Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Родзічы асуджаных за эканамічныя злачынствы паскардзіліся ў прэзыдэнцкую адміністрацыю


© Shutterstock

Грамадзянская ініцыятыва «Справядлівы прысуд» зьвярнулася ў прэзыдэнцкую адміністрацыю з патрабаваньнямі адносна выракаў, якія яны лічаць несправядлівымі, паведамляе Tut.by.

Паводле прадстаўнікоў ініцыятывы, пад зваротам на імя кіраўніка адміністрацыі Ігара Сяргеенкі падпісаліся 2357 чалавек.

У калектыўным лісьце на імя чыноўніка падпісанты патрабуюць:

  • аднавіць канстытуцыйныя правы грамадзянаў краіны, асуджаных «несправядлівымі прысудамі»;
  • прыняць прадстаўнікоў ініцыятывы асабіста;
  • разгледзець пытаньне аб стварэньні на аснове камісіі памілаваньня асобнага напрамку для разгляду спраў, дзе да прысудаў ёсьць пытаньні.

Сваякі асуджаных спасылаюцца на леташнюю нараду Аляксандра Лукашэнкі зь сілавікамі, дзе той казаў аб прэзумпцыі невінаватасьці.

У прыватнасьці, указваецца на шматлікія парушэньні ў крымінальных справах: падробленыя дакумэнты, абгаворы, ціск, няправільная кваліфікацыя, адсутнасьць доказнай базы і г. д. Ад усяго гэтага ў месцах пазбаўленьня волі на доўгія гады апынуліся людзі, якія ня маюць таго складу злачынства, за які іх асудзілі.

Таксама адзначаецца, што ў судзейскім корпусе сфармавалася ўстойлівае перакананьне: справа, якая трапіла ў суд, ужо даказаная на 100%. Падпісанты перакананы, што судовая сыстэма адступіла ад ключавых прынцыпаў правасудзьдзя ў выгляде прэзумпцыі невінаватасці і, як правіла, прысуд — гэта абвінаваўчае заключэньне пракурора зь некаторымі папраўкамі, а часам нават бязь іх.

Пацьверджаньнем гэтаму — нікчэмна малая доля апраўдальных выракаў, якая складае менш за 1,5% ад усіх прысудаў, гаворыцца ў лісьце Грамадзянскай ініцыятывы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG