Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэта магло здарыцца ў любым горадзе. Што не ўвайшло ў рэпартаж пра Стоўпцы


Адразу папярэджваю, што тут ня будзе адказу на пытаньне «чаму так адбылося». Бо ніхто пакуль гэтага ня ведае. Ні бацькі, ні аднаклясьнікі, ні сьледчыя. Тут ня будзе аніводнай вэрсіі, бо ўсе вэрсіі пакуль — выключна здагадкі ці нават чуткі. Але тут будуць уражаньні пра горад, дзе адбылося загадкавае забойства. І пра людзей гэтага гораду.

Тут рэдка нешта здараецца. Нават злачынствы

Разьвітаньне з Аляксандрам Р.
Разьвітаньне з Аляксандрам Р.

«Нічога асаблівага» — бадай, самае трапнае апісаньне Стоўпцаў. Зусім шараговае беларускае мястэчка за 80 кілямэтраў ад Менску. Цэнтральная вуліца Леніна, недарэчны помнік Леніну. Тры школы, чатыры дзевяціпавярховікі. Сьвятлафораў раней таксама было пару штук, але машын у месьцічаў паболела, і цяпер з паўтузіна скрыжаваньняў рэгулююцца. «Гістарычны цэнтар» — гэта драўляная забудова з гародамі. «Новы горад» будуюць на былых калгасных палях на ўскрайку.

Адна асаблівасьць усё ж ёсьць. На тарцах шматпавярховікаў — цытаты зь Якуба Коласа. Бо ён нарадзіўся на Стаўпеччыне.

Тут рэдка нешта здараецца. Нават злачынствы. У аўторак у мясцовай газэце «Прамень» побач з навіной пра забойства апублікавалі справаздачу раённага пракурора за 2018 год. На ўвесь раён (пад 40 тысяч чалавек разам са Стоўпцамі) за цэлы год было 8 асабліва цяжкіх і 29 цяжкіх злачынстваў. Красьці сталі меней, хуліганіць — меней, злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку — цяпер таксама меней.

І сярод гэтага «нічога асаблівага» раптам такое.

«Я думаю, падобнае дзе заўгодна магло адбыцца. У любым горадзе. Такі цяпер сьвет», — кажа Тамара, чый сын вучыцца ў школе № 2.

Людзі пераймаюцца і за ахвяраў, і за забойцу

На пахаваньні Аляксандра Р.
На пахаваньні Аляксандра Р.

Каб не журналісты, якія наехалі ў Стоўпцы, дык і ня скажаш, што тут нешта адбылося. Раніцу наступнага дня пасьля трагедыі мы з калегам правялі каля школы. Рэпартаж адтуль мог быць прыблізна такі:

7.30–7.55 — дзеці ідуць у школу, каля брамы іх сустракае прадстаўнік адміністрацыі, падганяе дзяцей, каб не гаварылі з журналістамі.

7.51 — да журналістаў выйшаў сьпікер ад школьнай адміністрацыі. Дворнік, які не прадставіўся.

«Ніхто вам нічога ня скажа, — заявіў дворнік. — Усю афіцыйную інфармацыю вам прадставіць Сьледчы камітэт».

Сур’ёзна, так і сказаў. Добра пастаўленай чыноўніцкай мовай.

8.00 — званок.

8.03 — спазьняецца хлопец з чырвоным заплечнікам і з флікерам.

8.30 — разьвіднела. Дворнік выйшаў зь вядром і зьбірае каля школы рэдкія паперкі. Тыя, што прыліплі да лёду, падкалуплівае пяткай.

8.33 — да школьнай брамы прыбег рыжы сабачка.

Вучні сярэддняй шолы №2 ідуць на разьвітаньне з настаўніцай Марынай Пархімовіч
Вучні сярэддняй шолы №2 ідуць на разьвітаньне з настаўніцай Марынай Пархімовіч

Потым мы пайшлі на відэаапытаньне. І тут стала зразумела, што гэта незвычайны горад. Дакладней, што ў гэтым горадзе здарылася нешта надзвычайнае. Кожны, амаль кожны хацеў выгаварыцца. Гэта нагадвала грамадзкі сэанс псыхатэрапэўта, дзе замест канапы — мікрафон. На нэўтральнае пытаньне пра бясьпеку ў школах людзі распавядалі пра знаёмства з настаўніцай, пра сем’і хлопцаў — і забітага, і таго, што забіў. І тут самым нечаканым стала, што пераймаюцца ня толькі за ахвяраў, але і за сям’ю нападніка, які забіў дваіх чалавек.

«Бедныя тыя бацькі, як ім цяпер цяжка жыць будзе», — кажа кабета, якую мы сустрэлі ў новым мікрараёне Стоўпцаў.

За два дні мы не сустрэлі людзей, якія б патрабавалі помсты і расправы над нападнікам. Аніводнага чалавека. У адрозьненьне ад камэнтатараў у сацыяльных сетках, якія, ня ведаючы абставінаў, ужо прааналізавалі псыхалягічны стан таго хлопца і вынесьлі яму вырак.

Не чакаючы ўказу прэзыдэнта, у Стоўпцах абвясьцілі жалобу

У дзень забойства людзі пачалі несьці кветкі да школы
У дзень забойства людзі пачалі несьці кветкі да школы

​«А сёньня мала што працуе, — адказваюць увечары хлопцы на пытаньне пра кавярні ў горадзе. — Гэта таму, што ўчора здарылася».

І сапраўды, папулярная ў горадзе рэстарацыя «Стары двор» зачыненая. І ўласьнікі бараў пазачынялі свае ўстановы, і мясцовыя ўлады ўвялі мараторый на забаўляльныя мерапрыемствы. Гэта пры тым, што жалобу звычайна у Беларусі абвяшчае толькі прэзыдэнт.

«Ніякіх канцэртаў, дыскатэк, вечарын. Выдадзены адмысловы загад аб гэтым», — сказалі нам у райвыканкаме.

Гэта вельмі па-чалавечы.

Асаблівая жалоба ў доме бацькоў нападніка. Бацька Віталь і маці Аксана ня могуць знайсьці адказу, чаму менавіта іхні сын зрабіў так. Яшчэ ў нядзелю ён правёў звычайны для сябе дзень. Віталь і Аксана ў роспачы, бо ня ведаюць, як ім жыць далей у маленькіх Стоўпцах, дзе кожны ведае кожнага.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG