Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што сьведчыць зьяўленьне ў Беларусі грамадзянскай ініцыятывы «Справядлівы прысуд»


Ілюстрацыйнае фота. Дзяржаўны абвінаваўца ў адным зь менскіх судоў
Ілюстрацыйнае фота. Дзяржаўны абвінаваўца ў адным зь менскіх судоў

На 26-м годзе існаваньня ў Беларусі аўтарытарнага рэжыму пачынаецца працэс самаарганізацыі намэнклятуры, імкненьне яе прадстаўнікоў стварыць мэханізм самаабароны.

Сьцісла:

  • У 1995–1996 гадах, падчас вострага супрацьстаяньня паміж Лукашэнкам і апазыцыяй, намэнклятура з пэўнымі хістаньнямі падтрымала прэзыдэнта. Яна разьлічвала, што ў наваствораным аўтарытарным рэжыме будзе мець права голасу.
  • Аднак рэжым атрымаўся пэрсаналісцкім, Лукашэнка ў чынавенстве бачыў пагрозу сваёй асабістай уладзе.
  • Намэнклятура першая трапіла пад раздачу: чыноўнікі, дырэктарат аказаліся нават больш безабароннымі, чым апазыцыянэры.
  • Стварэньне грамадзянскай ініцыятывы «Справядлівы прысуд» сьведчыць пра тое, што зроблены першы крок на шляху самаарганізацыі і фармаваньня сыстэмы самаабароны намэнклятуры.

Паводле інфармацыі парталу Tut.by, родзічы асуджаных прадстаўнікоў намэнклятуры стварылі грамадзянскую ініцыятыву «Справядлівы прысуд» і зьвярнулася ў прэзыдэнцкую адміністрацыю з патрабаваньнямі адносна выракаў іхным блізкім, якія яны лічаць несправядлівымі. Пад зваротам на імя кіраўніка адміністрацыі Ігара Сергеенкі падпісаліся 2357 чалавек. Зьява абсалютна новая і нечаканая. Рана ці позна гэта павінна было здарыцца.

Намэнклятура пралічылася

У 1995–1996 гадах, падчас вострага супрацьстаяньня паміж Лукашэнкам і апазыцыяй, намэнклятура з пэўнымі хістаньнямі падтрымала прэзыдэнта. Яна баялася прыходу да ўлады нацыяналістаў з БНФ і палічыла неабходным фармаваньне моцнай улады. Лукашэнка быў ёй больш ідэйна блізкім, чым Пазьняк ці Шушкевіч. Яна, праўда, разьлічвала, што ў наваствораным рэжыме будзе мець права голасу.

Аднак здарылася інакш. Рэжым атрымаўся пэрсаналісцкім, улада сканцэнтравалася ў руках адной асобы. Аказалася, што Лукашэнка бачыў пагрозу сваёй уладзе ня толькі ў апазыцыі. Ня меншую небясьпеку ён адчуваў і ад чынавенства, асабліва найвышэйшага.

Нешта падобнае адбылося ў 1920-я гады, калі партапарат кампартыі падтрымаў дыктатуру Сталіна. Партыйна-дзяржаўная намэнклятура лічыла, што рэпрэсіі будуць тычыцца былых белагвардзейцаў, нэпманаў, кулакоў. Але неўзабаве яна сама трапіла пад масавы тэрор.

Вось і ў 1990-я гады чыноўнікі думалі, што рэпрэсіі закрануць апазыцыю, а яны будуць квітнець і багацець, бо верна служаць уладару. Але хутка аказалася, што дыктатура, прававое бязладзьдзе, адсутнасьць справядлівага і незалежнага суду тычацца ўсіх. Як вядома, перад дыктатарам усе роўныя, а менавіта роўныя нулю.

Чынавенства аказалася безабаронным

Больш за тое, хутка высьветлілася, што намэнклятура першая трапіла пад раздачу. Колькасьць яе прадстаўнікоў, якія апынуліся за кратамі, значна перавышала лік апазыцыянэраў. Дырэктараў дзяржпрадпрыемстваў, высокіх чыноўнікаў, бізнэсоўцаў сталі саджаць дзясяткамі і сотнямі.

Цікава, што чыноўнікі, дырэктарат аказаліся нават больш безабароннымі, чым апазыцыянэры. Калі садзяць за краты апазыцыйных палітыкаў, то на іх абарону выступае шмат людзей і структур: партыі, грамадзянская супольнасьць, незалежныя мэдыя. Праваабаронцы аб’яўляюць гэтых людзей палітвязьнямі, Захад уключае пытаньне аб іх вызваленьні ў парадак дня перамоваў з афіцыйным Менскам. Карацей, пачынаецца даволі прыкметны і непрыемны для ўладаў інфармацыйны шум.

А вось калі арыштоўваюць буйнога чыноўніка ці дырэктара, то яго спрабуюць абараняць толькі блізкія родзічы. І ўсё. Кожны гіне ў адзіноце.

То бок атрымалася так, што ў часы Лукашэнкі намэнклятура перастала быць суб’ектам палітыкі, а ператварылася ўсяго толькі ў інструмэнт у руках уладара.

Цяжка вызначыць, ці было ў яе ўсьведамленьне сваіх карпаратыўных інтарэсаў. Але можна сказаць дакладна, што не было створана ніякіх інстытутаў, структур, якія б абаранялі гэтыя карпаратыўныя інтарэсы. Тыя, якія нібыта ёсьць (Беларускі саюз наймальнікаў, клюб дырэктараў), абсалютна нямоглыя. За столькі гадоў не была створаная сыстэма самаабароны намэнклятуры ад самаўпраўства праваахоўных органаў.

Ствараецца сыстэма самаабароны

І вось, здаецца, працэс пайшоў. Спачатку далёкія ад палітыкі маці маладзёнаў, арыштаваных паводле наркатычнага артыкулу, арганізаваліся, стварылі рух «Маці 328», паднялі шум, падключылі мэдыя, ладзілі нават галадоўкі і ў выніку дамагліся нейкіх паслабленьняў для сваіх дзяцей.

Цяпер гэтым шляхам пайшлі родзічы тых чыноўнікаў, якія лічаць, што іх блізкіх судзілі несправядліва. Уражвае колькасьць подпісаў, сабраных пад лістом у Адміністрацыю прэзыдэнта — 2 357. Зроблены першы крок на шляху да самаарганізацыі і стварэньня сыстэмы самаабароны намэнклятуры.

Расейскі палітоляг Эміль Паін, які пры Ельцыне працаваў у Адміністрацыі прэзыдэнта Расеі, сказаў фразу, якая на першы погляд гучыць вельмі дзіўна: «Грамадзянская супольнасьць зьяўляецца тады, калі норма хабару перавышае норму прыбытку і ўзьнікае неабходнасьць абурацца». Калі перанесьці гэту цынічную выснову на беларускую глебу, то яе можна сфармуляваць так: грамадзянская супольнасьць зьяўляецца тады, калі тэрмін зьняволеньня перавышае пяць гадоў.

Сьведчаньне эрозіі рэжыму

Чаму грамадзянская ініцыятыва «Справядлівы прысуд» зьявілася толькі цяпер? Існуе некалькі прычын. Найперш тая, што заканадаўства, арыентаванае на барацьбу з карупцыяй, стала больш жорсткім і пачало ўжывацца больш шырока. Па-другое, падчас нарады з праваахоўнымі органамі 20 жніўня 2019 году Лукашэнка сам прызнаў, што ў краіне шырока распаўсюджана фальсыфікацыя крымінальных спраў і за кратамі сядзіць шмат невінаватых людзей. Па-трэцяе, людзей натхніў адносны посьпех руху «Маці 328».

Нарэшце, магчыма, зьяўленьне грамадзянскай ініцыятывы «Справядлівы прысуд» сьведчыць пра пачатак працэсаў эрозіі існага палітычнага рэжыму. Бо яе стварэньне ставіць пад пытаньне справядлівасьць цяперашняга дзяржаўнага ладу, існаваньне таго, што Лукашэнка ганарыста абвясьціў «дзяржавай для народу». Вы можаце ўявіць, каб пры Сталіне зьявілася арганізацыя ў абарону зьняволеных ГУЛАГу? Камісіі рэабілітацыі вязьняў зьявіліся толькі пасьля сьмерці «правадыра народаў». А тут родзічы зьняволеных патрабуюць стварэньня нейкай адмысловай камісіі для перагляду судовых выракаў пры жывым Лукашэнку.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG