Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усё ідзе са скрыпам, людзі працуюць начамі». Венядзіктаў пра падрыхтоўку дакумэнтаў аб інтэграцыі


Галоўны рэдактар «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў
Галоўны рэдактар «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў

Галоўны рэдактар «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў 6 сьнежня меўся запісваць інтэрвію з Аляксандрам Лукашэнкам. Але інтэрвію перанесьлі, бо Лукашэнка сустракаецца з Пуціным. Мы спыталі ў расейскага журналіста, чаго можна чакаць ад 8 сьнежня — калі прэзыдэнты Расеі і Беларусі маюць падпісаць дакумэнты аб інтэграцыі.

— У сваім тэлеграм-канале вы напісалі, што вашае заплянаванае інтэрвію з Аляксандрам Лукашэнкам перанесенае з 6 сьнежня. І прычына — сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным. Гэтую прычыну вам паведамілі афіцыйна?

— Я павінен быў прыляцець у Менск увечары 5 сьнежня, і на 10.30 наступнага дня было прызначана інтэрвію з Лукашэнкам. Але з прэзыдэнцкай адміністрацыі нам перадалі, што ён, рыхтуючыся да 8 сьнежня, павінен папярэдне сустрэцца з Пуціным. Адпаведна, гутарка не адмяняецца, але перасоўваецца на сярэдзіну сьнежня. Потым мне пацьвердзілі і ў адміністрацыі нашага прэзыдэнта: сапраўды, напярэдадні перамоваў заплянаваная дадатковая сустрэча Пуціна і Лукашэнкі.

Зрэшты, тым цікавей будзе ўзяць інтэрвію з улікам таго, што нейкія дакумэнты будуць падпісаныя — або не падпісаныя.

— Такім чынам, кіраўнікі Беларусі і Расеі маюць сустрэцца двойчы — 6 і 8 сьнежня? (Пазьней Telegram-канал «Пул первого», блізкі да Аляксандра Лукашэнкі, са спасылкай на прэс-сакратара Лукашэнкі паведаміў, што адна з сустрэч адбудзецца 7 сьнежня.)

— Нейкі час таму абодва прэзыдэнты далі даручэньне адносна ўніфікацыі рознага кшталту абласьцей заканадаўства ў Расеі і Беларусі. Агулам гаворка вялася пра 21 пратакол, якія прадугледжваюць уніфікацыю адміністрацыйных, падатковых, мытных кодэксаў. Да 8 сьнежня камісіяй Арэшкіна-Крутога мусіла быць падрыхтаваная ня тое што новая саюзная дамова, але яе абноўленае разуменьне. І, натуральна, усіх увяла ў ступар заява амбасадара Беларусі Сямашкі адносна таго, што магчымы адзіны парлямэнт і адзіны ўрад. Наколькі разумею, гаворка пра пэрспэктывы 2021 году, але не пра цяпер.

Усё ідзе складана, «са скрыпам», і начамі ў тым ліку працуюць людзі да 8 чысла. Магчыма, што 6 чысла прэзыдэнты ўнясуць нейкую карэкцыю, вылучаць галоўныя тэмы. Усё гэта накладаецца на тое, што ў нас называецца падатковым манэўрам, газавай дамовай і гэтак далей. Карацей, 8 сьнежня будзе цікава.

Амбасада Рэспублікі Беларусь у Раcсейскай Фэдэрацыі, ілюстрацыйнае фота
Амбасада Рэспублікі Беларусь у Раcсейскай Фэдэрацыі, ілюстрацыйнае фота

— Якое ў Расеі стаўленьне да ідэі паглыбленай інтэграцыі?

— Агульнае стаўленьне больш-менш абыякавае. Існуе СНД, ЭАЭС, нешта робіцца ў іх рамках. Што тычыцца, як кажа наш прэм’ер Мядзьведзеў, «глыбокай інтэграцыі», то гэта, я так разумею, зьвязана з транзытам нашай улады ў 2024 годзе і таго, што прэзыдэнт Пуцін застанецца кіраўніком нейкай дзяржавы. То бок беларускі варыянт застаецца адной з опцый такога ўдзелу. Таму паўстаюць пытаньні заканадаўства, бо наш прэзыдэнт хоча, каб юрыдычна ўсё было правільна аформлена. Можа, гэта не галоўнае, але ў галовах гэта дакладна ёсьць.

— А ў чыёй гэта галаве?

— Ды ўва ўсіх. Размова ідзе пра опцыю. Хтосьці ставіцца да гэтай опцыі нэгатыўна, хтосьці пазытыўна, але, паўтаруся, як опцыя беларускі варыянт, «глыбокая інтэграцыя», стварэньне дзеючых, а не дэкаратыўных наднацыянальных органаў і г.д. Разьмен паміж Расеяй і Беларусьсю ў эканоміцы дазволіць зрабіць аналягічны разьмен у палітыцы і вайсковай супрацы, вось такая лёгіка. Яна больш складаная, чым проста «няхай Пуцін будзе».

У Маскве ходзіць такі анэкдот. Лукашэнка кажа Пуціну: «Валодзя, я згодны: ты — прэзыдэнт, я — віцэ-прэзыдэнт». І праз паўзу: «Але на наступны тэрмін — наадварот». Валодзя без прытомнасьці..." Анэкдоты, як вы ведаеце, адлюстроўваюць трэнды і трыгеры...

— Дык ці пагражаюць інтэграцыйныя ініцыятывы незалежнасьці Беларусі?

— Любая інтэграцыя пагражае сувэрэннаму праву дзяржавы быць па-за інтэграцыяй. Любое пагадненьне пагражае незалежнасьці прыняцьця рашэньняў. Зноў жа, мы ня бачым дакумэнтаў, толькі чуем пра заданьні, якія ставяць два прэзыдэнты. Таму ці пагражае ўніфікацыя падатковага або іншага кодэксу сувэрэнітэту Беларусі ці Расеі? Думаю, пагражае, бо ў такім выпадку нехта нешта саступіць. Пры гэтым «пагражае» — гэта слова замоцна афарбаванае.

Думаю, дакумэнты, хай часткова, але будуць зацьверджаныя. Тым больш, мы бачым рэзкае падвышэньне ў пасадзе спадара Крутога, і мы разумеем, што гэта знак ухваленьня. То бок тое, што Круты разам з Арэшкіным рабілі на працягу доўгага часу, ухвалена прэзыдэнтам Лукашэнкам праз наданьне спадару Крутому пасады першага віцэ-прэм’ера. Засталося трошкі, будзем глядзець.

— Чаму да апошняга моманту ніхто ня ведае, што ў тых дакумэнтах? Навошта такая сакрэтнасьць?

— Думаю, што насамрэч вялізная колькасьць людзей ведае, бо, наколькі мне вядома, дакумэнты прапрацоўваюцца з надзвычай высокай доляй прафэсіяналізму. Дзьве розныя краіны з рознымі адміністрацыйнымі, падатковымі ды іншымі кодэксамі. Дзеля ўніфікацыі патрэбныя заключэньні сотняў экспэртаў. Проста трэба шукаць тых, хто там працуе. Але ёсьць іншая гісторыя — шмат якія пункты зьяўляюцца прадметам спрэчак, асобныя пазыцыі мяняюцца.

Але ёсьць агульныя даручэньні прэзыдэнтаў — уніфікацыя ў шэрагу галінаў заканадаўства, збліжэньне. Не замена расейскіх дакумэнтаў беларускімі, а ўніфікацыя. Я размаўляў зь людзьмі, якія над гэтым працуюць, яны казалі, што гэта вельмі складаная тэхнічная праца. Гэта не пытаньне прыняцьця Беларусьсю расейскага заканадаўства, а пытаньне кампрамісаў. Гэта я ведаю дакладна, бо жыву побач з амбасадай Беларусі ў Маскве, бачу, як пад’яжджаюць машыны, начамі ў тым ліку, і людзі выходзяць замучаныя, так бы мовіць, «пальцы ў чарніле».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG