Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чавэс, Няміга і тэракт у мэтро. Па кім смуткавалі ў Беларусі


У Беларусі абвясьцілі жалобныя захады ў сувязі з трагедыяй у расейскім Кемераве, архіўнае фота
У Беларусі абвясьцілі жалобныя захады ў сувязі з трагедыяй у расейскім Кемераве, архіўнае фота

Падчас нападу вучня стаўпецкай школы загінулі настаўніца і падлетак, яшчэ двое школьнікаў былі цяжка параненыя. За раённым цэнтрам на Меншчыне цягам тыдня сачыла ўся краіна. Аднак афіцыйную жалобу ў Беларусі не абвяшчалі, толькі мясцовыя ўлады выдалі загад адмяніць усе забаўляльныя мерапрыемствы ў горадзе да канца тыдня. Свабода паглядзела, калі ў Беларусі абвяшчалі жалобу апошнія 20 гадоў.

Што такое афіцыйная жалоба і якая яна бывае

  • Агульнанацыянальная жалоба абвяшчаецца адмысловым указам кіраўніка дзяржавы. Тады на будынках органаў улады прыспускаюцца сьцягі, з эфіру здымаюць забаўляльныя праграмы, адмяняюцца забаўляльныя мерапрыемствы.
  • Рэгіянальная жалоба абвяшчаецца Лукашэнкам ці мясцовымі органамі ўлады, тады ў гэтым рэгіёне прыспускаюцца сьцягі, зь мясцовых эфіраў здымаюць забаўляльныя праграмы.
  • Жалобныя захады абвяшчаюцца на рашэньне прэзыдэнта ці мясцовых органаў улады, тады прыспускаюцца сьцягі і з эфіру здымаюцца забаўляльныя праграмы.

Агульнанацыянальная жалоба ў Беларусі за апошнія 20 гадоў абвяшчалася толькі аднойчы, пасьля трагедыі на Нямізе. Апошні раз жалобныя захады Беларусь аб’яўляла ў сувязі з трагедыяй у Кемерава, дзе ў пажары ў гандлёвым цэнтры загінулі 64 чалавекі.

Калі абвяшчалася жалоба

Цісканіна на Нямізе, 30 траўня 1999 году

53 загінулыя, два дні агульнанацыянальнай жалобы, мэмарыял і кампэнсацыі ахвярам

Падчас піўнога фэсту ў цэнтры Менску пачаўся буйны град, людзі пабеглі хавацца ў падземны пераход станцыі мэтро «Няміга».

У цісканіне загінулі 53 чалавекі, у асноўным моладзь ва ўзросьце 14–20 гадоў, пацярпелі яшчэ 400. Наступныя два дні былі абвешчаныя днямі агульнанацыянальнай жалобы. Родным загінулых выплацілі грашовыя кампэнсацыі. Побач зь месцам трагедыі створаны мэмарыял.

Тады, у сувязі з трагедыяй старшыня Менгарвыканкаму Ўладзімер Ярмошын напісаў заяву аб адстаўцы, Аляксандар Лукашэнка яе не прыняў. Ярмошын прабыў кіраўніком гораду яшчэ больш за паўгода, а затым быў прызначаны прэм’ер-міністрам Беларусі.

Выбух у мэтро «Кастрычніцкая», 11 красавіка 2011 году

15 загінулых, двух абвінавачаных расстралялі, адзін дзень жалобы ў Менску, мэмарыял і кампэнсацыі ахвярам

На самай загружанай станцыі менскага мэтро 11 красавіка ў час пік адбыўся выбух. Паводле афіцыйнай вэрсіі, бомба магутнасьцю каля 5 кг у тратылавым эквіваленце, начыненая пасечанай арматурай, цьвікамі і мэталёвымі шарыкамі, была закладзеная пад лаву.

Загінулі 15 чалавек, яшчэ дзьве сотні атрымалі раненьні. Днём жалобы ў Менску Лукашэнка абвясьціў 13 красавіка, агульнанацыянальная жалоба не абвяшчалася. На ўваходзе на «Кастрычніцкую» ўстанавілі мэмарыяльную дошку, пацярпелым выплацілі кампэнсацыі.

Літаральна на другі дзень пасьля трагедыі, 12 красавіка 2011-га, праваахоўныя органы паведамілі пра затрыманьне жыхароў Віцебску — Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва. Іх абвінавацілі ў шэрагу злачынстваў: арганізацыі выбухаў у Віцебску ўвосень 2005 году, у Менску ў ноч на 4 ліпеня 2008-га, а таксама 11 красавіка 2011-га ў сталічным мэтро. У сярэдзіне сакавіка 2012 году абвінавачаныя былі расстраляныя.

Выбух на «Пінскдрэве», 25 кастрычніка 2010 году

14 загінулых, вінаватым да 4 гадоў турмы, два дні жалобы ў вобласьці, мэмарыял, кампэнсацыі ня выплачаныя

У час працоўнага дня на вытворчасьці «Пінскдрэў-ДСП» адбыўся магутны выбух, пачаўся пажар, абваліўся дах, а затым і сьцены. Трагедыя адбылася ў выніку парушэньняў правілаў пажарнай бясьпекі і эксплюатацыі абсталяваньня.

Загінулі 14 чалавек (два на месцы, астатнія ад ранаў у лякарнях), каля дзесяці атрымалі калецтвы. Жалоба абвяшчалася 27 кастрычніка ў Пінску, 3–4 лістапада ў Берасьцейскай вобласьці, па краіне не абвяшчалася. Перад уваходам на прадпрыемства павесілі мэмарыяльную таблічку.

Падчас аварыі ў Пінску
Падчас аварыі ў Пінску

Па сьмерці Уга Чавэса

У сакавіку 2013 году ў Вэнэсуэле памёр прэзыдэнт гэтай краіны Уго Чавэс, якога Аляксандар Лукашэнка называў сваім сябрам. З гэтай нагоды былі тры дні жалобных захадаў. Тады ж прадстаўнікі праўладных арганізацый БРСМ і «Белая Русь» несьлі кветкі да амбасады Вэнэсуэлы ў Менску.

Пажар у Кемерава, крушэньне самалёта ў Сочы

Пасьля трагедыі ў Кемерава, дзе падчас пажару ў гандлёвым цэнтры загінулі 64 чалавекі ў Беларусі прынялі «жалобныя захады» па рашэньні Лукашэнкі ў дзень, калі жалобу абвясьцілі ў Расеі, 28 сакавіка.

28 сьнежня ў Сочы разьбіўся расейскі вайсковы самалёт Ту-154, загінулі 92 чалавекі, у тым ліку расейскія артысты ансамбля імя Аляксандрава. Тады ў Беларусі было прынята рашэньне прыспусьціць дзяржаўныя сьцягі на адміністрацыйных будынках у знак салідарнасьці.

Жалоба не абвяшчалася

Пажар у Казлоўшчынскім псыханэўралягічным інтэрнаце, 2 кастрычніка 2003 году

31 загінулы, вінаватым па 4 гады турмы, жалоба не абвяшчалася, мэмарыялу няма, кампэнсацыі не плацілі

А 4-й гадзіне раніцы загарэўся драўляны аднапавярховы будынак пачатку XX стагодзьдзя Казлоўшчынскага псыханэўралягічнага інтэрнату, што мясьціўся ў Рандзілоўшчыне Дзятлавіцкага раёну. Мэдыкі не пасьпелі эвакуяваць усіх пацыентаў, самі пацыенты не маглі выбрацца з прычыны кратаў на вокнах і замкнутага аварыйнага выхаду; вогнетушыльнікаў не хапала (быў адзін — пры норме 10), пажарная сыгналізацыя не спрацавала. Будынак абваліўся менш як праз гадзіну пасьля пачатку пажару.

Загінуў 31 чалавек, самаму малодшаму было 19 год. Жалоба не абвяшчалася, мэмарыялаў ці памятных знакаў няма.

Тагачасная прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Пяткевіч паведаміла тады Свабодзе, што спачуваньні прэзыдэнта сваякам не накіроўваліся, бо, маўляў, тыя адмовіліся ад гэтых людзей. Як пазьней выявілася, гэта была няпраўда, для сваякоў арганізавалі «гарачую лінію».

Зьбіты самалёт у Шры-Ланцы і сьмерць хакеістаў

Жалоба не абвяшчалася пасьля шэрагу рэзанансных трагедыяў, напрыклад калі ў 1998 годзе ў Шры-Лянцы зьнік (як пазьней выявілася, быў зьбіты тэрарыстам) самалёт з 55 людзьмі, у тым ліку чатырма беларускімі лётчыкамі; калі ў 2007 годзе ў Самалі быў зьбіты самалёт з 11 беларускімі лётчыкамі.

У 2011 годзе ў дні, калі ў Беларусі пахавалі хакеістаў Руслана Салея і Сяргея Астапчука, загінулых у авіякатастрофе ў Расеі (усяго былі 44 ахвяры, большасьць — з Расеі), сталіца сьвяткавала Дзень гораду.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG