Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былому галоўнаму патолягаанатаму прад’явяць новае абвінавачаньне


Аркадзь Пучкоў
Аркадзь Пучкоў

Былому начальніку Менскага гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага бюро і галоўнаму пазаштатнаму патолягаанатаму Мінздароўя Аркадзю Пучкову будзе прад'яўленае новае абвінавачаньне, паведаміў пракурор Сьвятаслаў Вялікі на пасяджэньні суда 4 лютага, піша БелаПАН.

Пракурор хадайнічаў аб перанясеньні судовага паседжаньня на 10 дзён у сувязі з выяўленымі новымі абставінамі. Судзьдзя Марына Запасьнік паведаміла, што да матэрыялаў справы далучаныя новыя факты, якія тычацца эпізодаў хабараў, і перанесла пасяджэньне суду на 14 лютага.

Аркадзь Пучкоў, якога абвінавачваюць у атрыманьні хабару, працаваў начальнікам патолягаанатамічнага бюро больш за 20 гадоў. Затрымалі яго ў чэрвені 2018 году пасьля атрыманьня 3 тысяч даляраў хабару. Грошы знайшлі падчас ператрусу ў лядоўні. Усяго, паводле сьледзтва, ён атрымаў каля 200 тысяч даляраў.

За што браў хабар?

Аркадзь Пучкоў за кратамі
Аркадзь Пучкоў за кратамі

​Паводле сьледзтва, грашовую ўзнагароду Пучкоў браў за дазвол на арэнду і пастаўкі рытуальных тавараў у гандлёвы пункт, які дзейнічаў у бюро, а таксама абкладаў штомесячнай данінай падначаленых яму санітараў морга.

Першы эпізод у справе Пучкова адносіцца да траўня 2002 году. Тады ён атрымаў 300 даляраў ад бізнэсоўца Ермака, крама якога арандавала плошчу на тэрыторыі патолягаанатамічнага бюро. Усяго ад Ермака Пучкоў атрымаў больш за 2 тысячы даляраў хабару, але потым бізнэсовец адмовіўся плаціць, і тады начальнік бюро разарваў зь ім дамову арэнды.

Адвакаткі
Адвакаткі

Таксама Пучкоў атрымліваў хабары ад санітараў морга, якія працавалі пад ягоным кіраўніцтвам. Навічкоў адразу папярэджвалі, што «мусяць плаціць». Нібыта за тое, што не разрываў зь санітарамі працоўныя кантракты і дадатковыя пагадненьні. За гэта браў па 10% ад заробку, сьцьвярджае сьледзтва. У сьпіс санітараў, якіх Пучкоў паводле абвінавачаньня, абклаў данінай, 17 чалавек, ад 24 рублёў да 6 тысяч рублёў з чалавека.

Усяго, як падлічылі сьледчыя, Аркадзь Пучкоў атрымаў ад санітараў хабару ня менш як на 56 тысяч рублёў.

Паводле Сьледчага камітэту, Аркадзь Пучкоў на сьледзтве прызнаў сябе вінаватым, але ў судзе да допыту падсуднага яшчэ не дайшлі. Пакуль зачытваюць абвінаваўчае заключэньне, якое складаецца зь некалькіх тамоў.

«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць

Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу

  • 430 («Атрыманьне хабару»),
  • 431 («Даваньне хабару»)
  • 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)

Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

  • 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).​
  • 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.​
  • 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).​
  • 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
  • Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
  • 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
  • 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
  • 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
  • 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.

«Ідзі і грабі». Былы высокапастаўлены чыноўнік Мінздароўя камэнтуе «справу мэдыкаў»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG