Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскую вуліцу Аэрадромную прапанавалі назваць у гонар Касьцюшкі, паставіць помнік. Улады ня супраць і ня за


Постэр помніка Касьцюшку ў Швайцарыіі, ілюстрацыйнае фота
Постэр помніка Касьцюшку ў Швайцарыіі, ілюстрацыйнае фота

Беларускае Згуртаваньне нашчадкаў шляхты зьвярнулася ў Міністэрства культуры і Міністэрства замежных справаў з прапановай паставіць у Менску помнік Тадэвушу Касьцюшку і назваць у гонар яго вуліцу Аэрадромную, піша Naviny.by.

У Мінкульце адказалі, што імя Тадэвуша Касьцюшкі ў сьпісе прапанаваных для ўшанаваньня ў менскай тапаніміцы, і пытаньне помніка можна будзе разглядаць, калі ў гонар Касьцюшкі назавуць новую вуліцу ў Менску (Менгарвыканкам заяўляў такое яшчэ два гады таму). МЗС у адказе піша, што «вітае і ўхваляе ініцыятывы» ва ўшанаваньні Касьцюшкі, але ня піша, што будзе рабіцца дзеля гэтага.

Згуртаваньне ж прапануе назваць у гонар Касьцюшкі ня нейкую новую вуліцу (яны зьяўляюцца пераважна на ўскраінах, а гэта «ня той узровень», кажуць у Згуртаваньні), а вуліцу Аэрадромную. Гэтая вуліца амаль у цэнтры гораду, але назва цяпер спрэчная: стары аэрадром, колішні «Менск-1», ужо не функцыянуе.

Помнік Касьцюшку прапануюць паставіць або на плошчы каля былога будынку аэрадрому, або ў Парку дружбы народаў, што ля плошчы Бангалор.

Сьцьвярджаецца, што старшыня Згуртаваньня Юры Ўсьцін абмяркоўваў ідэю помніка Касьцюшку зь міністрам культуры Юрыем Бондарам, заручыўся падтрымкай старшыні Беларускага саюзу мастакоў Рыгора Сітніцы і старшыні Таварыства аховы помнікаў Антона Астаповіча.

Два гады таму Таварыства беларускай мовы зьбірала подпісы за перайменаваньне адной зь менскіх вуліцаў у гонар Касьцюшкі, але па-ранейшаму Касьцюшка не ўшанаваны ў менскай тапаніміцы.

У канцы мінулага году з ініцыятывы журналіста Глеба Лабадзенкі прайшоў збор грошай на помнік Касьцюшку на яго малой радзіме, у Марачоўшчыне. Помнік аўтарства Гэніка Лойкі быў выраблены ва Ўкраіне, ён ужо прывезены ў Беларусь, адкрыцьцё плянавалася на пачатак сакавіка.

Тадэвуш Касьцюшка — нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі, кіраўнік вызвольнага паўстаньня 1794 году. Нарадзіўся 4 лютага 1746 году, памёр 15 кастрычніка 1817-га. Тадэвуш Касьцюшка лічыцца адным з самых вядомых у сьвеце беларусаў.

Помнік Касьцюшку нядаўна зьявіўся ў Швайцарыі дзякуючы тамтэйшаму беларускаму аб’яднаньню. Вакол помніка быў невялікі канфлікт: палякам не спадабаўся надпіс «Выбітнаму сыну Беларусі», але канфлікт вырашыўся з удзелам беларускіх і польскіх дыпляматаў.

Каму варта паставіць помнікі ў Менску? Разважаюць Валодзін, Харэўскі і Зелянкоў

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG