Вышэйшых урадоўцаў і гомельскіх чыноўнікаў прыцягнулі да адказнасьці за інцыдэнт у гомельскай школе № 15, дзе настаўніца нецэнзурна абражала вучня. Адпаведнае распараджэньне падпісаў 19 верасьня Аляксандар Лукашэнка, піша БелаПАН са спасылкай на ягоную прэс-службу.
Каго звольняць?
Паводле распараджэньня старшыня Гомельскага аблвыканкаму Генадзь Салавей мусіць прасачыць, каб свае пасады вызвалілі:
- Начальнік упраўленьня адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргей Парошын. Менавіта ён у дзень канфлікту абвясьціў бацькам пра звальненьне настаўцы Людмілы Чацьвяртковай;
- Начальнік упраўленьня адукацыі Гомельскага гарвыканкаму Людміла Крылістэнка;
- Намесьніца кіраўніка адміністрацыі Навабеліцкага раёну Гомля Алена Копа;
- Начальнік аддзелу адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Навабеліцкага раёну Гомля Аляксандар Дземянчук;
- Галоўны спэцыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму, адміністрацыі Навабеліцкага раёну Гомля Кацярына Шарамава;
- Дырэктарка гомельскай школы № 15 Марына Чарненка.
Звольненых перавядуць на іншую працу, куды менавіта — не ўдакладняецца.
Каго ўжо пакаралі?
За непрыманьне мераў па навядзеньні ў школах парадку і невыкананьне даручэньняў кіраўніка дзяржавы «строга папярэдзілі»:
- прэмʼер-міністра Сяргея Румаса;
- кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Натальлю Качанаву;
- намесьніка прэмʼер-міністра Ігара Петрышэнку.
Міністра адукацыі Ігара Карпенку папярэдзілі аб няпоўнай службовай адпаведнасьці.
Вымову абвясьцілі:
- намесьніку старшыні Гомельскага аблвыканкаму Ўладзімеру Прывалаву;
- кіраўніку адміністрацыі Навабеліцкага раёну Гомля Сяргею Казачку;
- намесьніку старшыні Гомельскага гарвыканкаму Віталю Атаманчуку.
Таксама, паводле распараджэньня, Румас, Качанава, Карпенка і Салавей мусяць забясьпечыць прыцягненьне да адказнасьці іншых службовых асоб, якія вінныя ў «неналежнай працы ўстановаў агульнай і сярэдняй адукацыі».