Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лобзік, штаны, туі, буракі… Экс-кіраўніка Браслаўскага раёну пачалі судзіць за атрыманьне хабару


Уладзімер Дранеўскі, архіўнае фота
Уладзімер Дранеўскі, архіўнае фота

У Віцебскім абласным судзе пачаўся судовы працэс над былым кіраўніком Браслаўскага раёну Ўладзімерам Дранеўскім і ягонай жонкай Аленай Дранеўскай, якая раней працавала начальнікам аддзелу эканомікі раённага выканаўчага камітэту. Першае паседжаньне прайшло 2 сьнежня, піша «Віцебскі кур’ер».

Уладзімеру Дранеўскаму выстаўлена абвінавачваньне па сямі артыкулах Крымінальнага кодэксу Беларусі. У прыватнасьці, яму інкрымінуецца перавышэньне службовых паўнамоцтваў, атрыманьне і даваньне хабару, саўдзел у злачынствах, адмываньне грошай, атрыманых злачынным шляхам, махлярства.

Крымінальная справа рызыкуе расьцягнуцца на месяцы: у ёй 95 тамоў, дзясяткі сьведак і пацярпелых. Як вынікае з абвінавачаньня, якое два пракуроры на зьмену зачытвалі некалькі гадзін, Уладзімер Дранеўскі ўцягнуў у злачынную дзейнасьць дзясяткі службовых асобаў рознага ўзроўню, а таксама прадпрымальнікаў і бізнэсоўцаў.

Як высьветлілі сьледчыя, хабар Дранеўскі атрымліваў з 2010 году, яшчэ калі ўзначальваў у Чашніках мясцовае прадпрыемства ЖКГ.

З 2015 году, будучы кіраўніком Браслаўскага раёну, ён надалей браў хабары за заступніцтва «патрэбным» асабіста яму фірмам і індывідуальным прадпрымальнікам — напрыклад, за правядзеньне «замоўных» тэндэраў.

Таксама, паводле сьледзтва, Дранеўскі сыстэматычна прысвойваў часткі прэміяў сваіх намесьнікаў і начальнікаў розных службаў раёну. Акрамя таго, ён загадваў падначаленым зьбіраць наяўныя грошы (замест залічэньня на рахунак райвыканкаму) ад пэўных прадпрыемстваў і кампаніяў Браслаўскага раёну на правядзеньне міжнароднага фэстывалю традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы».

Паводле сьледзтва, чыноўнік зьбіраў хабар грашыма, а таксама падарункамі. Вось некаторыя зь іх:

  • мясцовы аўтапарк запраўляў дызэльным палівам асабістую Audi Дранеўскага, а таксама бясплатна мяняў на ёй гуму;
  • кампутарны стол «прэзэнтавала» гімназія, мэталічны плот і кветачніцы вырабіў і падарыў Відзаўскі дзяржаўны прафэсійна-тэхнічны каледж;
  • сотавы тэлефон, лодачны прычэп, акумулятар, шматфункцыйную лесьвіцу, электрычны лобзік, два зімовыя строі для рыбацтва, чаравікі і дзьве пары пальчатак ён атрымаў ад жыльлёва-камунальнай гаспадаркі «Браслаў-камунальнік»;
  • штаны, куртку мужчынскую і жаночую вятроўку (яны быццам «прыйшлі ў непрыдатнасьць» і былі сьпісаныя) — ад мясцовага аддзелу адукацыі;
  • дзьве туі — ад сельсавету, тарты «Напалеон» і надзяванага шчупака — ад мясцовай спажывецкай каапэрацыі;
  • 10 кг морквы, 20 кг буракоў, 80 кг капусты з прышкольнага агароду.

Карыстаючыся службовым становішчам, Дранеўскі практычна бясплатна адрамантаваў ня толькі сваю кватэру, але і бацькоўскую, а таксама добраўпарадкаваў магілу бабулі.

Толькі аднойчы чыноўніку адмовіліся даваць хабар: у 2016 годзе, калі ён загадаў «падзяліцца» ўзнагароджаньнем за праект у праграме малых грантаў ЗША, які мела атрымаць дырэктарка навукова-дасьледчай установы культуры «Браслаўскае раённае абʼяднаньне музэяў» Надзея Дударонак. Калі жанчына адмовілася даваць хабар, Дранеўскі яе звольніў і зрабіў усё, каб яна не знайшла працы ў Браславе і раёне.

Жонку Дранеўскага Алену, былую начальніцу аддзелу эканомікі Браслаўскага райвыканкаму, абвінавачваюць у «адмываньні» грошай, у крадзяжы шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі, саўдзеле ў злачынстве і ў перавышэньні ўлады.

Пра затрыманьне Дранеўскага і ягонай жонкі Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў 4 ліпеня 2018 году, але паводле неафіцыйных зьвестак яно адбылося яшчэ 27 чэрвеня.

Раённую ўладу абвінавачваны Уладзімер Дранеўскі ўзначальваў прыкладна 3 гады, у Браслаў быў пераведзены з Чашнікаў. Дранеўскі — ураджэнец гэтага раённага цэнтру, у розны час працаваў участковым мэханікам мясцовага будаўніча-эксплюатацыйнага прадпрыемства мэліярацыйных і водагаспадарчых сыстэмаў, майстрам філіі «Лукамльрайгаз», начальнікам станцыі дыягностыкі ААТ «Аўтатранспартнае прадпрыемства № 9», дырэктарам ЖКГ у Чашніках. У 2011 годзе быў названы «Чалавекам году Віцебшчыны».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG