Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 25 гадоў зьняволеньня. У Гомлі асудзілі забойцаў людзей і сабак


Юравічы, Калінкавіцкі раён

Гомельскі абласны суд вынес рашэньне ў крымінальнай справе трох жыхароў вёскі Юравічы Калінкавіцкага раёну.

За злоснае хуліганства, згвалтаваньне, зьбіцьцё суседзяў, незаконныя дзеяньні са зброяй, забойства яны атрымалі ад 13 з паловай да 25 гадоў зьняволеньня, паведамляе Вярхоўны суд.

Слуханьні праходзілі ў закрытым рэжыме. Гэта зьвязана са згвалтаваньнем.

Каго асудзілі і за што?

Рыгор — наймаладзейшы зь фігурантаў. На момант злачынства яму было 17 гадоў. Раней яго судзілі за страляньне па сабаках у Юравічах. Ён стрыечны брат 25-гадовага Паўла (узрост на момант злачынства. — Рэд.), яшчэ аднаго фігуранта крымінальнай справы. Па сутнасьці, гэтая кампанія — Павел, 20-гадовы Віталь і 17-гадовы Рыгор — тэрарызавала ўсю вёску.

Рыгора судзілі за:

  • замах на забойства дзьвюх і больш асобаў, учынены з асаблівай жорсткасьцю, у складзе групы;
  • забойства, учыненае з асаблівай жорсткасьцю, у складзе групы;
  • асабліва злоснае хуліганства;

Ён атрымаў 13 з паловай гадоў пазбаўленьня волі.

20-гадовы Віталь раней быў сем разоў судзімы за крадзяжы, шматкроць прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці. Гэтым разам яго судзілі за:

  • замах на забойства дзьвюх і больш асобаў, учыненае з асаблівай жорсткасьцю, у складзе групы;
  • забойства, учыненае з асаблівай жорсткасьцю, у складзе групы;
  • уцягваньне непаўналетняга ў злачынствы;
  • асабліва злоснае хуліганства.

Ён атрымаў 23 з паловай гады пазбаўленьня волі.

25-галовы Павел прыцягваўся пяць разоў да крымінальнай адказнасьці за хуліганства. Цяпер яго асудзілі за:

  • замах на забойства дзьвюх і больш асобаў, учыненае з асаблівай жорсткасьцю, у складзе групы;
  • забойства з асаблівай жорсткасьцю у складзе групы;
  • уцягваньне непаўналетняга ў злачынствы;
  • асабліва злоснае хуліганства;
  • згвалтаваньне;
  • гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару;
  • незаконныя дзеяньні са зброяй і выбуховымі рэчывамі.

Ён атрымаў 25 гадоў пазбаўленьня волі.

Што адбылося?

У лістападзе 2018 году група вяскоўцаў, напіўшыся, напалі на мужа з жонкай і пабілі іх. Пацярпелых спрабаваў абараніць сусед — яго абвінавачаныя моцна зьбілі. 45-гадовы мужчына памёр у шпіталі. На сьледзтве высьветлілі, што абвінавачаныя раней моцна зьбілі іншага вяскоўца і кінулі яго ў падмосьце для застрашваньня. 25-гадовы Павел згвалтаваў аднавяскоўку. Кампанія незаконна валодала зброяй і выбуховымі рэчывамі, хадзіла па вёсцы і страляла сабак. Прынамсі, за гэта раней быў пакараны 17-гадовы Павел.

Перапалоханыя жыхары Юравічаў баяліся падаваць на злачынцаў скаргі ў міліцыю.

Публікацыя падрыхтавана пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG