Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Звычайна я ўключаю музыку, калі рэжу трупы» – апублікаваныя фрагмэнты запісу забойства саудаўскага журналіста Хашокджы


Хашокджы ў сакавіку 2012 года

Год таму, 2 кастрычніка 2018 года, вядомы саудаўскі журналіст Джамаль Хашокджы зайшоў у консульства Саудаўскай Арабіі ў Стамбуле і больш зь яго не выходзіў. Турэцкія СМІ з самага пачатку заяўлялі, што яго там катавалі і забілі. Пазьней гэта пацьвердзіла і міжнароднае сьледзтва.

Каралеўства Саудаўскай Арабіі доўгі час адмаўляла гэтую вэрсію. Яго сьпікеры спачатку настойвалі на тым, што Хашокджы пакінуў консульства жывым, а пазьней — проста адмаўлялі дачыненьне да яго сьмерці. Але пасьля таго, як турэцкія спэцслужбы распавялі пра існаваньне аўдыёзапісаў праслухоўваньня з консульства, на якім было зафіксавана забойства, саудаўскія ўлады пацьвердзілі, што журналіст быў забіты ўнутры дыпляматычнага будынка.

Па вэрсіі Саудаўскай Арабіі, на якой улады краіны доўгі час настойвалі, гэта нібыта адбылося выпадкова, у выніку бойкі з супрацоўнікамі консульства.

Напярэдадні гадавіны зьнікненьня Хашогі BBC апублікавала фрагмэнты расшыфроўкі аўдыёзапісаў забойства. «Настоящее Время» коратка пераказала іх зьмест і распавяло, што адбылося з расьсьледаваньнем праз год.

Папярэджваем: у артыкуле ёсьць апісаньні сцэнаў гвалту, якія могуць быць непрымальнымі для аўдыторыі маладзейшай за 18 гадоў і людзей з павышанай эмацыйнай адчувальнасьцю.

Дакумэнты для разводу

Раніцай 2 кастрычніка ў міжнародны аэрапорт Стамбула прыляцеў прыватны самалёт з Саудаўскай Арабіі. На яго борце былі дзевяць саудаўскіх чыноўнікаў, сярод іх — судмэдэкспэрт і патолягаанатам Салах аль-Тубэйгі. Усе яны засяліліся ў гатэлі недалёка ад консульства Саудаўскай Арабіі і паведамілі, што застануцца там на тры дні.

Выкарыстаньне гэтага самалёта, які належыць каралеўскай сям’і, у інтэрвію тэлеканалу PBS нядаўна пацьвердзіў насьледны прынц Саудаўскай Арабіі Мухамэд бін Сальман Аль Сауд.

У гэты ж дзень вядомы саудаўскі журналіст Джамаль Хашокджы, які восеньню 2017 года зьбег з Саудаўскай Аравіі ў ЗША, павінен быў прыйсьці ў консульства, каб забраць дакумэнты аб разводзе. Да будынка ён прыйшоў са сваёй нявестай Хаціджэ Чэнгіз. Як яна ўспамінае, Хашокджы аддаў ёй свой тэлефон і сказаў, што «хутка будзе». Чэнгіз прачакала свайго жаніха ля ўваходу ў будынак амаль 11 гадзін — ён так і ня выйшаў.

Чалавек стаіць насупраць консульства Саудаўскай Арабіі ў Стамбуле, 5 кастрычніка 2018 года
Чалавек стаіць насупраць консульства Саудаўскай Арабіі ў Стамбуле, 5 кастрычніка 2018 года

Гэта быў другі візыт журналіста ў консульства. У першы раз, за некалькі дзён да гэтага, дакумэнты аб разводзе яму ня выдалі. Як стала вядома з запісаў турэцкіх спэцслужбаў, адразу пасьля таго, як Хашокджы пакінуў будынак у першы раз, са стамбульскага консульства патэлефанавалі ў Эр-Рыяд са словамі, што да іх прыйшоў чалавек «са сьпісу тых, каго шукаюць».

У расьсьледаваньні сьцьвярджаецца, што было зроблена ня менш за чатыры званкі. Паміж імі была размова гэнэральнага консула ў Стамбуле Махамэда аль-Атаібі з прадстаўніком МУС Саудаўскай Арабіі, у якой гаварылася аб выкананьні «нацыянальнага доўгу».

Як перадае сьледзтва, перамовы вяліся і з адным з набліжаных да кронпрынца Саудаўскай Арабіі — Саудам аль-Кахтані. Яго імя зьяўлялася ў прэсе і раней — у сувязі са зьнікненьнямі і катаваньнямі крытыкаў улады. Менавіта яго міжнародныя сьледчыя лічаць арганізатарам забойства Хашокджы.

Поліэтыленавы пакой

Як лічаць міжнародныя сьледчыя, што праслухалі запіс, апэрацыяй на месцы кіраваў яшчэ адзін набліжаны да прынца чыноўнік — Махер Абдулазіз Мутрэб. Як чуваць на запісах, за некалькі гадзін да прыходу Хашокджы Мутрэб і патолягаанатам аль-Тубейгі сьмяяліся і абмяркоўвалі расчляненьне журналіста.

«Я звычайна ўключаю музыку, калі рэжу трупы. Часам у мяне ў руцэ кубак кавы і цыгара. <. Упершыню ў жыцьці мне давядзецца рэзаць [нябожчыка] прама на падлозе. Нават калі ты мясьнік, ты падвешваеш тушу, каб яе разрабіць», — пераказвае BBC словы аль-Тубэйгі брытанская адвакатка Хэлена Кэнэдзі, якая ўваходзіць у міжнародную групу экспэртаў па забойстве журналіста.

Калі Хашокджы ўвайшоў у будынак консульства, яго амаль адразу сустрэла група чыноўнікаў, што прыбылі з Эр-Рыяду. Яны заявілі, што яго шукае Інтэрпол і цяпер яго дэпартуюць у Саудаўскую Арабію. Як распавялі міжнародныя сьледчыя, Хашокджы да апошняга моманту пытаўся, ці зьяўляецца гэта выкраданьнем і ці зробяць яму спэцыяльную іньекцыю. На гэта яму пазьней далі станоўчы адказ.

Паводле экспэртаў, напярэдадні забойства ўсім турэцкім супрацоўнікам консульства далі выходны, а пакой, у якім усё адбылося, абцягнулі поліэтыленам. Як кажуць тыя чальцы сьледчай групы, што азнаёміліся з запісамі Хашокджы заткнулі рот і надзелі яму на галаву плястыкавы пакет.

«Потым раздаецца чыйсьці крык: „Усё, гатова“, і нехта яшчэ крычыць:» Здыміце гэта, здыміце гэта. Кладзіце вось гэта яму на галаву. Заматайце». Я магу толькі выказаць здагадку, што ў гэты момант яны аддзялілі галаву ад тулава», — распавяла Аньес Каламар — спэцдакладчык ААН па пытаньні пазасудовых сьмяротных пакараньняў, якая ўзначальвае экспэртную групу. Яна таксама паведаміла аб ціхім гуку, які быў падобны на гук касьцяной пілы.

Праз гадзіну з тэрыторыі кансулята выехалі некалькі аўтамабіляў: яны накіраваліся ў рэзыдэнцыю саудаўскага генконсула. На тэрыторыю рэзыдэнцыі ўнесьлі некалькі валізак і поліэтыленавых пакетаў. Міжнароднае сьледзтва лічыць, што ў іх маглі знаходзіцца фрагмэнты цела.

Амаль празь дзьве гадзіны камэры вонкавага назіраньня зафіксавалі, як з будынка консульства выйшаў чалавек у вопратцы журналіста і накіраваўся ў бок мячэці, дзе пераапрануўся. Пазьней ён вярнуўся ў гатэль, у якім раней засяліліся саудаўскія чыноўнікі. У шэсьць вечара 2 кастрычніка ўсе саудаўскія чыноўнікі пакінулі краіну.

Пасьля забойства

Афіцыйныя прадстаўнікі Саудаўскай Арабіі 3 кастрычніка заявілі, што Хашокджы прыходзіў у консульства, але неўзабаве пакінуў яго. На працягу амаль двух тыдняў улады Саудаўскай Арабіі адмаўлялі турэцкім сьледчым у правядзеньні ператрусу на тэрыторыі консульства але потым пагадзіліся на гэта. Перад прыходам турэцкай паліцыі з будынку консульства выйшлі жанчыны з абсталяваньнем для ўборкі.

Амаль адразу ж пасьля першых заяў аб зьнікненьні журналіста турэцкая і міжнародная прэса апублікавалі заявы крыніц у паліцыі — тыя былі перакананыя, што Хашокджы забілі. У сярэдзіне кастрычніка кароль Саудаўскай Арабіі загадаў пракурору правесьці ўнутранае расьсьледаваньне зьнікненьня журналіста. Амаль адразу ж у каралеўстве заявілі, што Хашокджы быў выпадкова забіты ў бойцы з супрацоўнікамі консульства.

Па падазрэньні ў забойстве арыштавалі 18 чалавек, яшчэ двое высокапастаўленых чыноўнікаў сышлі ў адстаўку. Ужо ў лістападзе 2018 для пецярых абвінавачаных пракурор запатрабаваў сьмяротнага пакараньня, але рашэньня суда няма і дагэтуль. Таксама невядомыя імёны падсудных — сьледзтва праходзіць у закрытым рэжыме, а ўлады Саудаўскай Арабіі адмаўляюцца раскрываць іх асобы.

Міжнароднае сьледзтва перакананае, што падобную апэрацыю нельга было зрабіць без асабістай санкцыі ці ведама кронпрынца Саудаўскай Арабіі. Афіцыйны Эр-Рыяд адхіляе любыя абвінавачваньні ў свой адрас, а насьледны прынц назваў забойства «агідным злачынствам».

У канцы верасьня 2019-га ў інтэрвʼю тэлеканалу PBS ён узяў на сябе адказнасьць за сьмерць Хашокджы, таму што забойства адбылося ў пэрыяд яго фактычнага кіраваньня. Але ён працягвае настойваць, што ня быў дасьведчаны аб апэрацыі: па словах прынца, у Саудаўскай Арабіі «20 мільёнаў падданых і 3 мільёна дзяржаўных служачых», і немагчыма ведаць, што робіць кожны зь іх. Дзе знаходзіцца цела Хашокджы — дагэтуль невядома.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG