Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улады загадалі прыпыніць будоўлю». Новыя падрабязнасьці пра будаўніцтва бізнэс-цэнтру каля парку Чалюскінцаў


Будоўля бізнэс-цэнтру, 30 сьнежня

Старшыня Менгарвыканкаму Анатоль Сівак загадаў прыпыніць будоўлю бізнэс-цэнтру каля парку Чалюскінцаў. Пра гэта Свабодзе распавялі мясцовыя жыхары, якія трапілі сёньня на сустрэчу з кіраўніком гораду.

15 студзеня Свабода пісала, што гарадзкая пракуратура Менску знайшла парушэньні пры праектаваньні бізнэс-цэнтру ў двары паміж вуліцай Талбухіна і праспэктам Незалежнасьці. Выявілася, што забудоўшчык падаў на экспэртызу несапраўдныя дакумэнты.

На месцы бізнэс-цэнтру ў 1990-я гады быў дзіцячы садок
На месцы бізнэс-цэнтру ў 1990-я гады быў дзіцячы садок

Як сёньня стала вядома, 22 студзеня Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва адправіў ліст кампаніі-забудоўшчыку — СААА «Вецер». У ім гаворыцца, што камітэт прыпыняюць дзеяньне заключэньня ад 2017 году, якое дазваляла будаўніцтва. Пасьля гэтага дзеяньне свайго заключэньня прыпыніла і «Галоўбудэкспэртыза».

«На сёньня гэтая будоўля самавольная, — сказала Свабодзе Галіна Сінілевіч, якая была на прыёме. — І сам „Вецер“ павінен прыпыніць будаўніцтва».

Галіна Сінілевіч
Галіна Сінілевіч

Але мясцовыя жыхары кажуць, што будоўля ня толькі не прыпынілася, а ідзе яшчэ нават больш інтэнсіўна, чым раней.

У кампаніі «Вецер» Свабодзе пацьвердзілі, што ліст зь Менгарвыканкаму яны атрымалі. І даслалі ў Менгарвыканкам просьбу патлумачыць сваё рашэньне.

«Павінна быць тлумачэньне, што далей з усім гэтым рабіць. Пакуль камэнтароў ніякіх няма зь іх боку, — сказаў Свабодзе праз тэлефон кіраўнік праекту Кірыл Шчасновіч. — Мы гатовыя карэктаваць праект і прыводзіць яго ў адпаведнасьць».

Сёньня вядзецца будаўніцтва апошняга чацьвёртага паверху
Сёньня вядзецца будаўніцтва апошняга чацьвёртага паверху

Па словах Шчасновіча, будоўля не спыняецца, бо кампаніі ніхто не даслаў прамой забароны. Такое прадпісаньне можа выдаць пракуратура ці інспэкцыя Дэпартамэнту па кантролі і наглядзе за будаўніцтвам па Менску.

«І мэр гораду загадаў прыпыніць будоўлю, — сказала Галіна Сінілевіч.

Мясцовыя жыхары спадзяюцца, што будоўля прыпыніцца ў хуткім часе. Сёньня яны перадалі Анатолю Сіваку заяву з 72 подпісамі. У ёй гаворыцца, што жыхары раёну не давяраюць забудоўшчыку.

«Мы пералічылі ўсе парушэньні, — сказала Галіна Сінілевіч. — Патрабуем забраць участак у гэтага забудоўшчыка, бо ён працуе па падложных дакумэнтах».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG