Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Косаўскім палацы сабраліся да канца году адкрыць гатэль і кавярню


Палац Пуслоўскіх каля Косава падчас рэканструкцыі, 2016 год

Да канца 2019 году ў палацы Пуслоўскіх, што ў горадзе Косава Івацэвіцкага раёну, маюць запрацаваць гатэль і кавярня, расказаў БелТА прадстаўнік Берасьцейскага аблвыканкаму Арцём Бухан.

Рэканструкцыя палаца, якая ідзе ад 2006 году, цяпер «выйшла на завяршальную стадыю» — улады чакаюць, што ўжо ў 2020 годзе «турысты ў поўнай меры змогуць ацаніць намаганьні рэстаўратараў». На каталіцкія Каляды турыстам абяцаюць паказаць асобныя часткі палаца. Раней турыстаў абяцалі пусьціць у палац у 2017 годзе.

У левым крыле мае адкрыцца гатэль на 6 нумароў і 16 месцаў (адзін з нумароў абсталяваны для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі, яшчэ адзін — «падвышанай камфортнасьці»). У правым крыле на другім паверсе зьбіраюцца адкрыць кавярню на 49 месцаў і бар.

Цягам 2020 году плянуюць афармляць цэнтральны блёк палаца — «у стылі XVII-XIX стст». Таксама ў палацы зьбіраюцца зрабіць музэй і выставачныя залі.

Косаўскі палац (былая рэзыдэнцыя графаў Пуслоўскіх) быў узьведзены ў першай палове ХІХ стагодзьдзя паводле праекту архітэктара Францішка Яшчэлды за паўтара кілямэтра ад Косава. Гэта помнік архітэктуры нэаготыкі з элемэнтамі клясыцызму. Паводле найбольш распаўсюджанай сярод гісторыкаў вэрсіі, палац разбурылі ў 1944 годзе савецкія партызаны.

Афіцыйна рэканструкцыя палаца пачалася ў 2006 годзе, ішла зь перабоямі, бо грошай не хапала. Дадатковае фінансаваньне Аляксандар Лукашэнка распарадзіўся даць у 2018 годзе. За бягучы год патрацілі 6 млн рублёў.

Да пачатку рэканструкцыі меркавалася, што фасад адновяць у тым выглядзе, які быў пры Пуслоўскіх, аднак вынік рэканструкцыі крытыкавалі знаўцы гісторыі (таксама яны наракалі на «негістарычныя» вокны і дахоўку).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG