Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дапамог Шакуцін», — падсудны мэдык Бялецкі патлумачыў, адкуль узяліся 500 тысяч даляраў


Аляксандар Бялецкі
Аляксандар Бялецкі

У Менскім гарадзкім судзе пачаўся працэс над Аляксандрам Бялецкім, былым дырэктарам РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі, якога абвінавачваюць у хабарніцтве ў асабліва вялікіх памерах. Вядомаму хірургу, акадэміку пагражае 15 гадоў зьняволеньня.

Цэнтрам траўматалёгіі і артапэдыі Аляксандар Бялецкі кіраваў з 2007 году, цяпер ён пэнсіянэр. Бялецкі быў затрыманы 5 ліпеня 2018 году і выйшаў з-за кратаў 3 студзеня пад падпіску аб нявыезьдзе.

КДБ знайшоў 500 тысяч даляраў, але інкрымінавалі толькі 7 тысяч

Улетку 2018 году старшыня КДБ Валер Вакульчык заявіў пасьля затрыманьня Бялецкага: «Аляксандар Бялецкі затрыманы і заключаны пад варту за арганізацыю правядзеньня тэхнічнага абслугоўваньня і рамонту мэдычнага абсталяваньня з боку камэрцыйных структураў і своечасовую аплату за аказаныя паслугі. Пры правядзеньні ператрусу ў яго гаражы і па месцы жыхарства ў схованках выяўлена каля 500 тысяч даляраў ЗША ў эквіваленце».

У судзе, аднак, хабар памерам 500 тысяч даляраў у эквіваленце не фігураваў.

Паводле абвінавачаньня, злачынныя эпізоды з удзелам абвінавачанага ў хабары Аляксандра Бялецкага адбываліся ў 2016–2018 гадах. У прыватнасьці, у справе фігуруе фірма «Медысфера», якая праводзіла рамонт і тэхнічнае абслугоўваньне мэдычнага абсталяваньня РНПЦ. Гэтак, у лютым 2016 году Бялецкі падпісаў зь «Медысферай» некалькі дамоваў на тэхнічнае абслугоўваньне і рамонт абсталяваньня.

За гэтыя паслугі фірма атрымлівала аплату паводле дамоваў. Пры гэтым, паводле сьледзтва, Аляксандар Бялецкі ад прадстаўніка фірмы ў канцы 2016 году атрымаў 1 тысячу эўра. Грошы, паводле сьледзтва, перадаў дырэктар фірмы Барыс Ранчынскі ў службовым кабінэце Аляксандра Бялецкага. Сьледзтва лічыць, што грошы перадаваліся «за прыязнае вырашэньне пытаньняў, якія ўваходзілі ў ягоную кампэтэнцыю» — то бок за своечасовую аплату паводле дамоваў. Ці гэта так?

Падсудны прызнаў, што некалькі разоў, калі адбываліся затрымкі ў аплаце, цікавіўся ў бухгальтара, чаму не прайшла аплата, але не пагадзіўся, што дзейнічаў у інтарэсах «Медысферы».

«Але такое бывала нячаста, можа за 10 гадоў супрацоўніцтва разоў 5. Але я нічога не рабіў, каб прысьпешыць аплату, і ня ведаў, як гэта можна зрабіць. За 12 гадоў майго дырэктарства ні разу не даваў такіх загадаў», — запэўніваў суд Бялецкі.

Аляксандар Бялецкі сказаў, што добра ведаў Барыса Ранчынскага і нават сябраваў зь ім.

У справе названыя яшчэ некалькі эпізодаў з дамовамі на пастаўкі і тэхнічнае абслугоўваньне абсталяваньня, у якіх фігуруюць іншыя фірмы. У другім па ліку эпізодзе Аляксандар Бялецкі нібыта атрымаў у якасьці хабару яшчэ 1 тысячу эўра. У трэцім, зноў з «Медысферай», — ужо 2 тысячы эўра (зноў у службовым кабінэце ад Рачынскага). У апошнім эпізодзе гаворка ідзе яшчэ пра 3 тысячы даляраў.

Атрымліваецца, што ў справе фігуруе хабар на агульную суму больш за 7 тысяч даляраў.

Пра «500 тысяч даляраў у эквіваленце», знойдзеных у гаражы Бялецкага ды іншых схованках, як паведамляў КДБ, гаворкі ў абвінавачаньні не было.

Пры гэтым Бялецкі прызнаў віну цалкам. Паводле пракурора, ягоная віна пацьвярджаецца сьведкамі (было названа каля 10 чалавек), дакумэнтамі і пратаколамі вочных ставак.

«Гэта заслуга ўсяго РНПЦ»

Аляксандар Бялецкі распавёў суду, як праходзіла заключэньне дамоваў на рамонт і тэхнічнае абслугоўваньне абсталяваньня для РНПЦ.

  1. Дзейнічала закупачная камісія. Ягоны намесьнік Дзьмітры Саскевіч, старшыня камісіі, зьбіраў і фармаваў заяўкі ад фірмаў на пастаўкі лекаў, расходных матэрыялаў і абсталяваньня ды на абслугоўваньне.
  2. Бялецкі зацьвярджаў гэтыя заяўкі, якія потым накіроўваліся ў Мінздароўя.
  3. Калі там зацьвярджалі заяўкі, яны накіроўваліся ў «Медтэхніку». «Далей мы ўжо не маглі ўмяшацца», — сказаў Бялецкі.

Паводле Аляксандра Бялецкага, няма ягонай асабістай заслугі ў тым, што фірмы-пастаўшчыкі і тыя, хто абслугоўваў абсталяваньне, своечасова атрымлівалі аплату за свае паслугі.

«Гэта заслуга ўсяго калектыву РНПЦ», — сказаў Бялецкі.

Тысячу эўра ў падарунак на Новы год на юбілей

Першы раз Бялецкі атрымаў ад Ранчынскага грошы пры канцы 2016 году.

«Ранчынскі зайшоў павіншаваць з Новым годам. На 5 хвілін. Перадаў мне пакет з настольнымі каляндарыкамі, штотыднёвікам, буклетамі прадукцыі, магчыма, шакалядкай, ужо ня памятаю. Грошай я спачатку ў пакунку ня ўбачыў. Але потым, калі Ранчынскі сышоў, я знайшоў там канвэрт з тысячай эўра. Успрымаў як падарунак, але цяпер разумею, што няправільна. Не пабег жа за ім, не вярнуў гэтыя грошы. Цяпер разумею, што гэта трэба было лічыць хабарам, бо паміж намі былі ня толькі сяброўскія, але і гаспадарчыя адносіны. Зразумеў гэта пасьля арышту, цягам месяца».

Гэтыя грошы, атрыманыя ад Ранчынскага, Бялецкі трымаў у сябе дома.

«У тым ліку траціў на прадстаўнічыя расходы беларускай дэлегацыі на навуковай канфэрэнцыі ў Барсэлёне», — сказаў падсудны.

Праз год, у 2017 годзе, Бялецкі зноў атрымаў ад Ранчынскага тысячу эўра хабару.

«Тады ўспрыняў гэта як падарунак да юбілею», — сказаў Бялецкі. Ён працягвае лічыць, што ягоны сябар Ранчынскі даваў грошы менавіта як падарунак, «па-сяброўску».

Таксама, паводле абвінавачаньня, Аляксандар Бялецкі атрымаў хабар ад прадстаўніцы фірмы «Белрэамед» Інгі Шалькевіч, зь якой Бялецкі быў у сяброўскіх адносінах.

«Шалькевіч прыйшла з пакетам, у якім была гарбата і бутэлька каньяку. Павіншавала мяне. Паставіў гэты пакет у шафу, і толькі, можа, праз тыдзень, ужо дома, знайшоў там 3 тысячы даляраў. Званіць ёй я ня стаў, але калі яна прыйшла зноў, я спытаў: што за канвэрт? Яна сказала, што ад фірмы, але дадала, што там больш не працуе. І я дагэтуль ня ведаю, за што былі гэтыя грошы. Трэба было адразу ісьці ў міліцыю, але я, прызнаю, гэтага не зрабіў», — сказаў суду Аляксандар Бялецкі.

«Грошы пазычыў у Шакуціна ды іншых сяброў»

Наконт знойдзенай у яго вялікай сумы («500 тысяч даляраў у эквіваленце») падсудны сказаў:

«Я патлумачыў сьледчым, адкуль гэтыя грошы. Мне іх далі пяць блізкіх мне людзей, іх выклікалі, правяралі. Аляксандар Шакуцін, мой сябар, былы мэдык, дапамагаў мне, ён забясьпечаны, багаты чалавек. Валер Шумскі, ён уласьнік заводу, даў мне 170 тысяч. Таксама мне дарылі падарункі. Заробак мой паглядзелі. Нешта я прадаў пасьля бацькоў. Гэта даказана».

Паводле Бялецкага, уласнай бухгальтэрыі ён ня вёў. Сказаў толькі, што даваў жонцы, якая працуе рэдактарам у Белтэлерадыёкампаніі, кожную пятніцу па 50 даляраў на «асабістыя пакупкі».

Аляксандар Бялецкі распавёў суду пра свой дом у вёсцы Ратамка пад Менскам.

«Мы адмовіліся ад чаргі на кватэру, і за гэта паводле пастановы Менгарвыканкаму нам выдзелілі 15 сотак у Ратамцы. Узялі крэдыт, пабудавалі дом. Праз 2 гады з адпускных я пагасіў гэты крэдыт».

«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць

Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу

  • 430 («Атрыманьне хабару»),
  • 431 («Даваньне хабару»)
  • 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)

Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

  • 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).​
  • 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.​
  • 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).​
  • 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
  • Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
  • 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
  • 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
  • 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
  • 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.

«Ідзі і грабі». Былы высокапастаўлены чыноўнік Мінздароўя камэнтуе «справу мэдыкаў»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG