У Менску зьявяцца вуліца Ніколы Тэслы і сквэр Эўфрасіньні Полацкай

Нікола Тэсла, 1893 год

Менскі савет дэпутатаў зацьвердзіў некалькі новых назваў для менскіх вуліцаў, піша БелТА.

Адна з праектаваных вуліцаў у Зацані, вуліца №3, будзе звацца Банцараўскай — імаверна, назва паходзіць ад гарадзішча Банцараўшчына, якое знаходзілася на беразе вадасховішча Дразды, дзе цяпер закінуты піянэрскі лягер.

Праектаваная вуліца №3 у раёне комплексу «Менск-Мір» (дзе стары аэрапорт) атрымае імя Ніколы Тэслы — сусьветна вядомага навукоўца сэрбскага паходжаньня, які працаваў у галінах электрычнасьці, радыёсувязі і тэорыі палёў.

Там жа праектаваная вуліца №5 будзе названая Бялградзкай — напэўна, у гонар сталіцы Сэрбіі. Сэрбскія кампаніі якраз і будуюць комплекс «Менск-Мір», а таксама «Маяк Менску» і гмах на Кастрычніцкай плошчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У цэнтры Менску на год забаранілі будаваць хмарачосы. Прынамсі на год

Нейкая зялёная зона на вуліцы Прытыцкага атрымае імя беларускай сьвятой Эўфрасіньні Полацкай — манахіні і асьветніцы XII стагодзьдзя. Дзе менавіта гэтая зялёная зона, не ўдакладняецца, але тры буйныя безыменныя зялёныя зоны ёсьць каля МКАДа, між раёнам Красны Бор і гіпэрмаркетам ProStore, каля адной ёсьць каталіцкі касьцёл Маці Божай Будслаўскай і пратэстанцкая царква «Ласка Хрыста».

У Менску цяпер ня часта называюць вуліцы імёнамі славутых беларусаў. Напрыклад, улады не зацікавіліся ідэяй наданьня вуліцы імя Касьцюшкі, не зьбіраюцца называць вуліцы імёнамі пісьменьнікаў Быкава і Барадуліна, затое зьявіўся «абстрактны» парк Пісьменьнікаў. Але нядаўна вуліцам надалі імёны акторкі Мядзёлкі, аднаго з заснавальнікаў БНР Смоліча і расстралянага паэта Дудара.

А ў гонар вядомага беларускага асьветніка і навукоўца Барыса Кіта кагадзе адмовіліся назваць вуліцу ў Наваградку і Баранавіцкі ўнівэрсытэт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менск зноў назвалі найгоршым з буйных гарадоў Эўропы паводле якасьці жыцьця