Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белтэлерадыёкампанія, Акадэмія навук, Вярхоўны суд. Куды пастаўлялі тэхніку кампаніі, якія фігуруюць у справе былога ахоўніка Лукашэнкі


Андрэй Уцюрын

Справу, у межах якой быў арыштаваны былы ахоўнік Лукашэнкі і сакратар Савета Бясьпекі Андрэй Уцюрын, рыхтуюць для перадачы ў суд. Свабода паспрабавала ўведаць дэталі.

2 сьнежня КДБ паведаміў пра завяршэньне расьсьледаваньня шматлікіх фактаў атрыманьня і даваньня хабару пры пастаўках у Беларусь кампутараў, тэлекамунікацыйнай тэхнікі і праграмнага абсталяваньня.

Асноўны і самы вядомы фігурант справы — Андрэй Уцюрын, былы кіраўнік службы бясьпекі прэзыдэнта, які на момант арышту займаў пасаду намесьніка дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Беларусі. У службе бясьпекі Лукашэнкі Ўцюрын адпрацаваў 20 гадоў, кіраваў гэтаю структураю з 2007 па 2014 гады. Пра яго арышт стала вядома 29 красавіка 2019 году, афіцыйная інфармацыя зьявілася празь некалькі дзён.

Доўгі час спэцслужбы не паведамлялі ніякіх падрабязнасьцяў справы, імёны іншых яе фігурантаў, а таксама назвы кампаніяў, замяшаных у злачынных схемах, якія сталі вядомымі толькі напачатку сьнежня. Як стала вядома Свабодзе, некаторыя зь іх надалей дзейнічаюць. А пастаўкі кампутарнай тэхнікі і электронікі, арганізаваныя з дапамогай злачынных схемаў, могуць закранаць нават Вярхоўны суд.

Акадэмія навук, Мытны камітэт

З паведамленьня КДБ, апублікаванага 2 сьнежня, вынікае, што акрамя Андрэя Ўцюрына былі арыштаваныя яшчэ 15 чалавек. 8 зь іх — за даваньне хабару, столькі ж (разам з самім Уцюрыным) — за яго атрыманьне. Сумы хабару фігуруюць розныя. Ад 9 тысяч даляраў, як у выпадку дырэктара ТАА «ТТ-Сувязьком» Уладзімера Томчанкі, да амаль мільёна. Столькі, паводле КДБ, выдаў на хабар кіраўнік таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Мабільны сэрвіс» Уладзімер Жылін.

Кампанія ТАА «Мабільны сэрвіс» зарэгістраваная ў Менску 21 жніўня 2001 году. Паводле базы зьвестак kartoteka.by, яе заснавальнікамі сталі грамадзяне Беларусі Ліяна Шакун (доля 70%) і Аляксандар Кібішаў (30%). Спадарыня Шакун таксама доўгі час заставалася кіраўніцаю кампаніі — ад моманту заснаваньня да 6 кастрычніка 2015 году, калі яе на пасадзе замяніў Юры Ляўданскі. Імя Ўладзімера Жыліна ў агульнадаступных дакумэнтах, датычных ТАА «Мабільны сэрвіс», няма, у афіцыйным паведамленьні КДБ ён названы «фактычным кіраўніком» кампаніі.

Згодна з той жа базай kartoteka.by, асноўны від дзейнасьці кампаніі «Мабільны сэрвіс» — гуртовы гандаль электронным і камунікацыйным абсталяваньнем і яго часткамі. Сярод кліентаў выключна дзяржаўныя ўстановы. Акадэмія навук, Мытны камітэт, Вярхоўны суд, БДУІР, Белтэлерадыёкампанія, Міністэрства эканомікі, Вярхоўны суд і іншыя. Сумы ў дамовах розныя. Ад 44 рублёў за аўтарскі нагляд у Менскім гарадзкім судзе да 10 мільёнаў на пастаўку абсталяваньня і праграмнага забесьпячэньня для менскага мэтрапалітэну. У верасьні 2018 году ТАА «Мабільны сэрвіс», напрыклад, падпісала дамову з тым жа Менскім гарадзкім судом на стварэньне сыстэмы відэа- і аудыёфіксацыі судовых паседжаньняў. Дзяржаўнаму бюджэту гэта каштавала 464 тысячы рублёў.

Дакладная дата арышту Ўладзімера Жыліна невядомая. Як сказаў старшыня КДБ Валеры Вакульчык, затрыманьні працягваліся і пасьля арышту Андрэя Ўцюрына. Дзейнасьць ТАА «Мабільны сэрвіс» на сёньня не спынілася. Апошнія дамовы заключаныя ў жніўні 2019 году з мэтрапалітэнам. Агульная іх сума перавышае 15 мільёнаў рублёў.

1 мільён 835 тысяч даляраў хабару

Яшчэ адзін з арыштаваных, Сяргей Пакрышка, ідэнтыфікаваны КДБ як суўладальнік і адзін з фактычных кіраўнікоў зарэгістраваных у Менску кампаніяў «Салідэкс ПІ» і «Салідэкс». Пакрышку вінавацяць у даваньні хабару памерам ня менш як 195 тысяч даляраў. Абедзьве кампаніі займаюцца інжынерна-тэхнічным праектаваньнем і кансультацыямі («Салідэкс ПІ» пазначана як беларуска-польская). Сярод кліентаў таксама выключна дзяржаўныя ўстановы: Эканамічны суд Менскай вобласьці, падразьдзяленьні Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, цэнтральны апарат Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў і іншыя. Памеры кантрактаў — да 40 тысяч даляраў.

Ёсць сярод абвінавачаных у даваньні хабару і замежныя грамадзяне. Уладальнік латвійскага пашпарту Сяргей Шаркоў, расейцы Ўладзімір Казанцаў і Ўладзімір Томчанка. Апошнія былі прадстаўнікамі зарэгістраваных у Расеі кампаніяў «УГМК-Телеком» і «Смартлабс», якія займаюцца тэхналёгіямі ў галіне інтэрнэт-тэлебачаньня.

Агулам, паводле інфармацыі КДБ, фігуранты «справы Ўцюрына» выдалі хабару на суму 1 мільён 835 тысяч даляраў. Большая частка зь іх прыпісаная да Ўладзімера Жыліна.

Юры Ляўданскі, які на сайце кампаніі «Мабільны сэрвіс» і ў базах зьвестак пазначаны як дырэктар, у размове са Свабодай не стаў камэнтаваць сытуацыю з затрыманьнем Жыліна, а таксама не патлумачыў, ці мае той дачыненьне да яго фірмы. Пры гэтым у профілі Ўладзімера Жыліна ў сацыяльнай сетцы LinkedIn пасада і месца працы пазначаныя як «Director (Mobile Service LTD)».

У свабодным доступе ў інтэрнэце пра Ўладзімера Жыліна мінімум інфармацыі. Вядома, што яго дачка Марыя некалькі гадоў запар спрабавала перамагчы ў беларускім адборы на дзіцячую Эўравізію, яна ўдзельнічала ў конкурсе чатыры разы. У 2018 годзе вынікі адбору выклікалі спрэчкі паміж бацькамі канкурсантаў, Уладзімер Жылін тады нават быў у жывым эфіры беларускай рэдакцыі расейскага «Спутника» разам з прадусаркай Інай Радаевай.

Крымінальную справу Андрэя Ўцюрына і іншых фігурантаў перадалі ў Генэральную пракуратуру, пасьля праверкі яе накіруюць у суд. Дата пачатку працэсу пакуль не прызначаная.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG