Былога дырэктара прадпрыемства «Мілкавіта» асудзілі за хабар на 5 гадоў калёніі

Сяргей Мельнікаў (зьлева) і Сяргей Бабарыка

13 студзеня суд Чыгуначнага раёну Гомля вынес рашэньне ў крымінальнай справе былога генэральнага дырэктара ААТ «Мілкавіта». За хабар у 7500 даляраў Сяргея Бабарыку пакаралі пазбаўленьнем волі на 5 гадоў.

Былы кіраўнік прадпрыемства малочнай вытворчасьці ад пачатку сьледзтва і на працягу суду цалкам прызнаваў сваю віну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 7500 даляраў хабару. Што былы кіраўнік малочнай кампаніі «Мілкавіта» сказаў у апошнім слове на судзе

«Прашу прызначыць для мяне пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі. Гэта пляма на маёй біяграфіі, якую я буду змываць усё жыцьцё», — казаў у апошнім слове былы кіраўнік.

Прадстаўніка камэрцыйнай структуры Сяргея Мельнікава, які даваў хабар, асудзілі на тры з паловай гады калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Сяргей Бабарыка (справа) і Сяргей Мельнікаў

Сяргея Бабарыку канваір выводзіць з суду

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Больш такое не паўторыцца». За хабар у 7500 даляраў судзяць былога гендырэктара «Мілкавіты»

Хабар былы кіраўнік «Мілкавіты» браў ад прадстаўнікоў камэрцыйных структур — СТАА «КормЖывСэрвіс» і «СтандартАгра». Яны пастаўлялі сельскім гаспадаркам вэтэрынарныя прэпараты. Гаспадаркі праз сваю беднасьць не маглі своечасова заплаціць. Тады прадпрымальнікі зьвярталіся па «дапамогу» да кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў. Сяргей Бабарыка пагадзіўся дапамагчы прадпрымальнікам, за што і атрымаў хабар.

Камэрсанты зь фірмаў «КормЖывСэрвіс» і «СтандартАгра» не ўпершыню зьяўляюцца фігурантамі карупцыйных крымінальных спраў. За «плённае супрацоўніцтва» зь імі ўжо трапіў за краты дырэктар агракамбінату «Паўднёвы». Ён атрымаў 1200 даляраў ад камэрсантаў «за спрыяньне ў закупцы вэтэрынарных прэпаратаў, а таксама своечасовы разьлік». Былога кіраўніка сельскагаспадарчага прадпрыемства пазбавілі волі на 4 гады.

Публікацыя падрыхтавана пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белтэлерадыёкампанія, Акадэмія навук, Вярхоўны суд. Куды пастаўлялі тэхніку кампаніі, якія фігуруюць у справе былога ахоўніка Лукашэнкі