Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск зноў назвалі найгоршым з буйных гарадоў Эўропы паводле якасьці жыцьця


На пешаходнай вуліцы Камсамольскай у Менску, ілюстрацыйнае фота

У чарговым рэйтынгу гарадоў паводле якасьці жыцьця (Quality of Living City Rankings), які складае міжнародная кансалтынгавая кампанія Mercer, Менск заняў у 2019 годзе 188-е месца сярод 231 горада — і гэта найгоршы вынік у Эўропе.

Найлепшымі гарадамі названыя:

Вена, ©Shutterstock
Вена, ©Shutterstock
  • 1 месца — Вена (Аўстрыя);
  • 2 — Цюрых (Швайцарыя);
  • 3 — Ванкувэр (Канада);
  • 3 — Мюнхэн (Нямеччына);
  • 3 — Оклэнд (Новая Зэляндыя);
  • 6 — Дусэльдорф (Нямеччына);
  • 7 — Франкфурт (Нямеччына);
  • 8 — Капэнгаген (Данія);
  • 9 — Жэнэва (Швайцарыя);
  • 10 — Базэль (Швайцарыя).

Рэйтынг замыкае іракскі Багдад.

З гарадоў суседзяў Беларусі ў рэйтынг трапілі:

Вільня, ©Shutterstock
Вільня, ©Shutterstock
  • 81 — Вільня (Літва);
  • 82 — Варшава (Польшча);
  • 86 — Талін (Эстонія);
  • 90 — Рыга (Латвія);
  • 100 — Вроцлаў (Польшча);
  • 167 — Масква (Расея);
  • 173 — Кіеў (Украіна);
  • 174 — Санкт-Пецярбург (Расея).

Менск і суседзі ў рэйтынгу:

Тбілісі, ©Shutterstock
Тбілісі, ©Shutterstock
  • 185 — Альжыр (Альжыр);
  • 186 — Найробі (Кенія);
  • 187 — Тбілісі (Грузія);
  • 188 – Менск (Беларусь);
  • 189 — Джыбуці (Джыбуці);
  • 189 — Тэгусігальпа (Гандурас);
  • 191 — Кігалі (Руанда).

Недалёка паводле якасьці жыцьця таксама папулярныя сярод турыстаў эгіпэцкі Каір (177) і кубінская Гавана (192).

Стабільна найгоршы?

Рэйтынгі якасьці гарадзкога жыцьця фірмы Mercer выкарыстоўваюцца ўрадамі і шматнацыянальнымі кампаніямі дзеля вылічэньня кампэнсацыі дыпляматам, службоўцам і працаўнікам, якіх пасылаюць на замежныя пасады і ў замежныя камандзіроўкі.

39 паказьнікаў, паводле якіх кампанія Mercer праводзіць ацэнку ўзроўню гарадзкога жыцьця, дзеляцца на 10 катэгорыяў. Найважнейшымі катэгорыямі ёсьць палітычнае, эканамічнае і сацыяльнае асяродзьдзе (палітычная стабільнасьць, узровень злачыннасьці і правапарадку, правілы абмену валюты, банкаўскія паслугі, узровень цэнзуры і асабістых свабодаў).

Улічваюцца таксама даступнасьць мэдычных паслугаў, адукацыі (у тым ліку міжнародных школаў), чысьціня паветра і стан навакольнага асяродзьдзя, узровень камунальных службаў, грамадзкага транспарту, даступнасьць шырокага спэктру тавараў народнага спажываньня, разьвіцьцё жыльлёвага будаўніцтва і наяўнасьць зонаў адпачынку (рэстараны, тэатры, кіно, стадыёны).

Менск называлі найгоршым у Эўропе і ў леташнім рэйтынгу, і ў рэйтынгу двух- і трохгадовай даўніны. Затое Mercer назвалі Менск у ліку самых танных сталіцаў паводле кошту жыцьця.

У падобным рэйтынгу якасьці жыцьця ад сайта Numbeo, які фармуецца з апытаньня наведнікаў сайту, Менск цяпер на 142 месцы з 234, між Ісламабадам (Пакістан) і Ізмірам (Турэччына). Але гэта не найгоршы вынік у Эўропе: горш наведнікі Numbeo ацанілі Барсэлёну (Гішпанія), Дублін (Ірляндыю), Кракаў (Польшча).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG