Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка загадаў выдзеліць сродкі на рэстаўрацыю Косаўскага палаца, Гальшанскага і Крэўскага замкаў


Руіны Крэўскага замку
Руіны Крэўскага замку

Аляксандар Лукашэнка падпісаў распараджэньне «Аб падтрымцы культуры і мастацтва», піша БелТА. Само распараджэньне пакуль не апублікаванае.

Паводле распараджэньня выдзяляюцца грошы на:

  • рэстаўрацыю Косаўскага палацава-паркавага комплексу;
  • кансэрвацыю і рэстаўрацыю Гальшанскага і Крэўскага замкаў.

Усяго сёлета ў Беларусі на бюджэтныя сродкі плянуюць аднавіць 18 гісторыка-культурных помнікаў.

Як ідзе рэканструкцыя Косаўскага палаца?

Рэканструкцыя Косаўскага палаца пачалася ў 2006 годзе, ішла зь перабоямі, бо грошай не хапала. Меркавалася, што фасад адновяць у тым выглядзе, які быў пры Пуслоўскіх. Аднак ня ўсё будзе аўтэнтычнае. Дах, напрыклад, пакрылі чырвонай мэталічнай дахоўкай. Крытыкавалася і ўсталяваньне «негістарычных» вокнаў.

Палац Пуслоўскіх каля Косава, здымак 2016 году
Палац Пуслоўскіх каля Косава, здымак 2016 году

Косаўскі палац (былая рэзыдэнцыя графаў Пуслоўскіх) быў узьведзены ў першай палове ХІХ стагодзьдзя паводле праекту архітэктара Францішка Яшчэлды за паўтара кілямэтра ад Косава. Гэта помнік архітэктуры нэаготыкі з элемэнтамі клясыцызму. Паводле найбольш распаўсюджанай сярод гісторыкаў вэрсіі, палац разбурылі ў 1944 годзе партызаны.

Ці магчыма аднавіць замак у Крэве?

Сёлета ў траўні завяршыўся першы этап кансэрвацыі Крэўскага замка, дзе ў 1385 годзе падпісалі дынастычную унію паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каронай Польскай. У плянах на 2018 год значылася таксама кансэрвацыя заходняй сьцяны, але грошай на гэтыя працы да сёньня не было.

Да кансэрвацыі гістарычны помнік літаральна рассыпаўся. Кансэрвацыя дае спадзеў, што калі-небудзь замак змогуць рэстаўраваць.

Княская вежа Крэўскага замка на пачатку кансэрвацыі
Княская вежа Крэўскага замка на пачатку кансэрвацыі

У 2016 годзе Крэўскі замак трапіў у сьпіс амаль трох дзясяткаў памятак даўніны, клопат пра захаванасьць якіх ускладаецца на Дзяржаўны бюджэт Рэспублікі Беларусь. Гэта прадпісвае пастанова Савету міністраў № 437.

Летась на яго кансэрвацыю з прэзыдэнцкага фонду падтрымкі культуры і мастацтва было выдзелена 50 тысяч даляраў.

Чаму разбураны Гальшанскі замак?

Рэстаўрацыя адной з рэзыдэнцый магнацкага роду Сапегаў у Гальшанах пачалася ў 2013 годзе. Аднак цягам трох гадоў візуальныя зьмены на пляцоўцы былі мала заўважныя.

Гальшанскі замак, здымак 2013 году
Гальшанскі замак, здымак 2013 году

Гальшанскі замак да 1525 году быў ва ўладаньні князёў Гальшанскіх. Пасьля шлюбу князёўны Алены з Паўлам Сапегам перайшоў да роду Сапегаў. Замак шмат разоў разбураўся і перабудоўваўся. Асаблівасьцю замка была ўнікальная сыстэма ацяпленьня і каналізацыі. Багацьця Сапегаў хапіла на штучныя азёры, дно якіх было выкладзенае дарагой пліткай. Насупраць брамы, на супрацьлеглым баку падворка была каплічка.

Сур’ёзныя разбурэньні замак зазнаў ужо ў найноўшай гісторыі. За савецкім часам у замку разьмяшчалася пчалярская вучэльня. На загад тагачаснага дырэктара вучэльні кожны вучань павінен быў здабыць 80 цаглін для будоўлі Дома культуры ў Гальшанах. За гэта давалі дадатковы водпуск — можна было заехаць дадому.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG