Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чальцы цэнтарвыбаркаму Косава адчулі сябе блага ў час падліку галасоў з Сэрбіі


Мэдыкі ў Прыштыне, 13 кастрычніка
Мэдыкі ў Прыштыне, 13 кастрычніка

У Косаве прыпынены падлік галасоў на парлямэнцкіх выбарах 6 кастрычніка. Пасьля таго, як ускрылі пяць скрыняў зь бюлетэнямі з Сэрбіі, некалькі супрацоўнікаў Цэнтральнай выбарчай камісіі адчулі сябе блага.

Як расказвае косаўская служба Свабоды, дзевяць чалавек шпіталізаваныя з падазронай алергіяй на руках. Стан людзей з алергіяй цяпер стабільны.

Мэдыкі пакуль не паведамляюць падрабязнасьці пра алергічную рэакцыю і не бяруцца казаць, якое рэчыва іх выклікала. Паліцыя пацьвердзіла інцыдэнт і пачала расьсьледаваньне, але таксама не раскрывае дэталяў.

У час ускрыцьця скрыняў у памяшканьні былі 25 чалавек, алергія зьявілася не ва ўсіх. Тыя, хто меў непасрэдны доступ да канвэртаў у скрынях, казалі, што пачулі дзіўны пах.

Ва ўпраўленьні па Косаве ў сэрбскім урадзе тым часам выказваюць думку, што такім чынам косаўцы зьбіраюцца маніпуляваць галасамі на выбарах. Заклікі не лічыць галасы з падазроных скрыняў ужо гучалі ў Косаве — сьцьвярджалася, што яны і паступілі незаконным шляхам: не праз пошту, як патрабуе заканадаўства, а праз сэрбскага кур’ера.

На парляменцкіх выбарах 6 кастрычніка, паводле папярэдніх зьвестак, Рух за самавызначэньне нанес паразу правацэнтрысцкай групоўцы, створанай былымі байцамі Вызваленчай арміі Косава, якія кіравалі краінай з 2007 году.

***

Косава — былая правінцыя Сэрбіі зь пераважна альбанскім насельніцтвам, якая абвясьціла ў аднабаковым парадку сваю незалежнасьць у 2008 годзе, празь дзесяць гадоў пасьля пачатку крывавай узброенай барацьбы. З альбанскімі сэпаратыстамі ваяваў сэрбскі лідэр Слабадан Мілошавіч.

Рэспубліку Косава прызналі больш за 100 дзяржаваў, але сярод іх няма Сэрбіі — сэрбскія палітыкі лічаць Косава часткай сваёй краіны. Беларусь, Расея і Ўкраіна ў ліку тых, хто не прызнаў Косава, а Польшча, Літва і Латвія прызналі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG