Лукашэнка прызначыў новага міністра аховы здароўя. Што пра яго вядома?
Уладзімер Каранік (справа), новы міністар аховы здароўя, у час наведваньня Аляксандрам Лукашэнкам Менскага гарадзкога клінічнага анкалягічнага дыспансэра, 29 сьнежня 2017 году
Аляксандар Лукашэнка 11 чэрвеня прызначыў міністрам аховы здароўя Ўладзімера Караніка, які з 2011 году быў галоўным урачом Менскага гарадзкога клінічнага анкалягічнага дыспансэру, піша БелТА.
Уладзімер Каранік нарадзіўся ў 1973 годзе ў Горадні, вучыўся ў Горадзенскім дзяржаўным мэдыцынскім інстытуце, працаваў у РНЦ анкалёгіі, прайшоў шлях ад лекара-стажора да загадчыка цэнтру.
Што вядома пра новага міністра?
Нарадзіўся ў 1973 годзе ў Горадні. Скончыў мясцовы мэдыцынскі інстытут у 1996 годзе.
У 1996–2011 годзе працаваў у РНПЦ анкалёгіі і мэдыцынскай радыялёгіі.
Кандыдат мэдычных навук. Абараніў дысэртацыю рака лёгкага.
Ад 2011 году быў галоўным урачом Менскага гарадзкога клінічнага анкалягічнага дыспансэру.
Што стала з папярэднім міністрам?
Што сталася з папярэднім міністрам здароўя Валерам Малашкам, не паведамляецца. Ён узначальваў Мінздароўя са студзеня 2017 году. На сайце міністэрства ён яшчэ значыцца міністрам.
У час, калі Малашка кіраваў міністэрствам, разгарнулася маштабная карупцыйная «справа мэдыкаў».
«Гэта ж ганьба, калі зьнізу даверху павязаныя хабарамі кіраўнікі ўстановаў і арганізацыяў! — абураўся Лукашэнка перад новым міністрам. — Прытым добрыя кіраўнікі, якія сябе добра як спэцыялісты зарэкамэндавалі, ня будзем называць прозьвішчы.
Да гэтага часу да мяне ходзяць, просяць: унікальны чалавек, адпусьціце, ён будзе там дняваць і начаваць ва ўстанове аховы здароўя. Хабары, якія ўзяў, вярнуў у падвойным памеры — трэба дараваць. Сяджу і думаю: а як дараваць?
Бо папярэджваў жа ўсіх, што карупцыя — гэта не пра Беларусь. Дараваньня ня будзе нікому. Трошкі прыбурэлі, як у народзе кажуць, знахабіліся, таму ўсіх трэба прывесьці да прытомнасьці. І вы гэта можаце зрабіць».