Саромеліся сябраваць, паваюем за стасункі. Што Лукашэнка і прэзыдэнт Сэрбіі казалі адзін аднаму ў Бялградзе. ФОТА, ВІДЭА

Аляксандар Лукашэнка і Аляксандар Вучыч у Бялградзе, 3 сьнежня

Аляксандар Лукашэнка 3 сьнежня працягнуў афіцыйны візыт у Сэрбію, правёў перамовы з прэзыдэнтам Сэрбіі Аляксандрам Вучычам.

Паводле БелТА, Лукашэнка казаў Вучычу наступнае.

  • «Няважна, што ў нас некалькі зьнізіўся таваразварот. Мы з вамі разьбярэмся, чаму ўрады не разгортваюцца як сьлед» (таваразварот упаў удвая з 2017 да 2019 году: да 121 млн даляраў за студзень-кастрычнік. — РС).
  • «Мы яшчэ паваюем за нашыя стасункі».

Вучыч адказаў Лукашэнку:

  • «Я ніколі не забуду ваш візыт у 1999 годзе. Вы прыехалі, каб паказаць, наколькі любіце сэрбскі народ і краіну» (Вучыч тады быў міністрам інфармацыі, пры ім у СМІ была жорсткая цэнзура, вялася нацыяналістычная прапаганда, шальмаваньне этнічных меншасьцяў; пазьней ён раскайваўся. — РС).

Лукашэнка растлумачыў той візыт у 1999-м і цяперашнюю паездку:

  • «Тады ніхто ня думаў пра тое, што мы робім нейкі гераічны ўчынак: мы ехалі да сваіх братоў, сяброў. Калі-небудзь я ў дэталях раскажу, што гэтаму папярэднічала, што было потым, але так склалася, што мы не маглі кінуць у бядзе блізкіх нам людзей».
  • «Так, мы не гіганцкая імпэрыя, але мы вашыя людзі, а вы — нашыя».
  • «Тады былі няпростыя часы. Сёньня таксама часы складаныя».
  • «Зь віны адной з імпэрыяў ідзе гандлёвая вайна, іншыя дужаюцца ў Сырыі. Ад гэтага пакутуеце і вы, бо вялізная плынь, сотні тысячаў уцекачоў хлынулі сюды». (Сэрбія прыняла 26 500 уцекачоў і мігрантаў з-за межаў, пры гэтым налічваюцца 199 600 унутраных мігрантаў у межах былой Югаславіі. — РС).
  • «Пачалі ўжо сур'ёзна дзейкаць аб новым усясьветным эканамічным крызісе. Нам гэтага ня трэба. Мы, на жаль, удзельнікі ўсяго гэтага, але віна ня ў нас».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зноў заявіў пра «150 тысяч мігрантаў» і пастаўкі зброі з Украіны ў Беларусь. Чаму гэта няпраўда

Затым Лукашэнка растлумачыў эканамічныя стасункі з Сэрбіяй і неназванымі «імпэрыямі»:

  • «Асаблівасьць нашых стасункаў у тым, што мы ніколі ня ставілі адзін перад адным папярэдніх умоваў. Мы сябры, мы проста родныя людзі».
  • «Многія малыя, сярэднія дзяржавы — я гэта за сваё доўгае прэзыдэнцкае жыцьцё бачыў неаднойчы — заўсёды арыентуюцца на гэтыя гіганцкія і багатыя дзяржавы, бо яны валодаюць тымі рэсурсамі, якіх бракуе ў нас. Але мы не павінны забываць пра тое, што якія-хаця імпэрыі і буйныя дзяржавы ніколі з намі ня будуць супрацоўнічаць без папярэдніх умоваў, яны абавязкова нешта папросяць наўзамен, нават яшчэ нічога для цябе не зрабіўшы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё ідзе са скрыпам, людзі працуюць начамі». Венядзіктаў пра падрыхтоўку дакумэнтаў аб інтэграцыі

Лукашэнка ў Бялградзе. ФОТАГАЛЕРЭЯ

Вучыч, паводле БелТА, заявіў, што некалі «Сэрбія саромелася сяброўства зь Беларусьсю». Гэтая фраза даецца ў пераказе, наўпроставыя цытаты такая:

  • «Сэрбія заўсёды будзе вашым шчырым сябрам, мы ганарымся нашым сяброўствам. Былі часы, калі некаторыя баяліся сказаць, наколькі мы цэнім і любім беларускі народ. Сёньня мы ўсюды кажам пра гэта з гонарам і хочам, каб вы прыяжджалі сюды як мага часьцей».
  • «Я ўчора і сёньня ўжо многаму навучыўся ў прэзыдэнта Лукашэнкі, у тым ліку пытаньням абароны, бясьпекі».
  • «Я размаўляў з Аляксандрам Лукашэнкам аб сыстэме бясьпекі, абароннай прамысловасьці».

Пазьней Вучыч растлумачыў, што зьбіраецца не закупляць зброю, а рэфармаваць войска і якраз прыпыніць закупкі зброі, «па-новаму разьвіваць сыстэму абароны і стаць значна мацнейшымі, чым сёньня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра нераспаўсюджваньне якой зброі дарадца Трампа размаўляў з Лукашэнкам

Лукашэнка ж заявіў, што з павагай ставіцца да імкненьня Сэрбіі далучыцца да Эўразьвязу, і напомніў, што Беларусь — «шчыры сябра ў Эўразійскім эканамічным саюзе», а таксама згадаў, што Эўразьвяз называў пагадненьне аб свабодным гандлі між Сэрбіяй і ЭАЭС супярэчным імкненьню далучыцца да ЭЗ:

  • «У той жа час мы з павагай ставімся да імкненьня вашай краіны далучыцца да Эўрапейскага зьвязу і жадаем вам годна прайсьці гэты шлях. Дай бог, каб у вас атрымалася тое, чаго вы хочаце».
  • «Вы разумныя, таленавітыя людзі. Вы зможаце ўсё ўзважыць. Калі вам будзе выгадна пры ўльтыматуме супрацоўнічаць з Эўрапейскім Зьвязам, вы будзеце супрацоўнічаць зь ім. Калі вам акажацца больш выгадна мець справу з Эўразійскім эканамічным саюзам, вы будзеце супрацоўнічаць зь ім».
  • «Але, на жаль, у вас, як і ў нас, лёс ляцець на двух крылах. У вас, нікуды ад гэтага не падзецца, мусяць быць добрыя стасункі перш за ўсё з суседзямі, якія б яны ні былі».
  • «У гэтым бурным сьвеце трэба быць спрытным, хуткім, арыентавацца, каб выжыць у барацьбе гігантаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайна ці не вайна? Адкажы як Лукашэнка! ТЭСТ

Акрамя таго, Лукашэнка заявіў пра нязьменную пазыцыю наконт тэрытарыяльнай цэласнасьці Сэрбіі. Верагодна, ідзецца пра адмову Менску прызнаваць незалежнасьць Косава, абвешчаную ў 2008 годзе. Бялград па-ранейшаму лічыць Косава часткаю Сэрбіі. Незалежнасьць Косава цяпер прызнае толькі палова дзяржаваў — чальцоў ААН. Лукашэнка дадаў:

  • «Калі мы ў чымсьці можам вам дапамагчы, вы скажыце — мы абавязкова гэта зробім. У сваю чаргу мы разьлічваем на падтрымку з боку нашых сэрбскіх сяброў у прынцыповых для нас пытаньнях».