Школьнік, арыштаваны за двайное забойства ў Стоўпцах, прызнаў віну часткова 

Разьвітаньне і пахаваньне вучня Аляксандра Р., якога 11 лютага забіў нажом вучань 10 клясу Вадзім М.

Абвінавачаны ў двайным забойстве вучань Стаўпецкай сярэдняй школы № 2 сваю віну прызнаў часткова. Да яго ўжытая мера стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту.

Пра гэта паведамілі ў Галоўным сьледчым упраўленьні Сьледчага камітэту Беларусі.

11 лютага 15-гадовы падлетак ударыў нажом 50-гадовую настаўніцу і 17-гадовага вучня, якія памерлі на месцы. Акрамя таго, ён нанёс удары нажом двум аднаклясьнікам, якія былі шпіталізаваныя з траўмамі рознай ступені. Школьнікі ўжо выпісаныя зь лякарні, іхнаму жыцьцю нічога не пагражае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перад нападам у Стоўпцах школьнік выдаліў усе запісы з тэлефона і кампутара, — СК
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як хавалі ахвяраў нападу ў Стоўпцах. Фотарэпартаж

Падчас расьсьледаваньня крымінальнай справы сьледчымі праведзеныя агляды месца здарэньня, дапытаныя сьведкі, вывучаныя і далучаныя да матэрыялаў крымінальнай справы запісы камэр відэаназіраньня.

Згодна з заключэньнем комплекснай стацыянарнай псыхоляга-псыхіятрычнай экспэртызы, праведзенай у дачыненьні да падлетка, ён ўсьведамляў злачынны характар сваіх дзеяньняў і мог кіраваць імі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як сыстэма адукацыі разабралася зь вінаватымі ў стаўпецкай трагедыі

Сьледчымі прад’яўленае абвінавачваньне школьніку ў некалькіх злачынствах:

  • забойства дзьвюх асобаў з асаблівай жорсткасьцю з хуліганскіх меркаваньняў (ч. 2 арт 139 Крымінальнага кодэксу Беларусь)
  • замах на забойства дзьвюх асобаў з асаблівай жорсткасьцю з хуліганскіх меркаваньняў (ч. 1 арт. 14 ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Беларусі).

Расьсьледаваньне крымінальнай справы працягваецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гэта магло здарыцца ў любым горадзе. Што не ўвайшло ў рэпартаж пра Стоўпцы

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вадзім сам здаўся». Бацькі распавялі пра затрыманага ў Стоўпцах сына і паказалі ягоны пакой

Забойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае

  • Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
  • 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
  • Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.