ЗША адпраўляюць дадатковыя войскі і тэхніку ў Саудаўскую Арабію

Ілюстрацыйнае фота.

Міністэрства абароны ЗША накіроўвае дадатковыя сілы і ваенную тэхніку ў Саудаўскую Арабію пасьля выбухаў на нафтаперапрацоўчых заводах Саудаўскай Арабіі, у якіх Вашынгтон і Эр-Рыяд вінавацяць Іран.

Паводле прэс-сакратара Пэнтагону Джонатана Гофмана, агульная колькасьць дадатковых сіл складзе тры тысячы. Акрамя таго, будуць разгорнутыя дзьве батарэі Patriot і сыстэма паветранай і супрацьракетнай абароны THAAD. Ён не абвясьціў дату разьмяшчэньня сіл.

Саудаўская Арабія абвінаваціла ўлады Ірану ў арганізацыі бесьпілётнага нападу на саудаўскія нафтаперапрацоўчыя заводы ў верасьні. Такую ж пазыцыю занялі ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША заяўляюць пра «неабвержныя доказы» паставак Іранам зброі паўстанцам-хусітам у Емэне

Іран адхіліў абвінавачваньні ЗША ў датычнасьці да нападаў на саудаўскія нафтаперапрацоўчыя заводы, якія паўплывалі на сусьветную здабычу нафты. Прэс-сакратар МЗС Ірану Абас Мусаві, выступаючы на дзяржаўным тэлебачаньні, назваў заяву ЗША «бессэнсоўнай». А адзін зь вядучых камандзіраў Корпуса ісламскай рэвалюцыйнай гвардыі, элітнай іранскай вайсковай часткі, папярэдзіў, што Іран гатовы да «поўнай» вайны.

Адказнасьць за атаку бесьпілётніка абвясьцілі падтрыманыя Тэгеранам емэнскія паўстанцы.