У Горадні руіны адной з найстарэйшых у Вялікім Княстве Літоўскім цэркваў перанясуць у іншае месца. ФОТА

Руіны Верхняй царквы каля Старога замка ў Горадні

Над фрагмэнтамі Верхняй царквы ў Горадні зьнялі часовы кансэрвацыйны павільён. На гэтым месцы будуць праводзіць археалягічныя раскопкі.

Працы з рэшткамі Верхняй царквы праводзяцца ў межах рэканструкцыі Старога замку.

Верхнюю царкву пабудавалі побач са Старым замкам у канцы XIII — сярэдзіне XIV стагодзьдзя. Яна стаяла над былой Ніжняй царквой XII стагодзьдзя, якая згарэла ў 1183 годзе.

Верхнюю царкву разабралі ў канцы XVI стагодзьдзя, калі Стары замак перабудоўвалі пры Стэфану Баторыю.

Ейныя руіны знайшлі падчас археалягічных раскопак у 1933 годзе. Каб дакапацца да Ніжняй царквы пад ёй, тады дэмантавалі часткі сьцен Верхняй царквы, перанесьлі іх бліжэй да каралеўскага палаца, змацавалі арматурай і бэтоннай асновай, а зьверху збудавалі драўляны ахоўны павільён. Адкрытага доступу да царквы з таго часу не было.

Так выглядаў каралеўскі палац з боку двара летась улетку

Так выглядаў часовы павільён над Верхняй царквой, пабудаваны ў міжваенны час польскімі спэцыялістамі ў двары Старога замка

Павільён над Верхняй царквой разабралі

Парэшткі Верхняй царквы перанясуць на іншае месца

Пад Верхняй царквой правядуць археалягічныя раскопкі

Пад гэтым павільёнам схаваныя падмуркі Ніжняй царквы ў Горадні, якая датуецца XII стагодзьдзем

Як расказаў дырэктар Горадзенскага гісторыка-археалягічнага музэю, які месьціцца ў Старым замку, Юры Кітурка, часткі сьцен Верхняй царквы перанясуць бліжэй да Ніжняй царквы, якая цяпер таксама схаваная пад павільёнам, і накрыюць навесам. На месцы, дзе рэшткі Верхняй царквы захоўвалася больш за 80 гадоў, будуць праводзіць археалягічныя раскопкі ў межах рэканструкцыі Старога замка. Больш пільна падмуркамі Верхняй і Ніжняй цэркваў зоймуцца падчас трэцяй чаргі рэканструкцыі Старога замка.

Цяпер заканчваецца першая чарга, неўзабаве пачнецца другая — аднаўленьне каралеўскага палаца.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Форма ня самая лепшая». Старому замку ў Горадні прымералі новы купал. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навабуды ў горадзенскім Старым замку. ФОТА