Савецкая ўлада масава пераймяноўвала старажытныя гарады й мястэчкі Беларусі, назвы якіх здаваліся ёй «немілагучнымі» і палітычна сумнеўнымі. Але выкарыстоўваць тапанімію як складнік гібрыднай вайны пачалі яшчэ ў Расейскай імпэрыі — пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага 1863–64 гадоў. Свабода сабрала зьвесткі пра шэраг гарадоў, арыгінальныя найменьні якіх зьмяніліся пад вонкавым уплывам.
Полацк
Афіцыйная назва — Полацк
Народнае вымаўленьне — Полацак
Тапонім згадваецца ў «Аповесьці мінулых гадоў» 862–865 гадоў, хоць дасьледнікі і лічаць дату прыблізнай — летапіс укладалі праз 200 гадоў пасьля апісаных падзеяў. Найстарэйшы горад крывічоў і сталіца першай дзяржавы на беларускай этнічнай тэрыторыі.
Полацак у ХІІ стагодзьдзі. Малюнак паводле рэканструкцыі, зробленай на падставе археалягічных раскопак
Імя, што характэрна для многіх беларускіх айконімаў, паходзіць ад назвы ракі — Палатá (магчыма, балцкага паходжаньня, корань азначае ‘балота’) і ў гістарычных крыніцах мае шмат варыянтаў напісаньня: Полотьскъ, Полътескъ, Полоцьк і інш.
У традыцыйным вымаўленьні мясцовых жыхароў назва гучала як Полацак, у зьбегу зычных дзеля мілагучнасьці зьяўляўся ўстаўны галосны (аналягічна Слуцак, Шацак). Гэта было зафіксавана нарматыўнымі слоўнікамі 1920-х гадоў, аднак русыфікацыйная рэформа беларускага правапісу 1933 году ўніфікавала напісаньне беларускае назвы з расейскаю.
Сафійскі сабор у Полацку, малюнак Напалеона Орды, 1875 год
Аналягічны ўстаўны галосны быў у суфіксах тапонімаў Слуцак і Клецак. Але ва ўскосных склонах ён прападае: у Полацку, у Слуцку, у Клецку.
У нарматыўным даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь», зацьверджаным Дзяржаўным камітэтам па маёмасьці і ўзгодненым з Тапанімічнай камісіяй пры Савеце Міністраў Беларусі, форма Полацак фіксуецца як варыянтная. Гэта значыць пры жаданьні мясцовых жыхароў і ўладаў яна можа быць прызнаная нарматыўнаю.