Сярэдняя школа № 15 у Гомлі, дзе «настаўніца з партай» абражала вучня
Беларускі офіс UNICEF адказаў на адкрыты ліст блогера Антона Матолькі. Блогер пытаўся, як фонд абароніць вучня 4-й клясы, якому пагражала «настаўніца з партай» і якога Лукашэнка назваў шчанюком.
У адказе адзначаецца, што UNICEF сочыць за разьвіцьцём сытуацыі пасьля здарэньня ў гомельскай школе № 15 і спадзяецца, што ў далейшым такіх канфліктаў ня будзе.
Матолька задаваў UNICEF тры пытаньні:
Як беларускі офіс ацэньвае ўжываньне гвалту і пагрозу гвалтам з боку настаўніцы адносна вучня 4 клясы?
Як офіс ацэньвае выказваньне Лукашэнкі адносна канкрэтнага дзіцяці, якое пацярпела ад гвалту ў школе?
Якія захады зьбіраецца зрабіць фонд, каб абараніць правы дзіцяці, якое «стала мішэньню для публічнага булінгу з боку Аляксандра Лукашэнкі, які, сярод іншага, вядомы 25-гадовай практыкай грубых парушэньняў правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь»?
Блогер лічыць што арганізацыя не адказала на пастаўленыя пытаньні, і зьбіраецца зьвяртацца ў галоўны офіс UNICEF.