Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Справа мэдыкаў». Суд вярнуў асуджанаму акадэміку Бялецкаму арыштаваныя грошы — больш за 550 тысяч даляраў


Аляксандар Бялецкі, архіўнае фота

3 сьнежня Менскі гарадзкі суд зноў вярнуўся да крымінальнай справы былога дырэктара РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі, акадэміка Аляксандра Бялецкага, якога ў лютым прызналі вінаватым у хабарніцтве і асудзілі на 7,5 года зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці, паведамляе Tut.by.

На працэс па справе Бялецкага прыйшлі толькі яго родныя, самога Бялецкага, які цяпер адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі «Віцьба-3», на суд не прывезьлі.

Як аказалася, акадэмік зьвярнуўся ў суд з заявай, каб яму адмянілі канфіскацыю «ў сувязі з набыцьцём сілы законам РБ ад 19 ліпеня 2019 году» (улетку 2019 году былі ўнесеныя зьмены ў Крымінальны кодэкс Беларусі — выключана дадатковае пакараньне ў выглядзе канфіскацыі маёмасьці, калі яно яшчэ ня выканана). На маёмасьць Бялецкага быў накладзены арышт, але ў даход дзяржавы яшчэ нічога не абарачалася.

Заяву Бялецкага падтрымала ягоная адвакатка Марыя Севярын, пракурор Аляксандар Кароль ня стаў пярэчыць супраць адмены канфіскацыі маёмасьці. У выніку суд пастанавіў вызваліць Бялецкага ад канфіскацыі і адмяніць арышт, накладзены на маёмасьць асуджанага.

У рашэньні суду пералічана ўсё, што вернуць Бялецкаму: дзьве памятныя манэты чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году; памятную манэту Сьвяціцеля Мікалая Цудатворца; драўляную скрынку са сподкам, падшклянкам і лыжкай; больш за 125 тысяч даляраў на рахунках у банках; аўто BMW X3; гараж і кватэру ў Менску; будынак у Ратамцы; парковачнае месца; 65 тысяч эўра; 354 600 даляраў; аблігацыі на суму 15 тысяч даляраў; iPhone.

61-гадовы Аляксандар Бялецкі — прафэсар, заслужаны дзеяч навукі, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі, акадэмік. З 2007 году кіраваў беларускім Цэнтрам траўматалёгіі і артапэдыі.

Яго затрымалі 5 ліпеня 2018 году. КДБ знайшоў у яго 500 тысяч даляраў, але інкрымінавалі ў якасьці хабару толькі 7 тысяч эўра і даляраў.

У апошнім слове Бялецкі прызнаў віну ў тым, «што браў грошы, прымаючы іх за падарункі, і праявіў слабасьць, не вярнуўшы іх». Але пры гэтым казаў, што не даваў ніякіх абяцаньняў, не лабіяваў і не прасоўваў нечыя інтарэсы.

У лютым 2019 году Менскі гарадзкі суд прызнаў навукоўца, акадэміка, ляўрэата Дзяржаўнай прэміі, былога дырэктара РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі Аляксандра Бялецкага вінаватым у атрыманьні хабараў. Бялецкі падаваў скаргу ў Вярхоўны суд, але пасьля разгляду скаргі прысуд пакінулі ў сіле.

«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць

Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу

  • 430 («Атрыманьне хабару»),
  • 431 («Даваньне хабару»)
  • 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)

Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

  • 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).​
  • 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.​
  • 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).​
  • 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
  • Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
  • 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
  • 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
  • 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
  • 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.

«Ідзі і грабі». Былы высокапастаўлены чыноўнік Мінздароўя камэнтуе «справу мэдыкаў»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG