Марына Золатава на судзе па «справе БелТА», 4 сакавіка
Прысуд галоўнай рэдактарцы Tut.by Марыне Золатавай у «справе БелТА» набыў моц 15 сакавіка. Пра гэта стала вядома 18 сакавіка з газэты Адміністрацыі прэзыдэнта «СБ. Беларусь сегодня».
Суд Заводзкага раёну Менску 4 сакавіка прызнаў Марыну Золатаву вінаватай у «бязьдзеяньні службовай асобы» (некалькі журналістаў ейнай рэдакцыі карысталіся чужымі паролямі для доступу да платнай падпіскі сайту БелТА і самі былі за гэта аштрафаваныя) і прысудзіў ёй штраф 300 базавых велічыняў (7650 рублёў) з кампэнсацыяй судовых выдаткаў (6000 рублёў за адвакатаў БелТА).
Прысуд набыў моц, бо яго не абскардзіла ні сама Золатава, ні пракуроры.
Дзяржаўная газэта: «Золатава прызнала абгрунтаванасьць і справядлівасьць прысуду» (папраўдзе не)
На наступны дзень пасьля таго, як прысуд набыў сілу, дзяржаўная газэта «Рэспубліка» (цяпер — частка холдынгу «СБ») апублікавала тэкстЛюдмілы Гладкай — былой аўтаркі міліцэйскіх газэтаў, а цяпер супрацоўніцы «СБ». Гладкая прыходзіць да высновы, што, раз абскарджаньня прысуду Золатава не рабіла, то, «па сутнасьці, прызнала ягоную абгрунтаванасьць і справядлівасьць».
Сама Золатава на першым жа паседжаньні паведаміла суду, што ня лічыць сябе вінаватай, бо ў яе дзеяньнях адсутнічаў склад злачынства. Пасьля прысуду яна не была ўпэўненая, ці варта абскарджваць вырак.
«Вы ж ведаеце, што статыстыка апраўдальных прысудаў — 0,2%, таму на такі я і не разьлічвала, і не чакала, — тлумачыла Золатава. — Мяне пацешыла, што прысуд аказаўся больш мяккім, чым прасіла пракурорка».
Што яшчэ напісала Людміла Гладкая пра «справу БелТА»:
Уся справа — «паўгадовая піяр-акцыя» ААТ «Тут бай мэдыя».
Справа «настолькі звычайная і сумная, што на яе ніхто больш не зьвярнуў бы ўвагі, каб не актыўнасьць у сеціве самаго парталу і ягоных «заўзятараў».
Пасьля пачатку на судзе стала менш журналістаў, засталіся «ў асноўным тутбаеўцы».
«На самой справе, дзяржаўныя СМІ дазволілі сабе няшмат: усяго некалькі калёнак, каб ня даць чытачу празь бясконцую плынь аднабокай інфармацыі, а нярэдка і адкрытай хлусьні згубіць сутнасьць таго, за што ж, уласна, судзяць Золатаву».
Тыя, хто казаў пра міжнародную ўвагу да справы, «як замбаваныя талдычылі, быццам ад гэтага працэсу будзе толькі горш».
Паўтарыла заяву старшыні Вярхоўнага суду аб тым, што нібы «ўвага да працэсу Золатавай — гэта ціск на суд».