Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зноў заявіў пра «150 тысяч мігрантаў» і пастаўкі зброі з Украіны ў Беларусь. Чаму гэта няпраўда


Аляксандар Лукашэнка на канфэрэнцыі «Барацьба з тэрарызмам пры дапамозе інавацыйных падыходаў і выкарыстаньня новых і найноўшых тэхналёгій» у Менску

Аляксандар Лукашэнка, гаворачы пра канфлікт ва Ўкраіне, зноў назваў колькасьць мігрантаў з Украіны ў Беларусь, якую ўжо абвяргалі ў ААН.

Лічбу ў 150 тысяч украінскіх мігрантаў ён агучыў на міжнароднай канфэрэнцыі «Барацьба з тэрарызмам пры дапамозе інавацыйных падыходаў і выкарыстаньня новых і найноўшых тэхналёгій», якая праходзіць у Менску 3-4 верасьня.

«Калі пачаўся канфлікт ва Ўкраіне, унутры Беларусі мяне шмат хто папракаў, навошта нам улазіць у чужы канфлікт, — сказаў Аляксандар Лукашэнка. — Я сказаў, але яны нам родныя людзі, і гэта побач з намі. І што мы атрымалі, чаго я апасаўся? Агромністы прыток мігрантаў, у першы год 150 тысячаў да нас.

Эўрапейцы дзьве тысячы мігрантаў ня могуць падзяліць, у моры боўтаюцца дзеці, людзі, старыкі, якія бягуць ад праблемаў, якія мы стварылі ў іх на радзіме. І іх не прымаюць, „хай гінуць, гэта ня нашыя“. Дзьве тысячы! А да нас 150 тысячаў хлынула. І літаральна празь некалькі дзён я падпісаў указ пра прадстаўленьне роўных магчымасьцяў па жытлу, адукацыі. Дзяцей – у дзіцячыя садкі, школы, ВНУ. Ім прадставілі месца працы.

Нам страшна было перамалоць гэтыя 150 тысячаў для нашай Беларусі з нашымі праблемамі. Вы думаеце, нам хто-небудзь дапамог? Не».

У 2016 годзе Лукашэнка на сустрэчы з намесьнікам памочніка міністра абароны ЗША казаў пра 160 тысяч уцекачоў з Украіны, тую ж лічбу пазьней паўтарыў у інтэрвію Радыё ААН міністар замежных спраў Уладзімер Макей. На той момант у Беларусі афіцыйна быў зарэгістраваны толькі 1 уцякач з Украіны.

Агенцтва ў справах ўцекачоў ААН тлумачыла, што пісала пра 150 тысячаў украінцаў, якія прыехалі ў Беларусь у 2014-2015 гадах. Гэта колькасьць тых, хто зьвяртаўся па часовы або пастаянны від на жыхарства. Сярод іх былі і тыя, хто прасіў дазвол на працу ці навучаньне проста таму, што хацеў працаваць ці вучыцца ў Беларусі (а не праз вайну), і тыя, хто прыяжджаў да родзічаў.

Колькасьць тых, хто прыяжджаў у Беларусь з Украіны менавіта з прычыны вайны, невядомая. Як няма і зьвестак пра колькасьць людзей, якія перасеклі беларуска-расейскую мяжу. Большасьць украінцаў у Беларусі (асабліва тыя, хто атрымаў дазвол на пастаяннае пражываньне) проста не зацікаўленыя падаваць дакумэнты, каб стаць уцекачом афіцыйна.

З Украінай «цалкам закрылі мяжу», заявіў Лукашэнка

«Але самае страшнае, што адбылося пасьля, цяпер адбываецца, — працягнуў Лукашэнка пра наступствы канфлікту ва Ўкраіне. — Мы вымушаныя былі са сваімі братамі, блізкімі людзьмі цалкам закрыць мяжу, наглуха, яшчэ больш, чым з паўночна-атлянтычным блёкам, які для нас нібыта здаваўся ворагам нумар адзін. Але цяпер закрылі мяжу наглуха.

Чаму? Хлынула плынь зброі… А там, дзе зброя ў руках звычайных людзей і асабліва нацыяналістычна настроеных, чакай тэрарызму. І спакойная Беларусь, ня дай бог, можа будзе зьбіраць гэтыя плады і атрымаць тое, для чаго ў нас няма нібыта падставаў. Хто гэта спарадзіў? Адказ на паверхні».

Мяжа Беларусі з Украінай на самай справе не перакрывалася цалкам. І цяпер, на момант публікацыі, мяжа адкрытая, мяркуючы па сайце Памежнага камітэту. Верагодна, Лукашэнка меў на ўвазе нейкія дадатковыя захады супраць незаконнай перавозкі зброі празь мяжу. Але ў 2018 годзе ні беларускія, ні ўкраінскія памежнікі не знайшлі каналаў паставак зброі з Украіны, пра якія казаў Лукашэнка.

У наступным годзе Лукашэнка працягнуў настойваць на тым, што гэткія пастаўкі ёсьць. Ён таксама заявіў, што расейцы папракаюць беларусаў, што «вось, у вас там празь мяжу» ідуць пастаўкі зброі, а яны, паводле Лукашэнкі, на самай справе ідуць з Украіны ў Расею, а затым у Беларусь.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG