На прэс-канфэрэнцыі 14 сьнежня, якая адбылася ў Вашынгтоне на ваенным складзе, дзе супрацоўнікі міністэрства абароны ЗША выставілі фрагмэнты зброі, Нікі Хэйлі сказала, што «доказы неабвержныя».
«Злучаныя Штаты ўжываюць новы падыход да Ірану, надаючы асаблівую ўвагу дэстабілізуючым паводзінам іранскага рэжыму. Гэта азначае, што мы ня проста сканцэнтраваныя на ядзернай праграме. Мы таксама ўважліва вывучаем іранскую праграму балістычных ракет, экспарт зброі і падтрымку тэрарыстаў, баевікоў і дыктатараў», — сказала Хэйлі журналістам.
На ўзбраеньні, якое было прадстаўлена, бачная маркіроўка, якая паказвае на тое, што гэта іранская ракета блізкага радыюсу дзеяньня, выпушчаная з тэрыторыі Емэна па міжнароднаму лётнішчу каля сталіцы Саудаўскай Аравіі. Іншы рыштунак, які быў прадэманстраваны, уяўляў сабой беспілётнік і процітанкавую зброю, якія, па словах афіцыйных асоб, былі выяўленыя ў Емэне сіламі Саудаўскай Аравіі.
«Яны маглі б таксама мець налепкі «Зроблена ў Іране», — сказала Хэйлі.
Рэзалюцыя Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, прынятая ў сувязі з важнай ядзернай угодай, забараніла Тэгерану пастаўляць, прадаваць або перадаваць зброю, калі Рада бясьпекі не ўхваліла яе. Асобная рэзалюцыя ААН забараняе пастаўку любой зброі паўстанцам-хусітам у Емэне.
Тэгеран, які разглядае Саудаўскую Аравію як ворага і суперніка за ўладу на Блізкім Усходзе, ужо даўно абвяргае абвінавачваньні ў тым, што ён пастаўляў зброю хусітам, і назваў заявы Хэйлі пра ракетны напад 4 лістапада «безадказным, правакацыйным і разбуральным». Саўдаўская Арабія зьяўляецца адным з найбліжэйшых саюзьнікаў Вашынгтона на Блізкім Усходзе, а Вашынгтон зьяўляецца асноўным пастаўшчыком узбраеньняў для саудаўскіх вайскоўцаў.