу, бясьпека нашай дзяржавы», — падкрэсьліў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Гэта псыхоз». Лукашэнка патлумачыў, чаму Беларусь ня ўводзіць карантыну«На жаль, паступаюць факты, зьвязаныя з безадказнасьцю. Мы бачым і адкрытую правакацыю. Адкуль зыходзіць гэтая правакацыя — ад той самай пятай калёны, ворагаў, якія знаходзяцца сярод нас, элемэнтаў, якія называюць сябе апазыцыяй, здраднікаў, якія атрымліваюць грошы з-за мяжы, — заявіў Аліеў. — Іх галоўная мэта — зьнішчыць Азэрбайджан. Чым горш Азэрбайджану, тым лепш ім. Паглядзіце на іх выступы ў сацыяльных сетках, яны поўныя нянавісьці, правакацый. Яны нібы хочуць, каб адбыліся беспарадкі... Хочуць, каб была паніка!»
Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
«Яшчэ невядома, да чаго прывядзе гэтае захворваньне. Таму ў пэрыяд гэтай хваробы будуць дзейнічаць цалкам новыя правілы адносінаў. Хай кожны ведае гэта, і ня выключана, што калі-небудзь можа быць абвешчана і надзвычайнае становішча. У такім выпадку ізаляцыя прадстаўнікоў гэтай пятай калёны стане ўжо гістарычнай неабходнасьцю, — папярэдзіў Аліеў. — Мы ня можам дазволіць, каб антыазэрбайджанскія сілы, пятая калёна, нацыянальныя здраднікі, скарыстаўшыся гэтай сытуацыяй, зьдзейсьнілі якую-небудзь правакацыю».
- Ільхам Аліеў стаў прэзыдэнтам Азэрбайджану ў 2003 годзе, незадоўга да афіцыйнай сьмерці свайго бацькі Гейдара Аліева. Пасьля гэтага ён на працягу 17 гадоў пасьлядоўна ўмацоўваў сваю ўладу ў краіне і ўжо да 2015 году, на думку Freedom House, усталяваў у Азэрбайджане аўтарытарны рэжым. Апошнія датэрміновыя выбары ў парлямэнт яго партыя ў лютым выйграла зь вялікім адрывам. Аднак АБСЭ заявіла пра шматлікія парушэньні падчас галасаваньня, а апазыцыя — пра тое, што ўлады сфальсыфікавалі вынікі і не далі незалежным назіральнікам на ўчастках працаваць.
-