Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Германовіч супраць Лівянта: два погляды на інцыдэнт вакол «настаўніцы з партай»


Школа N15 у Гомлі, дзе здарыўся інцыдэнт
Школа N15 у Гомлі, дзе здарыўся інцыдэнт

Што сапраўды адбылося ў гомельскай школе? Ці залежыць ацэнка ад дэталяў? Словы Лукашэнкі «ды я на месцы гэтага настаўніка галаву б адкруціў шчанюку» — ці не індульгенцыя для настаўнікаў на гвалт над вучнямі?

Аб гэтым у «Праскім акцэнце» спрачаюцца гомельская журналістка Алена Германовіч і пэдагог Яўген Лівянт.

Сьцісла

Германовіч:

  • Звальненьне гэтай настаўніцы было правільным крокам
  • Адзін з татаў сказаў, што гэта звычайныя паводзіны для гэтай настаўніцы
  • Настаўніца брудна лаецца на дзіця, трымае ў руках цяжкую парту і кажа: «Ты пойдзеш на могілкі». Што яшчэ трэба?
  • Дарослы чалавек кажа, што вучню, «шчанюку», трэба адкруціць галаву. Я таксама маю дзяцей і не магу гэтага прыняць

Лівянт:

  • Мы бачым абрэзанае відэа, мы ня бачым, з чаго пачынаецца інцыдэнт
  • Я катэгарычна ня згодны зь нежаданьнем высьвятляць, што ж было насамрэч
  • Настаўніцу звольнілі без службовага разбору
  • Прэзыдэнт скасаваў рашэньне сваіх падначаленых, якое ён палічыў несправядлівым, і правільна зрабіў

Ці важныя дэталі ў справе гомельскай «настаўніцы з партай»?

Дракахруст: Інцыдэнт у гомельскай школе, дзе настаўніца аблаяла матам вучня, выклікаў у беларускім грамадзтве бурную рэакцыю і гарачыя спрэчкі. Вы, Алена і Яўген, таксама ў гэтых спрэчках паўдзельнічалі.

Свой погляд выказала і ўлада: спачатку настаўніцу звольнілі, але потым кіраўнік дзяржавы загадаў аднавіць яе на працы, звольніў дырэктарку школы і зрабіў вымовы міністру адукацыі, прэм’ер-міністру і кіраўніцы сваёй адміністрацыі.

Вышэйшая ўлада сваё слова сказала, але ці апошняе яно для грамадзтва?

Я прапаную працягнуць вашую, Алена і Яўген, спрэчку. Ангельцы кажуць — дʼябал хаваецца ў дэталях. Ці той тут выпадак? Ёсьць дзьве вэрсіі.

1. Настаўніца, раззлаваная паводзінамі вучня, замахнулася на яго партай, прыгразіўшы пакалечыць ці нават забіць.

2. Настаўніца хацела адсадзіць непаслухмянага вучня, несла парту, ён падставіў ёй падножку, яна ледзь не ўпусьціла на яго парту і эмацыйна адрэагавала: «Я ж магла упасьці і цябе забіць, так цябе і гэтак».

Ці мае значэньне, як яно было папраўдзе? Ці тут мусіць быць унівэрсальны падыход: мацюкі настаўніка ў адрас вучня — вэрдыкт прафэсійнай непрыдатнасьці?

Алена Германовіч
Алена Германовіч


Германовіч: Звальненьне гэтай настаўніцы было правільным крокам. Сёньня я размаўляла з гэтай настаўніцай, шмат зь якімі бацькамі. Адзін з татаў сказаў, што гэта звычайныя паводзіны для гэтай настаўніцы. Ягоны сын вучыўся ў яе зь першай клясы, і яна аднаго разу так моцна схапіла яго за вуха, што разарвала.

І тое, што яна ставіла вучняў да дошкі, прыніжала іх — гэта таксама звычайныя для яе паводзіны. Яна думала, што такім чынам выхоўвае дзяцей. Магчыма, я і памыляюся, але для яе гэта ня быў нэрвовы зрыў, не была імгненная рэакцыя, гэта быў яе звыклы стыль паводзінаў.

Дракахруст: А як вы ацэньваеце вэрсію Яўгена — што хлопчык падставіў ёй падножку і яе словы не азначалі пагрозу забойствам, а перасьцярогу, што ён можа пацярпець ад таго, што яна ўпусьціць на яго гэтую парту?

Германовіч: Я гэта выключаю, там на відэа яна гаворыць — я цябе трэсну, я іду, а ты мне пад руку гадасьці гаворыш. Яна не казала: «Ты мне падножку ставіш». У першы дзень журналісты шмат зь ёй гутарылі, і яна ні слова не казала пра падножку.

Лівянт: Я б хацеў, каб размова была не пра тое, што яна адарвала вуха нейкаму хлопчыку, а каб было прозьвішча, імя, час. Ёсьць стомленасьць ад бясконцых чутак і плётак. Калі мы абвінавачваем нейкага чалавека, трэба абапірацца на канкрэтныя імёны.

Германовіч: На вахце ў школе я сустрэла мужчыну, які водзіць сваіх дзяцей у гэтую школу — у малодшыя і сярэднія клясы. Некаторыя з бацькоў казалі, што яна жорстка сябе паводзіць. А пра вуха нам сказаў канкрэтны тата, чые дзеці вучацца ў гэтай школе. Гэта ня быў нейкі мінак ці забулдон за рагом школы.

Лівянт: Калі майму дзіцяці настаўнік адрывае вуха, то я паскарджуся ў праваахоўныя органы, я ня буду саромецца сказаць пра гэта. Я ня веру, што, калі гэта сапраўды адбываецца, чалавек будзе маўчаць. Чалавек тады піша заяву ў міліцыю, дырэктару школы.

Мая першая рэакцыя была, што настаўніца была ў стане афэкту ад таго бязладзьдзя, якое было на ўроку. А потым, калі я ўважліва паглядзеў гэтае відэа, я напісаў, што і афэкту ніякага не было. Мы бачым абрэзанае відэа, абрэзанае з пачатку. Мы ня бачым, з чаго пачынаецца інцыдэнт. І гэта сьвядома зроблена. Маладыя людзі зрывалі ўрок, настаўніца спрабавала іх утаймаваць.

У пачатковай школе ёсьць такія адмысловыя парты-канторкі для аднаго вучня, каб ён стаяў, а не сядзеў. Гэтую канторку нельга пераносіць інакш, чым так, як яе пераносіла гэтая гомельская настаўніца. Яе нельга пераносіць паміж партамі.

Настаўніца была ў спакойным стане. Калі б яна хацела выцяць вучня, парта не патрэбна, для гэтага ёсьць рука, кніга, хто заўгодна, калі настаўніца неадэкватная.

Нікога яна не хацела ўдарыць. Гледзячы па ўсім, нага была падстаўленая. Ну ў кагосьці ж ёсьць поўнае відэа, у бацькоў гэтага вучня ёсьць поўнае відэа. І яна зьдзівілася — хлопец, ты што робіш, а калі б я на цябе ўпала? Ну і ўжыла нелітаратурнае слова.

Германовіч: Навошта гэтыя вэрсіі, калі яна кажа на відэа: «Я цябе трэсну і табе будзе... канец. Я іду, а ты мне пад руку гадасьці кажаш»? І дадала — «Цябе панясуць на могілкі, а мы будзем сьмяяцца». Яна не казала: «Што ты робіш?».

І слова «хлопец» тут недарэчнае. Гэта дзіця 9 гадоў. Назваць яго хлопцам — гэта нейкая маніпуляцыя.

Лівянт: Алена, паспрабуйце там у сябе ў Гомлі знайсьці гэтае поўнае відэа, і спрэчкі б скончыліся.

Дракахруст: Алена, а ці ёсьць гэтае поўнае відэа наагул? Магчыма, тое, што абнародавалі — гэта ўсё, што дзеці засьнялі і распаўсюдзілі.

Лівянт: Ня дзеці распаўсюдзілі, а бацькі аднаго з вучняў. Так напісана на гомельскім сайце «Сильные новости». І калі відеа зьявілася на «Онлайнеры», там таксама напісана, што яго прадаставілі бацькі.

«Адкруціць галаву шчанюку»

Дракахруст: Алена, дык ці ёсьць магчымасьць здабыць поўнае відэа?

Германовіч: Я гэтым займацца ня буду. Ды ў гэтым і няма сэнсу — было тое, што было. Настаўніца брудна лаецца на дзіця, трымае ў руках цяжкую парту і кажа «Ты пойдзеш на могілкі» — што яшчэ трэба?

Навошта шукаць відэа, калі кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў, што гэтаму вучню трэба адкруціць галаву. Гэта проста хамства, варʼяцтва, пакладзенае ў падмурак беларускай ідэалёгіі.

Бацьку гэтага хлопчыка сёньня выклікалі ў міліцыю, зь яго робяць нейкага злачынцу. Яго і так дэманізавалі на ўсіх форумах і сайтах, пісалі пра яго розныя брыдкія словы. Людзі ня думаюць, што гэтыя словы яны пішуць на адрас дзевяцігадовага хлопчыка. Ён жа гэта можа прачытаць у інтэрнэце. Ніхто ня думаў, што ў дзіцяці будзе траўма?

Дарослы чалавек, як тая настаўніца, якой 56 гадоў, павінен трымаць сябе ў руках.

Дракахруст: Алена ўжо працытавала сёньняшнюю заяву Лукашэнкі «Ды я на месцы гэтага настаўніка галаву б адкруціў шчанюку». Ці не індульгенцыя гэта для настаўнікаў на гвалт над вучнямі, на «адкручваньне галоваў» і ў іншых, можа, і менш двухсэнсоўных сытуацыях?

Яўген Лівянт
Яўген Лівянт


Лівянт: Я не гатовы абмяркоўваць нешта, вырванае з кантэксту. Я катэгарычна ня згодны зь нежаданьнем высьвятляць, што ж было на самой справе. Я не кіруюся нейкімі стэрэатыпамі, я не прыдумаў сябе, хто мае рацыю, а хто не — я хачу паглядзець поўнае відэа, каб зрабіць высновы.

Я спадзяюся, што бацьку гэтага дзіцяці выклікалі ў міліцыю менавіта з гэтай нагоды. Разьмяшчэньне гэтага відэа, наколькі я ведаю, зьяўляецца злачынствам. Калі б ён пайшоў з гэтым відэа ў міліцыю ці да дырэктара — гэта было б нармальна.

Памятаеце гісторыю пра краму сэкандхэнд і скрадзеныя майткі? За што пасадзілі прадаўца гэтых майткаў? За тое, што ён выклаў відэа ў Сеціва. Няглядзячы на тое, што майткі былі скрадзеныя.

Наконт таго, што прэзыдэнт учора нібыта хутка прыняў рашэньне. Нічога падобнага. Хутка была звольненая настаўніца. Вось гэта было зроблена без службовага разбору. Калі б яго правялі, то яе б адхілілі часова ад заняткаў, да завяршэньня разбору. Гэта б я зразумеў. Але гэтага ж не было. Са страху за свае пасады гомельскія чыноўнікі хуценька прынялі рашэньне звольніць. Ну а прэзыдэнт выправіў гэтую сытуацыю.

Прэзыдэнт не адмяняў рашэньняў ні прафсаюзу, судовых органаў ці парлямэнцкай камісіі. Ніхто зь іх гэтага рашэньне не прымаў. Ён скасаваў рашэньне сваіх падначаленых, якое ён палічыў несправядлівым. Правільна зрабіў, я думаю.

Дракахруст: Алена, а што вы думаеце пра магчымыя наступствы выказваньня пра «адкручваньне галавы», нават незалежна ад таго, што адбылося ў Гомелі насамрэч?

Германовіч: Менавіта, гэта індульгенцыя на гвалт. Дарослы чалавек кажа, што вучню, «шчанюку», трэба адкруціць галаву. Я таксама маю дзяцей і не магу гэта прыняць. І я не магу назваць гэта адэкватным рашэньнем.

Сёньня я з 7 раніцы была ў гэтай 15-й школе, размаўляла з процьмай настаўнікаў, бацькоў, зь некаторымі дзецьмі, якія цяпер у старшых клясах, а раней вучыліся ў гэтай настаўніцы.

Мінімум, што яны казалі, дык гэта тое, што стыль паводзінаў у яе жорсткі.

Як звольнілі «настаўніцу з партай»?

Дракахруст: А ці згодны вы з думкай Яўгена, што звольнілі яе занадта хутка?

Германовіч: Мы размаўлялі ў той дзень з начальнікам абласнога ўпраўленьня адукацыі. Ён прыехаў у школу і расказваў усе падрабязнасьці. Ён сказаў, што была службовая праверка, яна пісала тлумачэньне. Былі тут, у школе, гарадзкія і абласныя чыноўнікі.

Сёньня бацькі распавядалі, што да Людмілы Іванаўны (настаўніцы, якая лаялася матам. — РС) былі і раней прэтэнзіі, але дырэктарка яе не звальняла, зважаючы на яе ўзрост, і спрабавала яе ўтаймаваць.

Лівянт: Пра што вы гаворыце? Яна была звольненая паводле артыкулу Працоўнага кодэксу. Яна была звольненая за адны содні.

Германовіч: Я кажу, што да гэтага быў разбор. Пасьлядоўнасьць дзеяньняў такая — яе выклікалі да дырэктаркі, яна пісала тлумачэньне, потым было прыцягнутае гарадзкое і абласное кіраўніцтва.

Кіраўнік абласнога ўпраўленьня адукацыі Сяргей Парошын таксама з настаўніцай размаўляў, праводзіў бацькоўскі сход, бацькі распавядалі, як там было на самой справе. Парошын прасіў прабачэньня ва ўсіх бацькоў. Настаўніца, дарэчы, адмовілася прасіць прабачэньня ў бацькоў і ў дзяцей таксама.

І пасьля гэтага быў надрукаваны загад, мы яго бачылі на свае вочы.

Лівянт: Гэта абсалютна не адпавядае рэчаіснасьці. Настаўніца была звольненая паводле артыкулу спачатку, а толькі потым яны прыехалі ў школу, дзе да бацькоў давялі інфармацыю, што настаўніца ўжо звольненая і заўтра да вас прыйдзе новая.

Дракахруст: Яўген, а адкуль вы яго ўзялі, у колькі гадзінаў быў падпісаны загад аб звальненьні настаўніцы?

Лівянт: Дапусьцім, я памыляюся. Але, як і зь відэа, я хачу, каб быў паўнацэнны службовы разбор. І я б вельмі хацеў, каб яно было апублікаванае. І тады б зьніклі домыслы, наклейваньне цэтлікаў. Каб паведамілі, настаўніца была звольненая да расьследаваньня ці пасьля.

Калі гэтае расьсьледаваньне будзе апублікаванае, тады і ня будзе ўзьнікаць страхаў, што настаўнікам дадзеная індульгенцыя рабіць усё, што заўгодна.

Калі паўнавартаснае дасьледаваньне будзе праводзіцца ва ўсіх выпадках, то гэта спыніць усіх — і неадэкватных настаўнікаў (я не хачу сказаць, што іх няма, яны ёсьць), але і неадэкватных вучняў і неадэкватных бацькоў.

Як тлумачыць інцыдэнт «настаўніца з партай»?

Дракахруст: Алена, а як вы ставіцеся да прапановы, каб была апублікаваная прынамсі яе тлумачальная запіска? Ці ёсьць яе вядомае публічнае тлумачэньне?

Германовіч: Яе тлумачэньні былі ў першы дзень, якія яна дала парталу TUT. BY: што яна была стомленая, раздражнёная, што ў яе хворая маці.
Але гэтыя тлумачэньні выглядаюць дзіцячымі.

Дракахруст: Алена, гэта матывацыя. А як яна апісала самую падзею?

Германовіч: Яна патлумачыла, што несла гэтую парту, ён ёй казаў пад руку гадасьці. Ні пра якую падножку там не было ніякай размовы. Я веру Сяргею Парошыну, я была ў гэтай школе і ў пятніцу, і сёньня, і магу рабіць пэўныя высновы.

Дракахруст: Яўген, калі тлумачэньне, якое гэтая настаўніца дала пісьмова, супадае з тым, што яна сказала TUT. BY, гэта зьмяніла б ваш погляд?

Лівянт: Ёсьць прымаўка: калі б у бабкі была барада, яна была б дзедам. Я хачу бачыць поўнае відэа, дакумэнты, загад аб звальненьні, ведаць час, калі ён быў падпісаны. Навошта гіпатэтычныя размовы? Людзі ствараюць сабе вэрсію, ілюзію, і падганяюць пад яе факты.

Я дапускаю, што я ня маю рацыі. Калі я ўбачу поўнае відэа, убачу ўсе дакумэнты і пераканаюся, што ня меў рацыі, я гэта прызнаю, скажу, што пагарачыўся.

Дракахруст: Яўген, на жаль, ні я, ні Алена ня можам вам прадаставіць гэтае відэа і гэтыя дакумэнты.

Лівянт: Менавіта што на жаль. Але ўсе кажуць настаўнікам, што яны павінны рабіць. Але, на мой погляд, першае, што павінны былі зрабіць журналісты — гэта паспрабаваць знайсьці поўнае відэа. Ці даказаць, што тое, што было абнародавана — і ёсьць поўнае відэа.

Чаму б спачатку не дасьледаваць факты, а не падганяць факты ці іхную адсутнасьць пад свае погляды?

Дракахруст: Яўген, але вы ж кажаце, прэзыдэнт зрабіў правільна. Таксама ня ведаючы ўсіх фактаў. Аднак вам жа гэта не перашкаджае зрабіць такую адназначную выснову.

Лівянт: Увечары зьявілася відэа. Раніцай я напісаў у сваім ФБ, што ў настаўніцы трэба папрасіць прабачэньня, яе трэба аднавіць на працы, што трэба пакараць чыноўнікаў, якія прынялі такое пасьпешлівае рашэньне.

Я не разьлічваў на тое, што адбудзецца так, як яно адбылося, што справядлівасьць будзе адноўленая. Я лічыў, што шанцы на гэта мінімальныя. Я выказаў сваю думку да таго, як прэзыдэнт прыняў сваё рашэньне. Рэдка бывае ў нашым жыцьці, калі аднаўляецца справядлівасьць.

І я б хацеў, каб на гэтым не спыніліся. А каб былі апублікаваныя ўсе матэрыялы, каб не выглядала, што адно пасьпешлівае рашэньне было замененае іншым, таксама пасьпешлівым.

Мне ня вельмі спадабалася звальненьне дырэктаркі школы. Зусім не спадабалася. Калі я пісаў, што варта пакараць чыноўнікаў, я меў на ўвазе не дырэктарку, а чыноўнікаў з аддзелаў адукацыі раёну, гораду і вобласьці.

Рэха рашэньня прэзыдэнта

Дракахруст: Алена, як вы мяркуеце, пасьля пасьля таго, як Лукашэнка агучыў сваё рашэньне, той разбор, якога хацеў бы Яўген, — ён будзе праведзены?

Германовіч: Гэта немагчыма. Ужо ўсё сказана. Хочуць нашыя чыноўнікі ці ня хочуць, разумеюць яны, што дырэктарка ў 15-й школе добрая ці не — яна будзе звольненая. У яе падтрымку сёньня бацькі выходзілі на сход. Ці справядліва, што яна звольненая? Зразумела, гэта несправядліва. Гэта кажуць бацькі, настаўнікі, завучы.

Дракахруст: Дык а вось наконт публікацыі часу загаду, тлумачэньня настаўніцы — яно ж і сапраўды можа не супасьці з тым, што яна сказала TUT. BY.

Германовіч: Усё супадае. Мы былі ў гэтай школе, там быў бацькоўскі сход, пасьля нам абвясьцілі вынікі сходу, журналіст TUT.BY прысутнічаў на сходзе, бо раней прыйшоў. У мяне няма падставаў ня верыць Сяргею Парошыну і лічыць, што ён выдумляў нейкія казкі, бо раней ён ня быў у гэтым заўважаны.

Лівянт: Алена, але вы хацелі б убачыць поўнае відэа ці яно вам ня трэба?

Германовіч: Я дарослы чалавек і не жыву сваімі хацелкамі, чаго я хачу ці не хачу.

Што важна ведаць пра канфлікт вакол «настаўніцы з партай»

З чаго ўсё пачалося

Гомельскае выданьне «Сильные новости» апублікавала 13 верасьня відэа, зьнятае вучнямі мясцовай школы №15: настаўніца замахваецца партай на вучня і абражае яго. У прыватнасьці, настаўніца кажа: «Я ў турму пайду, а табе *** [гамон] будзе».

Настаўніца на відэа — Людміла Чацьвярткова. Яна працавала ў школе 35 гадоў і неўзабаве мела выйсьці на пэнсію. Звычайна яна выкладала ў 2 клясе, у 4 кляс у дзень інцыдэнту трапіла на замену. Сьцьвярджаецца, што яна пасьля здарэньня напісала тлумачальную і прызнавала свае дзеяньні няправільнымі.

Настаўніцу спачатку звольнілі

Вечарам 13 верасьня ў школе прайшоў бацькоўскі сход, на якім былі намесьнік старшыні гарвыканкаму Віталь Атаманчук, начальнік упраўленьня адукацыі Сяргей Парошын і іншыя чыноўнікі.

Настаўніца Людміла Чацьвярткова
Настаўніца Людміла Чацьвярткова

На сходзе Парошын патлумачыў бацькам сытуацыю, папрасіў прабачэньня і абвясьціў, што настаўніца звольненая.

Як адрэагавалі бацькі

Бацька 9-гадовага школьніка, на якога кідалася з партай настаўніца, казаў, што абураны рэакцыяй дарослых, якія вінавацяць яго сына ў інцыдэнце. Ён падкрэсьліў, што ягоны сын ня ставіў настаўніцы падножку: гэта вэрсія карыстальнікаў інтэрнэту.

Адзін з бацькоў вучняў школы №15 расказваў, што Чацьвярткова нібыта парвала вуха ягонаму сыну, калі той вучыўся ў першым клясе, і што рэгулярна прыніжала дзяцей і чыніла гвалт адносна іх.

19 верасьня каля 30 бацькоў выйшлі на стыхійны сход да школы, але на перамовах з чыноўнікамі не дамагліся аднаўленьня яе на працы. Бацькі вырашылі зьбіраць подпісы пад пэтыцыяй за вяртаньне дырэктаркі.

Лукашэнка загадаў вярнуць настаўніцу

18 верасьня стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка даручыў аднавіць на працы настаўніцу Чацьвярткову і звольніць дырэктарку школы. Міністра адукацыі Ігара Карпенку папярэдзілі аб няпоўнай службовай адпаведнасьці, «строга папярэдзілі» прэм’ер-міністра, кіраўніцу Адміністрацыі прэзыдэнта і віцэ-прэм’ера, адказнага за адукацыю.

19 верасьня Лукашэнка публічна выказаўся ў падтрымку настаўніцы: маўляў, на яе месцы «галаву б адкруціў шчанюку». Таксама ён заявіў, што са зьдзекаў з настаўнікаў пачынаюцца трагедыі, як у Стоўпцах. Чыноўнікаў ён раскрытыкаваў за тое, што яны «абсікаліся, што іх, бачыце, у сацыяльных сетках разьмясьцілі».

Міліцыя распачала праверку

У сувязі з інцыдэнтам міліцыянты распачалі праверку ў межах адміністрацыйнага заканадаўства, апытвалі ўсіх удзельнікаў канфлікту, у тым ліку сьведак-дзяцей пры ўдзеле бацькоў, а таксама хлопца, на якога настаўніца замахвалася партай, і ягонага бацьку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG