Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Заўсёды заходзіла з працягнутай рукой», — сьведка назвала сумы хабару, які нібыта заносіла чыноўніцы Мінздароўя


Людміла Равуцкая, архіўнае фота

«Тысяча даляраў. Яшчэ тысяча, пяцьсот, семсот...» Раней сьведкі казалі пра падарункі ў выглядзе каньяку ці набораў дарагой касмэтыкі. Сёньня загаварылі пра грашовыя паднашэньні.

На працэсе ў Фрунзенскім раённым судзе, дзе судзяць былую кіраўніцу ўправы Міністэрства аховы здароўя Людмілу Равуцкую, прагучалі сумы хабару. Паводле сьледзтва, чыноўніца рэгулярна яго атрымлівала за тое, што нібыта дапамагала прайсьці перарэгістрацыю пэўнага лекавага сродку, ці за іншыя паслугі, зьвязаныя зь яе працай.

Людмілу Равуцкую, былую начальніцу ўправы фармацэўтычнай інспэкцыі і лекавага забесьпячэньня Міністэрства аховы здароўя, арыштавалі ў верасьні 2018 году. Акрамя атрыманьня незаконных падарункаў, чыноўніцы інкрымінуюць хабар у некалькі тысяч даляраў. У судзе Людміла Равуцкая прызнае віну часткова — што не адмаўлялася ад пэўных падарункаў, але з грашовай часткай абвінавачаньня яна нязгодная.

Пра тое, што заносіла ў кабінэт Равуцкай ня толькі каляндарыкі, тыднёвікі, каробкі з цукеркамі і касмэтыку, але і даляры, распавяла сёньня ў судзе сьведка Ларыса Рубцова.

Калі праблема вырашалася хутка, значыць, сума была добрая. Калі зацягвалася, значыць, трэба занесьці яшчэ

Цяпер Ларыса Рубцова пэнсіянэрка. А ў 2018 годзе, калі завялі справу, яна кіравала прадстаўніцтвам францускай фармацэўтычнай кампаніі, якая ўваходзіла ў групу кампаній «Рэкардаці» (Recordati) — усясьветна вядомага вытворцы лекаў зь Мілану. З дапамогай прадстаўніцтва ў Беларусі фірма больш як 10 гадоў пасьпяхова завозіла і прадавала тут лекі. Але з 2011 году, як пачалася праграма імпартазамяшчэньня, рэгулярна пачалі зьяўляцца праблемы.

«Прэтэнзіі звычайна тычыліся ня якасьці сродку, а дызайну ўпакоўкі, нейкай інфармацыі, інструкцыі. У выніку рэгістрацыю лекавага сродку маглі скасаваць, а атрыманьне новай рэгістрацыі абыходзілася нам у 20 тысяч эўра. Склалася такая сыстэма, што без дапамогі пэўнага чалавека ў міністэрстве было не абысьціся», — паскардзілася суду сьведка Рубцова.

Паводле яе, па дапамогу яна пачала зьвяртацца да Людмілы Равуцкай, якую ведае больш за 10 гадоў як кваліфікаваную спэцыялістку і ўплывовага чыноўніка. І не памылілася. Грошы заносіла звычайна на сьвяты — Новы год ці 8 сакавіка. У пакунку зь фірмовым надпісам мог быць набор цукерак, касмэтыка, каляндар, тыднёвік, кветкі, але і грошы.

«На пачатку 2010 году гэтак разам з пакункам занесла ў яе кабінэт 700 даляраў. Купюрамі па 100. Паказала, што ў пакунку, і паставіла за стол. Равуцкая не адмаўлялася», — казала сьведка Ларыса Рубцова.

Наступны хабар яна нібыта перадала як падарунак да 8 сакавіка ўжо праз 3 месяцы. Тады разам з 500 далярамі — яшчэ і архідэю ў вазончыку ды набор цукерак «Рафаэла». У 2011 годзе паводле такой жа схемы — на Новы год 1000 даляраў; потым, да жаночага сьвята — 700 даляраў. Прагучалі зьвесткі таксама пра хабар у кастрычніку 2016 году і ў сакавіку 2017-га — па тысячы даляраў.

Паводле сьведкі, сама Равуцкая грошай ад яе не патрабавала, але рабіла ўсё, што ад яе патрабавалася, каб зьняць чарговую праблему зь перарэгістрацыяй лекаў.

«А як вы тады вызначалі патрэбную суму хабару, па якіх крытэрах?» — пацікавілася ў сьведкі судзьдзя.

Ларыса Рубцова сказала, што гэта быў цалкам эмпірычны шлях. «Калі праблема вырашалася хутка, значыць, сума была добрая. Калі зацягвалася, значыць, трэба занесьці яшчэ».

Што не сыходзіцца ў паказаньнях сьведкі?

Увесь час, пакуль давала паказаньні сьведка Ларыса Рубцова, за сьпінай гучалі камэнтары прысутных на працэсе: «Гэта хлусьня», «Няпраўда», «Трэба ж такое выдумаць», «Гэта каб 20 тысяч даляраў накруціць». Судзьдзя нават была вымушаная зрабіць заўвагу назіральнікам за працэсам і папярэдзіць, што будзе выдаляць з залі.

У перапынку тыя, хто паўшэптам камэнтаваў паказаньні сьведкі, сказалі журналісту, што 25 гадоў ведаюць Людмілу Равуцкую як сумленнага спэцыяліста і ня вераць у яе віну. А сьведка, на іх погляд, дае паказаньні пад пагрозай крымінальнага перасьледу.


Заўтра сьведкам па справе будзе выступаць яе муж, заснавальнік і кіраўнік кампаніі, якая таксама працавала на фармацэўтычным рынку краіны.

Дарэчы, перад допытам сьведка Ларыса Рубцова прасіла суд часова зрабіць паседжаньне закрытым. Нібыта ёй і яе сям’і ідуць пагрозы, і гэта нэгатыўна адбіваецца на мужавым бізнэсе. Але суд вырашыў, што няма законных падстаў для таго, каб дапытваць сьведку за зачыненымі дзьвярыма.

«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць

Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу

  • 430 («Атрыманьне хабару»),
  • 431 («Даваньне хабару»)
  • 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)

Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

  • 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).​
  • 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.​
  • 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).​
  • 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
  • Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
  • 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
  • 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
  • 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
  • 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.

«Ідзі і грабі». Былы высокапастаўлены чыноўнік Мінздароўя камэнтуе «справу мэдыкаў»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG