Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што рабіць, калі вучні ўцякаюць з дому і пагражаюць забіць? Споведзь настаўніцы


Школа №2 у Стоўпцах пасьля двайнога забойства, 12 лютага

Пасьля стаўпецкай трагедыі, калі падлетак забіў настаўніцу і вучня, настаўніца менскай школы апісала Свабодзе складаныя сытуацыі са сваёй практыкі і расказала, чаму іх цяжка вырашыць і як можна гэта выправіць.

Тацяна працуе настаўніцай фізычнай культуры ў адной са школ Менску. Стаж працы ў школе 3 гады. Вядзе заняткі ў 5-8 клясах. У школе 30-40% дзяцей паходзяць зь сем’яў, якія маюць статус «у сацыяльна небясьпечным становішчы».

«Часта вінаватыя самі настаўнікі»

«Часта вінаватыя самі настаўнікі. Ня ведаюць, як працаваць, вучацца на сваіх памылках. У мяне было вельмі шмат складаных сытуацый, якія так і засталіся нявырашанымі.

Калі я прыйшла ў школу, то хацела працаваць, як належыць, адпаведна канспэкту: каб была дысцыпліна, каб мяне чулі, каб заняткі праходзілі строга паводле пляну. Але дзеці ўсё роўна зрываюць дысцыпліну. Тады ты становісься кепскім настаўнікам, павышаеш голас, робіш заўвагі.

Там быў складаны кантынгент дзяцей. Маглі сказаць: „Я ня стану ў строй, ад яго сьмярдзіць“. Гэта пра хлопчыка, у якога штаны па шчыкалатку, расьцягнутыя. Я такіх дзяцей ня бачыла раней. Ягоная маці ніколі не была замужам. Трое дзяцей ад розных мужчын. Гэты хлопчык у 8-й клясе сам на сябе спрабаваў зарабіць.

Я зрабіла заўвагу другому хлопчыку, што ён зрывае ўрок. Ён са сьлязьмі выбег з залі, сеў на падлогу ў калідоры, пачаў галавой біцца аб сьцяну і плакаць: „Я зараз пайду скінуся, я пайду з сабой нешта зраблю“. Прыбіральшчыца сказала, што ў яго часта такія прыступы і імі ніхто не займаецца, бо такіх дзяцей шмат. Я спужалася, завяла яго ў свой кабінэт, дала яму печыва. Ён галодны быў. Еў і плакаў. Псыхолягі потым сказалі, што сытуацыя на кантролі.

Я яго на ўроках публічна пачала хваліць. Сказала дзецям, што ў кожнага можна знайсьці хібы».

«Ад майго няведаньня маглі быць непапраўныя памылкі»

«Ад майго няведаньня маглі быць непапраўныя памылкі. Нельга з усімі дзецьмі аднолькава, бо іная рэакцыя непрадказальная.

У мяне была дзяўчынка ў спэцыяльнай групе. Яна абавязаная была хадзіць на ўрокі, але не займацца. Зь ёй заняткі мусілі праходзіць асобна, пасьля ўрокаў. Я ёй дазволіла замест гэтага хадзіць у басэйн.

Я працавала адказна, не дазваляла свавольства. І тут яна забягае пасьля званка і разам зь дзяўчынкай становіцца ў строй. Я ёй кажу: „Крок наперад. Якая ты нахабная. Я табе дазваляю не хадзіць на спэцгрупу, а ты так мне заяўляесься, зрываеш дысцыпліну“. Прабірала яе пры ўсіх.

​Яна сапраўды добрая, кволая, мяккая, творчая дзяўчынка. Праз тыдзень мяне выклікала завуч. Аказалася, што дзяўчынка замкнулася, не хацела ні з кім гаварыць, была ў поўнай дэпрэсіі, бо яе пакрыўдзіла настаўніца. Магло здарыцца што заўгодна. Потым я прасіла прабачэньня.

Я думаю, павінны праводзіцца псыхалягічныя трэнінгі для настаўнікаў, як размаўляць зь дзецьмі, настаўнікам паміж з сабой».

«Думала, перадала яго сацыяльным пэдагогам — на іх адказнасьць»

«Неяк васьміклясьнік уцёк з майго ўроку. Быў раней такі грубы, а тут пачаў плакаць: „Калі ласка, толькі не кажыце бацькам“. Я не пазваніла. Аказваецца, яго прыёмныя бацькі б’юць. Потым ён уцёк з дому, яго шукалі ўсім Менскам.

На ўроку ў восьмай клясе два хлопцы пачалі бегаць адзін за адным, каб ударыць. Адзін пагражаў, што заб’е другога. Настаўнікі фізкультуры пачалі іх разьнімаць, а яны пры нас мацюкаліся. Я спалохалася, завяла іх у кабінэт, выклікала сацыяльнага пэдагога і псыхоляга. Адзін з хлопчыкаў кажа: „Я стаю на варотах, а па мне ... [б’юць], як па гарматным мясе!“ Спэцыялісты паціснулі плячыма, пасьмяяліся і не зрабілі ніякіх захадаў.

Я зразумела, што ім нельга дазваляць гульняў, ніякага футболу, бо яны агрэсіўна рэагуюць, ня могуць прыняць перамогу іншага. Яны ж занадта ўзбуджаюцца. Футбол тады я дазволіла замест гімнастыкі. Па ім ударылі мячом, ён і запаліўся ўмомант.

Я тады думала, што перадала яго сацыяльным пэдагогам — значыць, на іх адказнасьць. Я зрабіла, што магла, супакоіла яго.

Сацыяльнымі пэдагогамі ў нашай школе працавалі маладыя хлопцы з адукацыяй гісторыкаў, бо іх узялі толькі на гэтую працу. Яны не спраўляліся, не былі знаёмыя з дакумэнтацыяй, хадзілі па сем’ях, пісалі акты. Яны цэлымі днямі працавалі ў гэтай школе. Яны выдатныя людзі, але ў іх проста няма часу займацца кожным дзіцем».

Курсы павышэньня кваліфікацыя толькі для «корачкі»

«Настаўнікі не атрымліваюць ніякай кваліфікаванай падтрымкі. На курсах павышэньня кваліфікацыі нічога не даецца, акрамя „корачкі“, дыплёма. Мы п’ём гарбату, размаўляем, але ніякай карыснай інфармацыі з псыхалягічнага аспэкту, як працаваць з падлеткамі, калі яны не ўспрымаюць інфармацыю, які падыход да іх павінен быць, якая мэтодыка. На курсы ежджу дзеля дакумэнтаў, бо раз на некалькі гадоў я павінна гэта рабіць.

Мы самі адаптуемся. Адзін з настаўнікаў у нас заняткі не вядзе. Дзеці самі робяць разьмінку, у любой пасьлядоўнасьці. Аказалася, што ў яго раней нешта здарылася на ўроку, і таму цяпер ён ня хоча браць на сябе адказнасьць. Дзеці ў яго хаатычна бегаюць, не захоўваюць дыстанцыі, тэхніку бясьпекі. У яго шмат траўмаў. Але псыхалягічна ён нікога не зачэпіць. Бо калі ты хочаш навучыць, то можаш зрабіць заўвагу, пасварыцца на вучня, пакрыўдзіць».

Або ты добры настаўнік, або паперы ў парадку

«Або ты добры настаўнік, але не спраўляесься з праграмай, папяровай працай; або табе ўсё роўна на дзяцей, але паперы ў парадку. Кожная праверка правярае толькі паперы, а там фікцыя, па якой ніхто не працуе.

Калі прыходзяць праверкі, за настаўніка, які ня хоча рабіць паперы, гадавы плян, паквартальны, паўрочнае плянаваньне, гэта бясплатна робіць катэдра, нехта іншы, хто адказвае за мэтадычнае аб’яднаньне, каб усе не атрымалі заўваг. Я таксама дапамагала.

Кожнае мэтадычнае аб’яднаньне, дзе мы павінны адукоўваць адно аднаго, дзяліцца досьведам, — гэта фікцыя. Хто прысутнічаў, хто адсутнічаў, пішам з галавы».

«Мой сын кажа: „Некалі я яе заб’ю“»

«У майго трэцяклясьніка для кляснага кіраўніка важней за ўсё паказьнікі. Яна ва ўзросьце, ня скардзіцца мне на сына. Але ён прыходзіць са школы сумны. Высьвятляецца, што яна трэсла яго за руку; другога хлопчыка скінула з крэсла, і той галавой аб падлогу выцяўся; камусьці скінула пэнал з парты, бо неакуратна ляжаў. Яна працаголік. У яе павінна быць усё ідэальна: дысцыпліна, парадак у дзёньніку і журнале. Яна ня скардзіцца ні на кога, сама ўсё вырашае. Але дзеці, у якіх не атрымліваецца, маюць стрэс.

Мой сын кажа: „Некалі я яе заб’ю“.

Клясная пасадзіла дзяўчынку з выдатніцай, і апошняя расказвае настаўніцы, калі суседка ня так нешта напіша, няправільна адступіць радок. Я бачу, у сына агрэсія да гэтай выдатніцы. Так мы гадуем дзяцей і ня ведаем, што атрымаецца. Я не выключаю, што маё дзіця можа зрабіць усё што заўгодна, бо ён закрыты, у яго ўсё ўнутры.

У іншай клясе маладая настаўніца, 30 гадоў. Пасьпяховасьці няма, але дзеці да яе ходзяць, ім падабаецца, і ацэнкі добрыя. Але ведаў ніякіх няма.

Я зрабіла выснову: няхай бы дзіця хадзіла да добрай, мяккай настаўніцы, бо і так мы дома ўсё давучваем, замацоўваем, чым сядзець па стойцы „сьмірна“, а ўнутры нарастае агрэсія. Не пераводзім яго да канца года, каб не было канфлікту з кляснай.

Мы кажам сыну, што настаўнік заўсёды мае рацыю, што трэба прамаўчаць, не ісьці на канфлікт. Цяпер думаю, можа, і правы дзіцяці трэба адстойваць.

Мы тады пасьля словаў пра „заб’ю“ спынілі яго, сказалі, што так нельга казаць, што гэта ненармальна, жахліва. Мы яго ня выслухалі да канца, а проста асеклі гэтую інфармацыю. Сказалі, што настаўніца хоча, каб ён добра вучыўся, таму сварыцца. Стараліся захаваць аўтарытэт.

Я адпраўляю яго ў школу і малюся, каб нічога не здарылася, каб яна правільна паводзіла сябе зь дзецьмі».

«На пэдсавеце кожнага настаўніка раскладаюць па палічках»

«Сыстэма такая — ва ўсіх рэйтынгі. На пэдсавеце кожнага настаўніка раскладаюць па палічках па пасьпяховасьці вучняў. Пакуль будзе гонка за табліцамі і добрымі паказьнікамі, нічога добрага ня будзе.

Для рэйтынгаў важныя два крытэры — каб паперы былі здадзеныя ў час і каб былі добрыя паказьнікі. На фізкультуры — каб не было траўмаў.

Мае калегі працуюць кляснымі кіраўнікамі. У іх урокі вядуцца праз раз. Бо напісалі ў „Вайбэры“, што трэба здаць да трэцяга ўрока нейкую статыстыку, інфармацыю пра бацькоў, харчаваньне, яшчэ пра нешта. Урок ніякі, урока няма.

Думаю, павінны быць нейкія дадатковыя людзі, сакратары, якія будуць зьбіраць такую інфармацыю. Бо толькі адзін сакратар на школу — на 2,5 тысячы дзяцей. І ўся інфармацыя пра дзяцей, бацькоў мусіць быць у электроннай вэрсіі.

Нельга дадаткова нагружаць кляснага кіраўніка і вінаваціць яго ў такіх трагедыях, як стаўпецкая. Клясны кіраўнік і так не пасьпявае са сваімі абавязкамі. Ён мусіць камунікаваць з кожным дзіцём, зь іхнымі бацькамі. Усё на адной асобе».

«Тое, што дзіця бачыць у сям’і, — гэта аснова»

«У нас быў бацькоўскі сход. Клясная сказала, што меўся выступаць псыхоляг, расказаць пра стасункі ў клясе, але па факце нешта не склалася, псыхоляг не прыйшла. Нават элемэнтарнай працы з бацькамі не праводзіцца, ніводнай лекцыі, ніводнай раздрукоўкі.

Псыхолягаў у нашай школе два. Яны пасьпяваюць толькі хадзіць па сем’ях, якія ў сацыяльна небясьпечным становішчы, апісваць іх. Няма чаго казаць пра тэставаньне кожнага вучня, што яны правераць кожнага. Яны не пасьпяваюць. Я ня бачу працы зь дзецьмі, каб яны выявілі нешта пра дзіця або правялі дасьледаваньне клясы і вызначылі, якія там адносіны.

Тое, што дзіця бачыць у сям’і, — гэта аснова. Калі далей у школе яго ня слухаюць, увесь час робяць заўвагі, то ў ім зьбіраецца агрэсія. Калі няма асабістага кантакту з бацькамі, нават калі тыя клапоцяцца, усё набываюць, але няма дыялёгу, тады ня ведаеш, што ў яго ў галаве адбываецца, і можа здарыцца ўсё што заўгодна.

Калі дзеці ўцякаюць з дому, кажуць, што некага заб’юць, трэба зь імі размаўляць. Гэта першы званочак.

Бацькі мусяць вучыць стрэсаўстойлівасьці, што часам варта прамаўчаць, на нешта не зьвяртаць увагі. Казаць дзецям: «Я цябе ўсё роўна люблю, нават калі ў цябе кепская адзнака».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG