Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Экстрасэнс замест псыхатэрапэўта». Школьны псыхоляг пра тое, што бацькі робяць з псыхічным здароўем дзяцей


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У якім узросьце паводзіны школьнікаў самыя непрадказальныя і з чым гэта зьвязана? Чаму псыхолягі ня могуць прадбачыць самагубствы і забойствы сярод школьнікаў? Пра гэта Свабода пагаварыла са Сьвятланай (імя зьмененае па просьбе гераіні), якая працуе ў менскай школе псыхолягам.

Жыць на заробак псыхоляга нерэальна

Я працую псыхолягам у школе каля 20 гадоў. У нашай сацыяльна-псыхалягічнай службе два псыхолягі і адзін сацыяльны пэдагог амаль на 600 вучняў. Такое можа дазволіць сабе ня кожная школа. Часта адзін псыхоляг працуе за дваіх і яшчэ выконвае ролю сацыяльнага пэдагога. Аднаму яму прасачыць за ўсімі вучнямі ў школе чыста фізычна складана.

Сярэдні заробак пэдагога-псыхоляга ў Менску — 438 рублёў, агулам па Беларусі — 300. Жыць на гэтыя грошы нерэальна, таму ў школах высокая цякучка. Часта псыхолягі сыходзяць у прыватную практыку.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Тэма псыхалягічнага здароўя ў грамадзтве — табу. Калі дзіця — алімпіяднік, добра вучыцца, не прагульвае заняткі, то бацькам і ў галаву ня прыйдзе, што ў гэтага дзіцяці могуць быць псыхалягічныя праблемы. «У нас нармальная сям’я, мы не вар’яты», — такі аргумэнт.

У нас вельмі простыя тэсты, зацьверджаныя Міністэрствам адукацыі

У школе мы праводзім тэставаньне, каб вызначыць тэмпэрамэнт. Робім сацыямэтрычныя дасьледаваньні, каб зразумець, ці ёсьць у клясах ізаляваныя дзеці. У нас вельмі простыя тэсты, зацьверджаныя Міністэрствам адукацыі. Вядома, сыстэма тэставаньня не дасканалая. Мы просім вучняў адказваць шчыра, але пры жаданьні можна атрымаць любы вынік.

Мы не праводзім клінічных тэстаў на дэпрэсію, ня рыемся глыбока ў кожным дзіцяці, як псыхіятры. У нас ёсьць інструмэнтар, і на запыт бацькоў мы робім такі тэст. Але за 20 гадоў працы па гэты тэст да мяне зьвярнуліся толькі адзін раз. Няма такой мэтодыкі, з дапамогай якой мы б вызначылі: зараз дзіця возьме нож і пойдзе забіваць. Чалавек — зьменлівая сыстэма, асабліва ў падлеткавым узросьце.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Калі бацькі забараняюць тэставаць дзяцей, значыць, ім ёсьць што хаваць

Бацькі не заўсёды даюць дазвол на тэставаньне дзяцей, пішуць адмову. Для мяне гэта маячок. Калі ёсьць страх, што нешта адкрыецца, значыць, ім ёсьць што хаваць.

Калі ў сям’і абясцэньваюць псыхалёгію, то і само дзіця ставіцца да яе скептычна: «Нармальным людзям псыхоляг не патрэбны». Мы кожны год чуем, што гэта прафанацыя.

Ня трэба ва ўсім вінаваціць псыхолягаў. Мы ня можам заўсёды ведаць, што адбываецца ў сем’ях

​Многія нашы траўмы і заглушаныя пачуцьці бяруцца зь сям’і. Як будзе складацца нашае жыцьцё, шмат у чым вызначае тое, якія стасункі маюць бацькі паміж сабой і як выбудоўваюць адносіны зь дзецьмі.

Ня трэба ва ўсім вінаваціць псыхолягаў. Мы ня можам заўсёды ведаць, што адбываецца ў сем’ях. Дзіця можа перажываць унутры сябе сямейную драму — напрыклад, развод бацькоў. Калі мы бачым, што дзіцяці патрэбная дапамога, кажам бацькам. Мы фіксуем гэта ў лісьце і даём бацькам падпісаць яго. Далейшая адказнасьць — на іх. У нас няма права прымусіць дзіця пайсьці да псыхатэрапэўта.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Бацькі вядуць дзяцей да экстрасэнса замест псыхатэрапэўта

Калі ў дзіцяці зьяўляецца апатыя, парушаецца сон і апэтыт, зьніжаецца настрой, можна меркаваць пра дэпрэсію і зьвярнуцца да псыхатэрапэўта па кансультацыю. Бацькі ня могуць ведаць дакладна, але яны да апошняга адмаўляюць гэта. Кажуць, што дзіця проста разьленавалася і ніякіх прычын для дэпрэсіі няма.​

Бацькі да апошняга адмаўляюцца ад псыхатэрапэўта. Кажуць, што дзіця проста разьленавалася і ніякіх прычын для дэпрэсіі няма

​«Вазьмі сябе ў рукі, займіся справай», — такая ўстаноўка. Дарослыя часта абясцэньваюць перажываньні падлеткаў.

Бацькі вядуць дзяцей да экстрасэнса замест псыхатэрапэўта. Гэта рэальны выпадак з маёй практыкі. «Ну якія экстрасэнсы, калі ў чалавека клінічная дэпрэсія?» — пытаюся я.

«Псыхатэрапэўт прызначыў дзіцяці антыдэпрэсанты, але мы вырашылі, што ня будзем іх піць», — кажуць бацькі.

У такія моманты ў мяне апускаюцца рукі.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Як толькі нешта здараецца, бацькі пытаюцца, чаму мы нічога не зрабілі

Як толькі здараецца нешта сур’ёзнае, тыя ж бацькі пытаюцца: «А чаму вы нічога не зрабілі як спэцыяліст?». Адразу зьяўляюцца да нас прэтэнзіі. А ў нас абмежаваны арсэнал. Мы школьныя псыхолягі. Мы ня можам сілай прымусіць іх дзіця пісаць тэсты і размаўляць з намі. Але мы можам прапанаваць дзецям прыйсьці да нас пагаварыць. «Мы ня псыхі», — рэзка рэагуюць на прапанову дзеці. А псыхоляг насамрэч працуе з нормай.

У зоне рызыкі — падлеткі ва ўзросьце 15–17 гадоў, калі адбываюцца гарманальныя зьмены

​У падлеткаў тонкая псыхіка. Да яе трэба ставіцца асьцярожна. Незаўважаная дэпрэсія можа прывесьці да самагубства. У зоне рызыкі — падлеткі ва ўзросьце 15–17 гадоў, калі адбываюцца гарманальныя зьмены.

Ад аднагодкаў, зь якімі падлеткі дзеляцца сваімі праблемамі, чуюць у адказ: «Забі, у мяне яшчэ горш», або «Давай нап’емся, усё пройдзе». А важна падтрымаць яго, спытаць: «Што я магу для цябе зрабіць?» Важна, каб яго пачулі.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Мы дазваляем дзецям плакаць, ня трэба зь іх гадаваць спартанцаў

У сацсетках мы стварылі старонку псыхалягічнай дапамогі. Калі падлеткам страшна ісьці ў кабінэт псыхоляга, яны заўсёды могуць напісаць нам у інтэрнэце.

У некаторых школах ёсьць танцавальныя перапынкі. Празь цела можна выплюхнуць энэргію. Злосьць можна скідаць і з дапамогай арт-тэрапіі, антыстрэс-размалёвак, маляваньня крэйдай на асфальце.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота
«Хлопчыкі ня плачуць» — гэта перажыткі савецкага выхаваньня

У нашым кабінэце мы дазваляем дзецям біць падушкі, лаяцца матам, плакаць. «Хлопчыкі ня плачуць» — гэта перажыткі савецкага выхаваньня.

Зь дзяцей нібы гадуюць спартанцаў: «Я павінен з усім справіцца сам», «Мы моцныя, мы ня ныем», ці «Мы вельмі вясёлыя. Калі ёсьць праблемы, заўсёды можна пажартаваць». Узьнікае слушнае пытаньне: а што вы робіце, калі трэба пазлавацца, паплакаць? Няўжо ўвесь час жартаваць і закопваць унутр?​

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Агляд псыхіятра ў ваенкамаце — гэта фармальнасьць

Я не люблю выраз «У нас у сям’і ніхто ня сварыцца». Па-першае, гэта няпраўда. Усе адчуваюць агрэсію — мы жывыя людзі. Па-другое, гэта фраза пра забарону на пачуцьці і эмоцыі. Бацькам складана вытрымліваць злосьць дзяцей. «Ты ня маеш права на мяне крычаць, я твая маці (твой бацька)», — так затыкаюць дзяцей.

Часта дзеці выплюхваюць агрэсію на малодшых братоў і сясьцёр, на жывёлаў

Часта дзеці выплюхваюць агрэсію на малодшых братоў і сясьцёр, на жывёлаў

Такая агрэсія ўзьнікае, бо дзеці хаваюць пачуцьці ў сабе і заглушаюць іх. Але гэта можа быць і псыхічны разлад. Тады трэба зьвяртацца да псыхіятра.

У 16 гадоў хлопчыкі ўпершыню праходзяць агляд псыхіятра ў ваенкамаце. Гэта фармальная працэдура. Камісію праходзяць нават людзі з рознымі асаблівасьцямі. Бацькі да апошняга будуць адмаўляць псыхалягічныя і псыхічныя праблемы ў дзіцяці і знаходзіць адгаворкі, абы не пайсьці да спэцыяліста: «Ён проста ў нас дзівакаваты», «У яго багатая міміка».

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На забойства можа пайсьці чалавек безь відочных псыхічных парушэньняў

Гісторыя хлопчыка са Стоўпцаў можа быць маніфэстам сур’ёзнага псыхічнага захворваньня, першай моцнай праявай псыхозу.

Прычынай могуць быць і схаваныя зносіны ў сацыяльных сетках. Колькі разоў выкрываліся скрыншоты асабістых перапісак, калі з выгляду добрыя дзеці са шчасьлівых сем’яў цкавалі іншых самымі страшнымі словамі. Але інтэрнэт нельга забараніць. Ад інтэрнэту нікуды не падзенесься.

За вонкавым спакоем можа хавацца цэлае мора агрэсіі

На забойства можа пайсьці чалавек і безь відочных псыхічных парушэньняў. Чалавечая псыхіка мяняецца штодня. Увесь час адбываюцца нейкія падзеі. Мы ня ведаем, што на самой справе адбывалася з тым хлопчыкам, чым ён жыў. За вонкавым спакоем можа хавацца цэлае мора агрэсіі.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ён быў ціхі — вось і адказ. За вонкавым спакоем можа хавацца цэлае мора агрэсіі. Ніхто ня скажа, якія дэманы бушавалі ў ягонай душы, а сам ён пакуль ня хоча пра гэта гаварыць.

Дэпрэсія — гэта часта заглушаная ўнутраная злосьць. Хтосьці зьвяртае гэтую агрэсію на сябе — і гэта прыводзіць да суіцыду, а хтосьці на іншых — гэта прыводзіць да забойства. У любым выпадку гэта велізарны пласт здушаных пачуцьцяў і эмоцый, не прынятых і не пачутых. Прасканаваць і прадказаць гэта немагчыма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG